“Злачынства і пакаранне” літвіна

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

12 лютага 1760 года на кватэру да Міхала Валадковіча прыбег запыханы манах-кармеліт. Выпадковым чынам, праз таямніцу споведзі віцебскага дэпутата Францішка Жабы, ён даведаўся пра жудасныя рэчы. Аказалася, што лёс Валадковіча ўжо вырашаны. Суддзі, на чале якіх стаў віцэ-маршалак Трыбунала Міхал Марыконе, ужо вынеслі смяротны прысуд, і цяпер яго засталося толькі фармальна аформіць запісам у адпаведныя кнігі ды абвясціць ахвяры.

Прысуд абвешчаны

Вядома, хаваць такую таямніцу кармеліт палічыў немагчымым. Ды і мець потым непрыемнасці ад Радзівілаў з-за таго, што не зрабіў спробу выратаваць радзівілаўскага кліента ад смяротнай небяспекі, яму, відаць, таксама не вельмі хацелася.

Калі Валадковіч і захістаўся на хвіліну, абіраючы адказ на пытанне “жыць або не жыць”, то выгляду не падаў. А ягоны сябра Сільвестровіч — такі ж зух, чыя справа павінна была ў той дзень разглядацца ў Трыбунале — сваімі кпінамі ды намовамі пераканаў падскарбія не звяртаць увагі на пагрозу.

Усю дарогу да ратушы (а гэта ўжо трэцяя лакацыя правядзення паседжанняў, якую можна сустрэць у апісаннях тых падзей) кармеліт спрабаваў спыніць Валадковіча і яго сяброў ды намовіць іх з’ехаць з Менску. Усё было дарэмна. Міхал з кожным крокам усё больш распаляўся, накручваючы пыху на свой магутны кулак.

Ужо на сходах кармеліт кінуўся ў ногі Валадковічу, але той толькі пераступіў праз яго распасцёртае цела і ўвайшоў у памяшканне, дзе засядалі суддзі. Усе позіркі ў момант былі скіраваныя на яго. Длускі, які са сваёй падрапанай рукой быў галоўным пацярпелым у справе, як быццам толькі і чакаў сігналу. Ён запатрабаваў у суда адпаведнага пакарання за крымінальны ўчынак Валадковіча. Марыконе зачытаў загадзя падрыхтаваны “маніфэст”, які меў больш за 15 пунтаў абвінавачвання, а напрыканцы абвясціў прысуд — “расстрэл”.

Агаломшаны Валадковіч толькі тады зразумеў, што “справы дрэнь”, калі пісар унёс запіс ў кнігу. Кінуўся выдзіраць той аркуш, але яго спынілі. Кінуўся да акна ратаваць жыццё, але добры сябра, ковенскі дэпутат Марцін Чарневіч, баючыся, што Міхал разаб’ецца, скокнуўшы з другога паверха, перакрыў яму шлях. Калі Валадковіч вырашыў шабляй пракласці сабе дарогу да волі, іншы сябра і сваяк — хутчэй за ўсё, гэта быў смаленскі дэпутат Бернард Швыкоўскі — сарваў яе разам з похвай з пояса Валадковіча. Як пісаў гісторык Матушэвіч, за гэта Швыкоўскі ад Чартарыйскіх пазней атрымаў нейкі падарунак.

Па сігнале ў залу ўварвалася трыбунальская ахова і скруціла падскарбія. Закаваўшы яго ў абцугі, Валадковіча пад узмоцненай аховай адвялі на гаўптвахту, дзе ён быў прыкуты да мура за пояс.

Сябры Міхала, якіх у Менску на той момант было занадта мала, каб вырваць яго “з рук Феміды”, з жахам назіралі за імклівым разгортваннем падзей. Яшчэ гадзіну таму Валадковіч быў шанаваным шляхціцам, а цяпер за яго жыццё ніхто ўжо не дасць і ламанага літоўскага гроша.

Нават седзячы на ланцугу, Валадковіч не мог дапусціць, што жыць яму засталося некалькі гадзін. Але суддзі вырашылі не марудзіць, бо падмога арыштанту магла з’явіцца ў любы момант, і тады на месцы Валадковіча, толькі ўжо без усялякіх юрыдычных фармальнасцяў, аказаўся б увесь хаўрус трыбунальскіх дэпутатаў-змоўшчыкаў. Таму, аддаўшы загад афіцэру прывесці прысуд у выкананне апоўначы з 12 на 13 лютага, усе яны збеглі з Менску.

