Свята для народа

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

У ліку лаўрэатаў Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — старшыня Ганцавіцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Наталля КАНДРАТОВІЧ. Яе адзначылі за правядзенне ў 2018 годзе цыкла канцэртаў рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі “Мы — разам!”, прымеркаваных да Года малой радзімы.

/i/content/pi/cult/727/15818/opt.jpeg— У Ганцавічах мяне працягваюць віншаваць! — кажа Наталля Леанідаўна. — Вельмі радая, што менавіта імя нашага раёна прагучала на такой сцэне — для нас гэта вялікі гонар. Калі мы толькі пачыналі ладзіць акцыю “Мы — разам!” у 2015 годзе, нават і не думалі пра ўзнагароду. Галоўным ініцыятарам выступіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, наш раённы выканаўчы камітэт і першасныя прафсаюзныя арганізацыі. Нам вельмі хацелася аб’яднаць усіх простых таленавітых людзей, каб стварыць для іх сапраўднае свята. І ў нас гэта атрымалася! За чатыры гады нам удалося правесці 180 імпрэзаў, удзел у якіх агулам узялі каля тысячы артыстаў з раёна! Хоць яны часам і не ведалі, як дакладна трымаць сябе на сцэне, але ж змаглі рэалізаваць свае добрыя амбіцыі.

Канешне, удзельнікаў нашай акцыі падтрымлівалі і зоркі беларускай эстрады — Эдуард Ханок, Ірына Дарафеева, Вольга Плотнікава, Тэа, якія наведалі самыя далёкія закуткі раёна. Так, летась мы скончылі акцыю ў аграгарадку Хатынічы, дзе жыве ўсяго каля 2000 чалавек. І калі туды завіталі вядомыя артысты, гэта было свята для народа, людзі прыязджалі туды адусюль, каб паглядзець вялікі канцэрт! Акцыя “Мы — разам!” аб’ядноўвае не толькі прадстаўнікоў розных прафесій, але і рознага ўзросту. На сцэне выступалі нават цэлыя працоўныя дынастыі трактарыстаў, ткачых, урачоў, педагогаў — гэта проста ўражвае.

Акцыю абавязкова трэба прасоўваць далей, каб яна стала больш маштабнай. Мы штогод прапаноўваем ідэі далейшага яе развіцця. Я вельмі спадзяюся, што ў гэтым годзе акцыя працягнецца, бо людзі заўсёды з задавальненнем чакаюць яе. Напэўна таму яна ў нас і прыжылася.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"