Хрышчэнская вада для чытачоў

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Студзеньскія дні асвечаны светлай памяццю Уладзіміра Мулявіна, Уладзіміра Высоцкага. І не толькі. Утульныя старасвецкія сцены Стара-Васілішкаўскага касцёла памятаюць голас юнака па прозвішчы Выджыцкі, якога ўвесь свет праз нейкі час пачне называць Чэслаў Немэн… Для мяне асабіста рок-музыка канца 1970-х пачыналася менавіта з меладычных польскіх балад, насычаных філіграннымі пройгрышамі. І першым у гэтай магічнай прасторы быў менавіта ўзнёслы Чэсь у нязменным капелюшы.

/i/content/pi/cult/730/15877/15.jpgЗагадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Барэль напісала ў рэдакцыю, што 20 студзеня ў касцёле Святых Пятра і Паўла вёскі Старыя Васілішкі адбыўся вечар-успамін, прымеркаваны да 15-годдзя з дня смерці выбітнага музыканта, спевака і кампазітара. На святой імшы з удзелам выхаванцаў Васілішкаўскай нядзельнай школы госці памаліліся за знакамітага музыканта. А пасля выступіў народны ансамбль духоўных спеваў Шчучынскага цэнтра культуры. Напрыканцы мерапрыемства загадчык Стара-Васілішкаўскага клуба-музея Уладзімір Сянюта запрасіў гасцей на экскурсію па родным доме Немэна.

27 студзеня этнаграфічны клуб “Кола” Маладзечанскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы адсвяткаваў трэці дзень нараджэння. Прэзентаваліся батлейка, танцы пры музычнай падтрымцы Насты Шпілеўскай і Міколы Кашкана, а таксама — спевы гурта “Мярэжа”. Уваход быў вольны! І народу сабралася — у адпаведнасці. Што і казаць, традыцыйныя танцы перажываюць цяпер чарговую хвалю народнага ўдзыму. “Кола” выкарыстоўвае гэтую цікаўнасць вельмі прафесійна. Удзельнікі аматарскага аб’яднання вывучаюць і папулярызуюць беларускую культуру канца XIX — пачатку XX стагоддзяў у межах Павілля: сучасных Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў. Этнаграфічны клуб займаецца рэканструкцыяй народных строяў, вывучэннем рэгіянальных традыцыйных танцаў і спеваў, правядзеннем святаў і абрадаў, арганізацыяй майстар-класаў па народных рамёствах. Удзельнікі аб’яднання ладзяць танцавальныя вечарыны і тэматычныя летнікі. Да прыкладу, 1 лютага на “Застольным Спеўным сходзе” выступіў сталічны фольк-гурт “Рада”. Напісала нам пра гэта Надзея Станкевіч.

Спрактыкаваны работнік культуры не толькі радасць множыць, але і ад смутку ўратавацца дапамагае. Вось пра што, да прыкладу, распавяла загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская: “24 студзеня ў нашым аддзеле напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту для вучняў 9 класа сярэдняй школы № 1 Ашмянаў праведзены ўрок памяці. Шэсць мільёнаў яўрэяў расстраляны, знішчаны ў газавых камерах, спалены ў печах крэматорыяў. Ці можна на гэта забыцца?! Таму галоўнай мэтай мерапрыемства стала ўсведамленне, якія пагрозы сучаснаму свету нясуць войны. Распавялі бібліятэкары і пра зверствы фашыстаў на ашмянскай зямлі, пра помнікі, якія сведчаць пра масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі раёна”.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Бабруйска і Палац мастацтваў горада запрасілі сяброў і гасцей на пяцігоддзе інклюзіўнага кірмашу талентаў “Пад сузор’ем дабрыні”. Сумесная акцыя хутка прыжылася і стала традыцыйнай. Загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Наталля Чорная распавяла, што праект прадэманстраваў унікальнае спалучэнне выканаўчага досведу людзей з абмежаванымі магчымасцямі і натхнёнай творчасці тых, хто жадае зрабіць жыццё першых больш яскравым і паўнацэнным. Усё пачалося ў 2013 годзе, калі ў дзвюх міжведамасных установах нарадзілася ідэя ладзіць сумесныя канцэрты. З таго моманту ўдзельнікаў і арганізатараў акцыі аб’ядноўвае вера ў тое, што вучыцца, жыць і працаваць разам — не толькі творчая асалода, але і гарантыя пастаяннай самарэалізацыі.

Галоўны бібліятэкар па інфармацыйна-бібліяграфічнай рабоце Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Вольга Гулеўская паведамляе, што 26 студзеня ў рамках Года малой радзімы Скідзельская гарадская бібліятэка сямейнага чытання арганізавала сустрэчу з мясцовай пісьменніцай Зояй Праўко. На імпрэзу прыйшлі настаўнікі і лепшыя вучні скідзельскіх школ. Выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў падарылі пісьменніцы свае малюнкі, вакальны жаночы гурт “Правінцыя” са Скідзельскага цэнтра моладзі — спевы, а бібліятэка ўручыла грамату.

Навіна з Дзяржынска. У ГДК на чарговую штомесячную сустрэчу сабраліся ўдзельнікі творчага клуба інтэлігенцыі. Ужо больш за дваццаць гадоў ён гуртуе пенсіянераў раёна для таго, каб сустрэцца з цікавымі людзьмі (паэтамі, музыкантамі, ветэранамі), наведаць музей, тэатр, патанцаваць, проста падлячыцца салодкімі ўспамінамі… Гэтым разам да старэйшых таварышаў прыйшлі юныя акцёры Школы акцёрскага майстэрства. Правялі трэнінгі, пагаварылі пра любімыя спектаклі, наведалі Дзяржынскі краязнаўчы музей.

Напісала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка. 24 студзеня ўстанова арганізавала гутарку са святаром “Усяму пачатак тут, у краі родным”. Тэма была абраная канкрэтная — “Хрышчэнне Гасподняе”. Бібліятэкары Наталля Бадзяка і Лаўра Кунюціце распавялі пра гісторыю свята, пра звычаі, прыкметы і традыцыі, звязаныя са святой вадой. Айцец Уладзімір павіншаваў усіх з Вадохрышчам.

Вельмі вялікі матэрыял даслала Алена Міхальчанка — загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі Чавускай бібліятэчнай сеткі. Сутнасць артыкула ў тым, што бібліятэка — тэрыторыя неабмежаваных магчымасцяў. Хутчэй за ўсё артыкул рыхтаваўся да нейкай прэзентацыі і носіць характар вельмі дэталізаванай справаздачы. Даю інфармацыю ў значным скарачэнні. Праграмна-мэтавае планаванне дзейнасці бібліятэк раёна цягам апошніх гадоў даказала сваю эфектыўнасць. Сёння пры сетцы дзейнічаюць 20 клубных фарміраванняў. Яны рэалізуюць работу па дзевяці праграмах і трох праектах. Адзін з іх — “Духоўнасць. Маральнасць. Кніга”. Тут прыярытэт — замацаваны за цэнтральнай установай. Дзіцячая бібліятэка займаецца сацыякультурнай рэабілітацыяй дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. А сельская бібліятэка аграгарадка Каменка вядзе рэй у патрыятычным выхаванні. Радамльская сельская бібліятэка працуе па мэтавай праграме “Пазнай свой край”.

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе абласная выстава-конкурс майстар-класаў “Ой, праду, праду кудзеліцу…” Тут прэзентуюцца творы арнаментальнага вязання (рукавіцы, шкарпэткі, шапкі, шалікі, безрукаўкі, сувеніры), ажурнага вязання (сурвэткі, абрусы), рэплікі артэфактаў старадаўніх тэхнік вязання, творы валюшнага рамяства, дызайнерскія рэчы… Пра гэта распавяла вядучы метадыст згаданай установы Ала Лялькіна.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працуе выстава разьбяра Аляксандра Свірыда. Яна называецца “Дрэва жыцця майго”. У экспазіцыі — каля 30 работ майстра. Гэта варыяцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметы інтэр’еру, сталы, посуд, нават гадзіннік з падсвечнікам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"