Як і ў выпадку з месцам здарэння, так няма і пэўнасці з месцам, дзе завершылася гісторыя кароткага жыцця Міхала Валадковіча, не адзначанага ніякімі подзвігамі, акрамя крымінальных. Або на гаўптвахце ў ратушы, або, як пісаў дамініканін Багінскі, у “кардэгардзе Старога замку” (пазней, у ХІХ стагоддзі, гэты будынак называўся “дом Чаўгакова”).

Калі верыць літаратурным версіям (і дыярыўшу Матушэвіча), то Міхала Валадковіча перад самым расстрэлам наведаў “ксёндз Аблачынскі” — той самы дамініканін Ваўжынец Аўлачынскі, які за год да тых падзей прадракаў піяку сумны лёс. І, нібыта, арыштант пасля доўгіх намоваў (бо да канца яшчэ не верыў, што гэта канец), спавядаўся яму. Але Багінскі, які спасылаецца на маніфест Юзафа Валадковіча, актыкаваны ў менскім гродскім судзе 30 сакавіка таго ж года, сведчыць, што расстраляны Міхал быў “без хрысціянскай дыспазіцыі”.

Неўзабаве, пасля расстрэлу, цела нябожчыка было пакладзена ў труну абабітую кармазынам, і перанесена ў лёхі бернардынскага касцёла, дабрадзеем якога, магчыма, быў род Валадковічаў. 13 сакавіка брат пакаранага смерцю Юзаф наведаў храм разам з судовым інстыгатарам. Акт агляду цела памерлага ўтрымлівае некаторыя важныя дэталі. “Раны незлічоныя праз стралянне з карабінаў нанесены, кулямі наскрозь прашыта, цела штыкамі паколата, вока левае з пісталета пры дабіцці выбіта”. Апошнія словы супадаюць з апісаннем расстрэлу ва “Успамінах квестара” Ігната Ходзькі. Афіцэр Краеўскі, які ім кіраваў, каб спыніць пакуты цяжкапараненага, дабіў Валадковіча стрэлам у вуха.

Дзікае паляванне “Пане Каханку”

У той час, калі Валадковічу агалошвалі прысуд, па заснежанай Літве-Беларусі з боку Белай (Падляшша) самым кароткім шляхам неслася ў Менск харугва Караля Радзівіла. “Пане Каханку” дачуўся, што сябру пагражае сур’ёзная небяспека і спяшаўся на дапамогу. Але не паспеў. Цяжкая навіна заспела яго на менскім прадмесці праз суткі пасля расстрэлу. Першая і адзіная думка — люта адпомсціць і суддзям, і самому здрадніцкаму гораду  — была суцішаная лістом бацькі — Міхала Радзівіла, напісаным 13 лютага ў Нясвіжы, дзе ўжо ведалі пра расстрэл і немагчымасць нешта змяніць. Памяркоўны “Рыбанька” прасіў сына не ўмешвацца ў справу справядліва асуджанага Валадковіча і запрашаў прыехаць наступным днём у Нясвіж.

Гэта быў цвярозы крок з боку віленскага ваяводы. Бо Чартарыскія так спрытна згусцілі хмары над домам Радзівілаў, што любы неабачлівы крок мог прывесці да выбуху “міны”, падведзенай пад падмуркі нясвіжскага замка. Гэтага кроку чакалі, баяліся або прагнулі. Таму “Рыбанька” не даў разгуляцца сыну і сваякам Валадковіча, якім патрэбна была кроў ворагаў. Ён спярша ўхваліў пакаранне, назваўшы яго адпаведным. А потым, згартаваўшы ўсе сілы ў кулак і добра вывучыўшы акалічнасці судовага працэсу, пайшоў у контрнаступ, апелюючы да заканадаўства краіны.

Аказалася, што працэс Валадковіча меў шматлікія і вельмі грубыя парушэнні. Як піша беларускі гісторык Андрэй Мацук, які адмыслова даследаваў гэтае пытанне, іх было як найменей чатыры. У прыватнасці, Валадковіч перад прысудам не быў пазбаўлены недатыкальнасці, якую меў дэпутат Трыбунала.

