Міхаіл Касцюк быў датычны да арганізацыі навуковых даследаванняў у розных якасцях. У 1988 — 1999 гадах ён займаў пасаду дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі. За гэты адрэзак часу былі актыўна падлучаныя механізмы народнай дыпламатыі, наладжаны кантакты з падобнымі навуковымі ўстановамі іншых краін.
Але самая галоўная заслуга дырэктара заключаецца ў тым, што інстытут удала перабудаваўся ў адпаведнасці з новымі рэаліямі. Палепшылася ў колькасных і якасных адносінах друкаваная прадукцыя, у якой усё часцей сталі прасочвацца зняцце праблемных комплексаў і канцэптуальныя прарывы. Пры падрыхтоўцы фундаментальных прац дырэктар інстытута часта выступаў і як адзін з галоўных аўтараў, і як рэдактар. У якасці прыкладу можна назваць “Нарысы гісторыі Беларусі”.
У наступны перыяд, калі навуковец узначальваў адзін з аддзелаў інстытута, былі падрыхтаваны такія фундаментальныя працы, як шасцітомная “Гісторыя Беларусі”, “Беларусы ў Сібіры”, “Гісторыя Мінска”, “Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах 1946 — 2006 гг. ” ды многія іншыя.
Міхаіл Касцюк пастаянна прапагандаваў гістарычныя веды ў электронных і друкаваных СМІ. Ён пастаянна ўдзельнічаў у стварэнні дакументальных тэлефільмаў па гісторыі Беларусі, якія выходзілі на цэнтральных каналах.
Сёння можна адназначна сцвярджаць, што выбітны навукоўца здолеў сфарміраваць уласную школу. У яе ўваходзяць 2 дактары і 19 кандыдатаў гістарычных навук, а таксама аспіранты. Хочацца верыць, яны працягнуць шлях выбітнага вучонага, уладальніка медаля Францыска Скарыны.
А мы, калегі, будзем заўсёды захоўваць пра яго светлую памяць.
Міхаіл СТРАЛЕЦ,
доктар гістарычных навук, прафесар