Light up, Belarus! Запальвай, Даніэль!

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Пасля васьмігадовага перапынку дзіцячае “Еўрабачанне” зноў вярнулася ў Мінск! Дэлегацыі з 20 краін свету з’ехаліся ў Беларусь, каб разам 25 лістапада “запаліць” самую вялікую ў нашай краіне канцэртную пляцоўку — згодна з сёлетнім дэвізам конкурсу, які гучыць лаканічна: Light up! У ліку тых, хто — і сёлетні прадстаўнік Беларусі Даніэль Ястрэмскі.

/i/content/pi/cult/719/15688/17.jpgПадчас еўратыдню, які папярэднічаў галоўнай імпрэзе, удзельнікаў конкурсу чакала актыўная культурная праграма. Юныя спевакі з розных краін пазнаёміліся паміж сабою і з нашым горадам.

— Я ўжо пасябраваў са многімі сёлетнімі канкурсантамі, асабліва з Раксанай з Польшчы і Тэйларам з Ірландыі, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Даніэль. — Хацелася б, канешне, мець на стасункі з імі больш часу, але графік у нас вельмі напружаны.

Таксама ўдзельнікі конкурсу наведалі Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы. І такі выбар быў невыпадковы. Яшчэ летась сярод музеяў і іншых падобных устаноў Мінска праводзіўся спецыяльны конкурс, дзе яны спаборнічалі адносна магчымасці прымаць у сябе іншаземных гасцей. Прапанаваўшы праграму “Вячоркі”, музей Купалы атрымаў перамогу. І ў гэты чацвер “фірмовая” імпрэза была зладжана для дэлегацый “Еўрабачання”. Спецыяльная экскурсія, створаная для канкурсантаў, уключала беларускія народныя песні і танцы, 3D-экспазіцыю, майстар-класы па вырабе лялек і нават прыемныя падарункі.

— Прымаць удзельнікаў міжнароднага конкурсу для нас — вялікі гонар, — кажа загадчыца аддзела музея Вольга Пархімовіч. — Але ж хвалявання няма, бо наша ўстанова цалкам адпавядае еўрапейскаму ўзроўню! Экспазіцыя музея не толькі вельмі сучасная, але і насычаная рознымі інтэрактыўнымі цікавосткамі. Спадзяемся, пасля яе ў дзетак застануцца прыемныя ўражанні. Кожнаму мы дадзім магчымасць зрабіць ляльку-абярэг і забраць яе з сабой, а таксама пачастуем салодкім пернікам з сімваламі купальскага свята — колам і вянком. Няхай гэта прынясе ім поспех на конкурсе! І варта нагадаць, што ў Купалаўскім доме вельмі любілі прымаць гасцей, асабліва малечу.

Дарэчы, нешта ад беларускай сімволікі можна заўважыць і на лагатыпе конкурсу. Яго выяву дызайнеры вытлумачваюць як музычныя хвалі, але ж таксама яна нагадвае і васілёк, колер якога залежыць ад нацыянальных колераў кожнай краіны.

Эпіцэнтрам конкурсных падзей, як і ў 2010 годзе, стала “Мінск-Арэна”, дзе на працягу ўсяго еўратыдню працаваў прэс-цэнтр і праводзіліся рэпетыцыі. Сёлета галоўная пляцоўка конкурсу складаецца з дзвюх сцэн — вялікай і маленькай, і яны злучаны 7-метровым мостам. Зялёны пакой, дзе будуць чакаць на вердыкт удзельнікі конкурсу, створаны ў выглядзе вострава, які быццам лунае ў нябёсах.

/i/content/pi/cult/719/15688/2.JPGУвогуле, асвятленню гэтым разам была нададзеная асаблівая ўвага — балазе, сёлетнія дэвіз і канцэпцыя “Еўрабачання” патрабуе павышанай яркасці! Над сцэнаграфіяй працавала мастачка-пастаноўшчык генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі Галіна Гоманава, якая з’яўляецца часткай каманды “Еўрабачання” яшчэ з таго моманту, як наша краіна пачала ўдзельнічаць у конкурсе.

Лічаныя гадзіны засталіся да пачатку “Еўрабачання”, усе канкурсанты па чарзе хутка праганяюць свае нумары, таму часу на размовы з прэсай амаль няма. Тым не меней, беларускі ўдзельнік дзеліцца сваім настроем:

— Я хачу, каб кожны, хто будзе глядзець мой выступ, зразумеў, што я хачу да яго данесці, — кажа ён. — Ва ўсіх у нейкі перыяд жыцця з’яўляецца штосьці новае — і вось, для мяне гэта “Еўрабачанне”. Мы рабілі менавіта такую сцэнаграфію, каб яна адпавядала той гісторыі, што распавядаецца ў маёй песні.

Нагадаем, што галасаванне будзе праходзіць у два этапы: анлайн і непасрэдна падчас шоу. Анлайн-галасаванне распачалося 23 лістапада на афіцыйным сайце “Еўрабачання” і завяршыцца 25 лістапада перад пачаткам конкурсу. Другі этап будзе доўжыцца 15 хвілін у прамым эфіры пасля выступленняў канкурсантаў усіх 20 краін.

Беларускі ўдзельнік выйдзе на сцэну пад нумарам 8 — і спадзяемся, што ён стане для яго шчаслівым.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"