Неўзабаве супраць Марыконе выступілі з маніфестам сем суддзяў з Янам Цэханавецкім на чале. Маніфест патрапіў на каралеўскі двор, дзе быў падтрыманы бальшынёй магнатаў. 8 сакавіка Юзаф Валадковіч выказаў прэтэнзію трыбунальскаму маршалку Міхалу Ксаверу Сапегу, што ягонаму брату не быў прадастаўлены адвакат. Было яшчэ шмат рознага кшталту заўвагаў, якія толькі падмацоўвалі тэзу незаконнага прысуду, пераводзячы яго ў плашчыню палітычнай расправы.

Кампанія 1760 года завершылася нічым. Валадковіча не вярнулі да жыцця, вінаватыя ў ягоным забойстве не панеслі пакарання. Затое Радзівілы змаглі выправіць сваё складанае становішча. Спроба загнаць іх у кут і скарыстаць якія-небудзь неабачлівыя крокі (напрыклад, спаленне Менску, на якое быў гатовы Пане Каханку, ці гвалтоўную расправу з удзельнікамі змовы), каб абрынуць на іх гнеў караля, не ўдалася. На шчасце, не распачалося і паўнацэннай грамадзянскай вайны.

Праўда, Міхалу Марыконе давялося на нейкі час “выйсці з гульні”. У 1761 годзе “валадковічаўская” партыя пачала на яго сапраўднае паляванне. Таму зразумеўшы, што ў ВКЛ яму не жыць, ён цудам прабіўся ў Курляндыю, а адтуль праз Прусію ў Польшчу. У Варшаве Марыконе звярнуўся да караля, просячы дапамогі, і Аўгуст ІІІ пайшоў насустрач. Але лісты, адрасаваныя Радзівілу і іншым ураднікам ВКЛ, якія атрымаў Марыконе, ніякай бяспекі яму не гарантавалі. Таму вярнуцца ў Літву ён змог толькі вясной 1762 года.

У хуткім часе Чартарыскія ўсё ж свайго дабіліся. У 1762 годзе памёр Міхал-Казімір Радзівіл “Рыбанька”, і на месца галавы роду заступіў яго адзіны сын — “Пане Каханку”. У 1763 годзе памёр Аўгуст ІІІ, і Рэч Паспалітая Абедзвюх Нацыяў пагрузілася ў барацьбу кланаў, сярод якіх пераможцам
выйшла “Фамілія”. Новым каралём з дапамогай расійскіх штыкоў стаў кандыдат Кацярыны ІІ і Чартарыскіх — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. “Пане Каханку” вымушаны быў падацца на эміграцыю. Яго неабсяжныя валоданні падзялілі Чартарыскія і іх каманда.

Сёння можна толькі гадаць на кафейнай гушчы, у якім накірунку пайшла б гісторыя ВКЛ, калі б Радзівілам удалося ў той час істотна падарваць сілы Чартарыскіх.

Памяткі пра Валадковіча

Як выглядаў Міхал Валадковіч, невядома. Хаця правесці ўмоўную рэканструкцыю па літаратурных апісаннях, а таксама разглядаючы партрэты ягоных продкаў у рыцарскіх латах, якія змясціў у сваім шматтомніку знакаміты польскі даследчык Роман Афтаназы, ніхто мастакам не замінае.

Але, яшчэ зусім недаўна, нейкіх 170 гадоў таму, партрэт Валадковіча захоўваўся ў бернардынскім касцёле. У апісаннях збораў жывапісу віленскага музея братоў Тышкевічаў таксама маецца згадка пра партрэт “расстралянага ў Менску Валадковіча”. Была гэта яшчэ адна выява ці копія, ці нават той самы “бернардынскі” партрэт, які патрапіў у збор Тышкевічаў, улічваючы культавасць асобы, сказаць пакуль немагчыма. Тэарэтычна, можна прасачыць лёс партрэта, ці нават знайсці яго.

У пошуках пахавання Міхала Валадковіча я наведаў Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва, які месціцца ў будынку былога касцёла. Яго супрацоўнікі ласкава правялі мне невялічкую экскурсію. На вялікі жаль, пошукі вынікаў не далі. Лёхі касцёла ў наш час былі часткова засыпаны пяском, часткова перабудаваны ў ходзе пасляваеннай рэканструкцыі, і патрапіць у іх немагчыма. Хацелася б верыць, што недзе там, пад пяском, тояцца труны фундатараў касцёла, у тым ліку і з роду Валадковічаў.

Зміцер ЮРКЕВІЧ, гісторык-архівіст

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар