Гераізм без бравурнай рыторыкі

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Апагеем святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, натуральна, стане 3 ліпеня. Але многія нашы гарады адзначылі гэты юбілей куды раней. Яшчэ 23 верасня 1943 года падчас фарсіравання Дняпра савецкія авангарды ўвайшлі ў першы населены пункт БССР — пасёлак Камарын (цяпер у Брагінскім раёне). А да лютага наступнага 1944 года была вызваленая пятая частка тэрыторыі сённяшняй Беларусі з двума тагачаснымі абласнымі цэнтрамі — Гомелем і Мазыром. Дарэчы, у баях на подступах да апошняга быў цяжка паранены і знакаміты сёння мастак Леанід Шчамялёў. Пра першы этап вызвалення нашага краю, які папярэднічаў знакамітай аперацыі “Баграціён”, распавядае выстава ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Як патлумачыла загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Святлана Прыбыш, яе назва — “Мы ідзём да цябе, Беларусь” — узятая з перадавіцы франтавой газеты “За Радзіму”, якая распаўсюджвалася сярод байцоў увосень 1943 года.

/i/content/pi/cult/727/15830/18.JPGВобраз вызваліцеля

У першай частцы экспазіцыі ўвагу адразу прыцягвае карціна падзабытага беларускага мастака Яўгена Красоўскага “Салют паўшаму герою”. Твор гэты адметны хаця б па адной прычыне: напісаны ён быў непасрэдна падчас вайны, у 1942 годзе, калі аўтар актыўна супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”. А побач — яшчэ больш кранальныя мастацкія сведчанні таго часу: замалёўкі, якія рабіліся непасрэдна на фронце. Гэта побытавыя сюжэты і партрэты баявых сяброў-аднапалчанаў.

Але цэнтральнае месца ў гэтай частцы экспазіцыі займае карціна “Салдат” украінскага мастака-баталіста Віктара Палтаўца, якая паказвае стомленага баямі савецкага воіна ў шынялі. Побач змешчаны верш Пімена Панчанкі 1943 года — “Байцу, які першы ступіў на беларускую зямлю”: “Не знаю, хто ты — баявы уралец // Ці дужы, каранасты сібірак…”

Зрэшты, такім салдатам цалкам мог стаць і беларус. Напрыклад, разведчык Уладзімір Рабцэвіч, які перад вайной скончыў дзевяць класаў школы ў Мінску, пайшоў на фронт і загінуў пад Лёзна. Бадай, вось і ўсе звесткі пра яго — не захавалася нават фотаздымка! Ёсць толькі пару асабістых рэчаў — хустка і членскі білет Асавіяхіма. Яны пасля вайны былі перададзеныя ў музей школьнай сяброўкай байца Неанілай Гулуевай, якая і сама ў 16 гадоў стала ўдзельніцай мінскага падполля. Такім чынам, сама гісторыя некаторых экспанатаў выставы яшчэ глыбей раскрывае велічнасць подзвігу і ўзаемасувязь паміж воінамі і мірнымі жыхарамі Беларусі, якія разам прыкладалі свае высілкі для вызвалення краіны.

Размешчаныя ў вітрынах музейныя прадметы дапамагаюць раскрыць асноўны для ўсёй выставы вобраз — салдата-вызваліцеля. Тут можна ўбачыць шынель, боты, рэчавы мяшок, каску і біклагу, а таксама пісталеты-кулямёты Шпагіна і Судаева — усё, чым былі экіпіраваныя і ўзброеныя тыя байцы, якія ўвосень 1943 года першымі ступілі на беларускую зямлю.

Тут жа — санітарная сумка і медыцынскія інструменты медсястры. Асобная ўвага надаецца постаці жанчыны як актыўнай удзельніцы ваенных падзей — і гэта адно з найбольш удалых рашэнняў, рэалізаваных у экспазіцыі. Адна з гэтых постацяў — старшы сяржант медыцынскай службы Зінаіда Самсонава, якая загінула пад Даманавічамі напрыканцы студзеня 1944 года і пахаваная ў пасёлку Азарычы. Тая самая “Зінка”, якой яе аднапалчанка, знакамітая ў будучым руская паэтка Юлія Друніна прысвяціла такія радкі:

Зинка нас повела в атаку.

Мы пробились по черной ржи,

По воронкам и буеракам

Через смертные рубежи.

А вось жаночыя боцікі, якія знаходзяцца побач з грубым шынялём, служылі адмысловай патрэбе. Старшаму сяржанту медыцынскай службы Марыі Пішчугінай іх выдавалі адмыслова для выступаў у канцэртах франтавой самадзейнасці перад параненымі ў шпіталях.

З розных народаў

Прадстаўлены ў экспазіцыі і цэлы шэраг асабістых рэчаў памочніка начальніка штаба палка 16-й літоўскай дывізіі А. К. Кузуба — былога супрацоўніка музея. Сярод іх бадай найбольш незвычайным падаецца руска-літоўскі размоўнік, які афіцэр складаў падчас вызвалення Літвы ў 1944 годзе. Гэты экспанат адсылае гледача да цікавай тэмы міжнацыянальных стасункаў — як унутры самой Чырвонай арміі, так і паміж байцамі і насельніцтвам яшчэ нядаўна акупаваных тэрыторый.

/i/content/pi/cult/727/15830/19.JPGУ тых падраздзяленнях, якія вызвалялі Беларусь, служылі прадстаўнікі самых розных народаў. Напрыклад, у згаданай 16-й дывізіі, якая мела назву літоўскай, літоўцамі насамрэч былі крыху больш за траціну салдат, каля траціны складалі рускія і яшчэ траціну — яўрэі. Невядома, ці Кузуб складаў свой размоўнік паводле гутарак з аднапалчанамі або цывільным насельніцтвам. Але, натуральна, базавае веданне літоўскай мовы дапамагло яму ў зносінах з жыхарамі вызваленай Прыбалтыкі.

Яшчэ адзін сімвал, які падкрэслівае ролю розных нацыянальнасцяў у вызваленні Беларусі — змешчаны ў асобнай вітрыне дыван з вытканым партрэтам Героя Савецкага Саюза туркмена Араза Анаева, які перадаў музею ў 1979 годзе ягоны пляменнік. Гэты гвардыі старшына загінуў у кастрычніку 1943-га падчас гарачых баёў на камарынскім плацдарме. Сёння яго імем названая вуліца ў Мінску.

Рэчы і лёсы

На выставе ёсць папраўдзе ўнікальныя артэфакты — напрыклад, пашкоджаная асколкам фотакартка нампаліта 31-й гвардзейскай Віцебскай стралковай дывізіі У. Дзіброва. Ад смерці афіцэра выратаваў ордэн, у які і патрапіў асколак.

Асабістыя рэчы ўдзельнікаў вызвалення Беларусі перадавалі ў музей не толькі самі франтавікі альбо іх родныя ці блізкія. Часам такія каштоўныя прадметы адшукваліся выпадкова. Так, у экспазіцыі прадстаўлены пісталет, ордэн “Чырвоная Зорка” і нагрудны знак “Гвардыя”, знойдзеныя ў 1959 годзе ў Аршанскім раёне пры здабычы торфу. Гэтыя рэчы належалі лётчыку-знішчальніку П.П. Касарыкаву і чырвонаармейцу С.І. Карунскаму. Побач можна пабачыць гадзіннік, які быў выпадкова знойдзены школьнікам проста на вуліцы ў Оршы ў 1974 годзе. Пасля таго, як пра знаходку напісала тагачасная прэса, адгукнуўся і яго ўладальнік — былы вайсковы аўтамеханік А.М. Мачульскі.

Гісторыя гэтых экспанатаў нагадвае, што хаця пасля вайны мінула ўжо шмат гадоў, але і сёння зямля Беларусі працягвае хаваць нямала яе слядоў, здатных распавесці нам пра людзей, якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашай краіны.

Кампазіцыйным цэнтрам усёй выставы з’яўляецца мастацкая інсталяцыя мастака Віктара Чуглазава “Дом беларуса”, што сімвалічна паказвае сялянскую хату, за якую і змагаліся савецкія воіны. Побач змешчаныя здымкі, зробленыя ў вызваленых гарадах і вёсках — сляды ваенных разбурэнняў, зверствы нацыстаў, сустрэча людзьмі салдат Чырвонай арміі…

Тут жа можна ўбачыць карціну Аляксея Панцюка-Жукоўскага “Салдатка”, напісаную ўжо ў 1990-я гады: старая, якая, гледзячы ў акно, перачытвае франтавыя лісты мужа, што не вярнуўся дадому. Ды і самі сюжэты і назвы іншых мастацкіх твораў (“Па дарозе вайны”, “Апошні снарад” і гэтак далей) адлюстроўваюць пераважна цяжкасці і нягоды вайны, такім чынам яшчэ больш падкрэсліваючы героіку вызвалення.

Варта адзначыць, што яе выяўленне на выставе дасягаецца ў немалой ступені праз падкрэсліванне тых стратаў і нягодаў, якія зведала краіна ў гады вайны. Такое вырашэнне экспазіцыі спрыяе большаму пагружэнню гледача ў тагачасныя рэаліі і ўсведамленню розных бакоў ваеннай рэчаіснасці — у тым ліку і тых, якія на працягу доўгіх гадоў прыглушаліся бравурнай рыторыкай.

Заўважнае месца на выставе займаюць прыватныя лісты — яны раскрываюць рэаліі тых дзён. Тут можна пабачыць не толькі знакамітыя “трохкутнікі”, але і допісы, якія дасылалі салдатам на фронт іх родныя і блізкія. Лёс жыхароў нашага края раскрыты на прыкладзе сям’і капітана Івана Яфрэмава. Ён нарадзіўся на Гарадоччыне, пайшоў у войска яшчэ ў 1939 годзе і з таго часу не бываў на радзіме. Калі пачалося вызваленне Беларусі, Яфрэмаў стаў атрымліваць лісты ад родных. Высветлілася, што з усёй яго сям’і ацалеў толькі малодшы брат. А бацькі і два іншыя браты загінулі: хто ад тыфу, хто ад ранаў падчас баёў, хто ад нямецкіх мінаў.

Да безумоўных плюсаў выставы варта аднесці паказ ваеннай рэчаіснасці праз лёсы канкрэтных удзельнікаў вызвалення Беларусі, а таксама акцэнт на гуманістычных каштоўнасцях, дасягнуты праз адлюстраванне не толькі подзвігаў савецкіх воінаў-вызваліцеляў, але і трагедыі мірнага насельніцтва. Застаецца спадзявацца, што падобны падыход стане асновай і іншых выстаў, якія будуць ладзіцца музеямі Беларусі да гадавіны вызвалення краіны.

“Ідзі, баец, ідзі, наш сокал ясны, Цябе чакаюць Мінск і Беласток!” — такім заклікам завяршаў Пімен Панчанка свой верш, які лёг у аснову экспазіцыі. Але да поўнага вызвалення Беларусі тады было яшчэ далёка. У лютым 1944-га наступ Чырвонай арміі спыніўся, аднавіўшыся толькі напрыканцы чэрвеня.

Пра гэта распавядзе чарговая выстава ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаная аперацыі “Баграціён”. Адначасова пачне дзейнічаць і яшчэ адзін выставачны праект — перасоўны. Ён размесціцца ў прычэпе цягача МАЗ, які музей атрымаў у
падарунак ад Кітайскай Народнай Рэспублікі.