Каста недатыкальных? Не, яны таксама ратуюць свет!

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

Надзённыя пытанні, якія вырашаюць школы мастацтваў
Ведаю цудоўна, што пра нашу сістэму пачатковага эстэтычнага выхавання і адукацыі пішам мы хоць, падаецца, і шмат, але іншым разам — апісальна, без належнай глыбіні аналізу і прагнозу развіцця. Магчыма, прафесійныя музыканты, харавікі, харэографы, мастакі застаюцца нібыта ў ценю з той прычыны, што ўсё ў іх нібы добра: і з заробкам, і з пераемнасцю. Словам, ніякіх падстаў для стрэсаў. Хіба баянаў якасных амаль не засталося ды фарбы з пэндзлямі — задужа дарагія. Але пытанні гэтыя — з ліку вырашальных. Так, праблема вакансіі сельскага бібліятэкара ці клубніка — куды больш хваравітая і непрадказальная ў плане якаснага вырашэння. Але сёння мы, усё ж, паглыбімся ў тэму развіцця дзіцячых школ мастацтваў. Мо атрымаецца паглядзець на іх цяперашні стан пад новым ракурсам?

/i/content/pi/cult/718/15682/15.jpgДа гаворкі мы запрасілі начальніка аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзею ЖУК; дырэктараў дзіцячых школ мастацтваў: Кобрына — Сяргея РЭБКАЎЦА; Жылічаў (Кіраўскі раён) — Кацярыну КІСЯЛЁВУ; Шуміліна — Руслана МАТВЕЙЧУКА, а таксама намесніка дырэктара па выхаваўча-навучальнай частцы Ашмянскай школы мастацтваў Таццяну ПЕЧКАР.

Калі грошы зарабляюць сумленна

Яўген Рагін: Калісьці патрапіў на справаздачны канцэрт цэнтральнай школы мастацтваў Кобрына — і не пашкадаваў тых гадзін, напоўненых якаснымі гукам і святлом, яскравымі выступленнямі шматлікіх калектываў і салістаў, якія лічаць беларускі фальклор асновай асноў.

Надзея Жук: Адзін узорны ансамбль песні і музыкі “Таўкачыкі” чаго варты! У калектыве — 60 чалавек, ёсць групы вакальная, інструментальная, харэаграфічная. Кіруе школай цудоўны спецыяліст і чалавек — Сяргей Рэбкавец. Сам ён харэограф па адукацыі, але пэўны час быў начальнікам гарадскога аддзела культуры. Так што — і творца, і гаспадарнік у адной асобе.

Я. Р.: І сапраўды, на нядаўна адрамантаванай сцэне школы панавала такая творчая разняволенасць, што аж зайздрасць брала. Я, Надзея Віктараўна, трошкі сцішуся з эмоцыямі і задам вось якое няпростае пытанне. Настаўнік ДШМ можа ўзяць на сябе паўтары стаўкі працоўнай нагрузкі. Ды яшчэ паўстаўкі яму з гатоўнасцю дадуць у якім-небудзь сельскім клубіку, дзе дасведчаны акампаніятар — на вагу золата. У настаўніцкіх калектывах такіх школ — заўжды шмат колішніх яе выхаванцаў, што не можа не ствараць атмасферу сяброўства, карпаратыўнай еднасці. Школа мастацтваў у межах аддзела культуры — дзяржава ў дзяржаве? Няўжо клубнікі з бібліятэкарамі не глядзяць на настаўнікаў з пэўным папрокам? Маўляў, вельмі гэта стрэсаўстойлівая каста недатыкальных, што жыве па сваіх законах.

Н. Ж.: Ніколі з гэтым не пагаджуся! Калектывы нашых дзіцячых школ мастацтваў (іх у раёне чатыры, плюс шэсць філіялаў) — заўжды навідавоку. На канцэртах выступаюць поруч і нароўні з іншымі работнікамі культуры. Усе гэта бачаць і ацэньваюць. Пра тое, што выкладчыкі школ мастацтваў падтрымліваюць СДК і СК у акампаніятарскай справе, вы самі сёння казалі. І ўвогуле, паспрабуйце папрацаваць на дзве стаўкі! Сумленна заробленыя грошы ніколі не даюцца лёгка.

Тое, што нашы выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў шчыльна супрацоўнічаюць і з бібліятэкарамі, паспрабую давесці з дапамогай вось якога прыкладу. На другім паверсе Палаца культуры ў нас ёсць выставачная зала, дзе экспануюцца жывапісныя работы нашых мастакоў. І фартэпіяна стаіць. Паспрабавалі мы неяк ладзіць там літаратурна-музычныя салоны. Атрымалася. Зразумела, што за літаратурны бок мерапрыемства адказваюць менавіта работнікі бібліятэк, а за музычны… Так што жывём мы па агульных законах шчырасці ды сяброўства. Ніякай каставасці!

Як справы ў баяна?

/i/content/pi/cult/718/15682/16.jpgСяргей Рэбкавец: Варта і тое ўлічыць, што ў музычных калектывах педагогаў ДШМ ёсць і клубныя работнікі, і бібліятэкары.

Н. Ж.: І усе гэтыя калектывы неўзабаве выступяць у Палацы культуры Кобрына на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі (артыкул рыхтаваўся 14 лістапада — Я. Р.).

Я. Р.: Якія яшчэ пытанні, Сяргей Рыгоравіч, трымаеце цяпер пад кантролем?

С. Р.: Чаму толькі цяпер! Яны ў мяне пастаянна ў полі зроку. І гаспадарчыя нюансы, і творчыя. А яшчэ — навучальны працэс, матэрыяльная база. Вельмі задаволены, да прыкладу, што здолелі адрамантаваць падлогу ў харэаграфічных класах.

Я. Р.: Баяністы на Жлобіншчыне прызналіся, што замежныя інструменты, хоць і клееныя-пераклееныя, але гучаць па-ранейшаму досыць прыстойна, а вось айчынныя… Яны вельмі ўжо хваравіта рэагуюць на павышэнне вільготнасці, а выступаць жа даводзіцца часцяком пад адкрытым небам.

С. Р.: Мы таксама апошні раз абнаўлялі інструменты ў 2004 — 2006 гадах. Пытанне вырашаецца складана. Але, паверце, шукаем шляхі, каб хутчэй выправіць становішча.

Я. Р.: Атрымліваецца, што быць выдатнікам у ДШМ — справа затратная, а таму — элітарная. Мала таго, што інструмент павінен быць у школьніка дома, дык патрэбны яшчэ і матэрыяльныя выдаткі, каб таленавіты падлетак змог паўдзельнічаць у міжнародным конкурсе не завочна, а на прэстыжнай сцэне. А гэта далёка не кожным бацькам па кішэні.

С. Р.: Безумоўна, непасрэдны ўдзел у фестывалі або конкурсе — гэта вельмі важна для станаўлення характару, развіцця асобы. Гаворка, можна сказаць, пра адзін з асноўных складнікаў эстэтычнага выхавання. Калі чалавек выходзіць на сцэну, ён разумее важнасць сваёй справы. Натуральна, стараемся пэўную частку расходаў па ўдзеле ў замежных фестывалях кампенсаваць за кошт уласных пазабюджэтных сродкаў. Не заўжды атрымліваецца. Але бацькі навучэнцаў, разумеючы нашы памкненні і магчымасці, заўжды ідуць насустрач.

Дарэчы, мы вучым і калектыўнаму музіцыраванню. Пачуццё творчай еднасці — таксама выхаванне, у тым ліку і грамадзянскай пазіцыі. Наогул, мы цяпер пра вельмі тонкія рэчы гаворым. Як ацаніць эфектыўнасць працы ДШМ? Колькасцю выпускнікоў, якія працягнулі навучанне па профілі? Колькасцю перамог на прэстыжных фестывалях? Ці колькасцю ўзорных і народных калектываў? Цяжка сказаць, бо ўсё, нібыта, важна…

Адзіны запіс у працоўнай кнізе

Кацярына Кісялёва: Нашы выхаванцы летась бралі ўдзел у пяці міжнародных конкурсах. Два прайшлі ў Магілёве, астатнія ў Расіі (удзельнічалі ў іх завочна — адсылалі відэазапісы). Зоркавы акардэонны дуэт у складзе Матвея Пашоўскага і Тэоны Бебурыі (педагог Таццяна Пашкоўская, маці Матвея) вызначыўся аж у чатырох конкурсах: стаў лаўрэатам першай ступені. Мінулы навучальны год быў плённым і для мастакоў: вучаніца Марына Шаўцова стала лаўрэатам першай ступені, а яе настаўніца Жана Сіліна атрымала Гран-пры.

Я. Р.: Вельмі прыстойны паказчык для школы, якая знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Я ведаю, Кацярына Анатольеўна, у вас ёсць яшчэ чым пахваліцца. Усё ж Жылічы для Беларусі — не проста аграгарадок.

К. К.: Пахваліцца, сапраўды, ёсць чым. Вучыцца музыцы, харэаграфіі ці выяўленчаму мастацтву прыязджаюць да нас (дакладней, бацькі прывозяць) нават дзеці з Рагачоўскага раёна. Дый палова вучняў навакольных вёсак вучацца ў нашай ДШМ! Калі пра Жыліцкую сярэднюю школу казаць, дык літаральна ўсе яе вучні з’яўляюцца яшчэ і нашымі. Такім чынам, займаюцца ў нас 122 чалавекі. Адно з тлумачэнняў гэтаму — стабільны педагагічны склад. Школа пачала дзейнічаць з 1971 года, у многіх настаўнікаў запіс у працоўнай кніжцы — адзіны ды нязменны. Ёсць і такія, што самі тут калісьці вучыліся.

Гатоўнасць суперажываць

Н.Ж.: Гаворка не столькі пра тое, што пэўная частка выпускнікоў школ мастацтваў робяцца праз пэўны час нашымі калегамі або прафесійнымі музыкантамі, мастакамі ці танцорамі. Галоўнае, што яны пачынаюць тонка разумець мастацтва і становяцца прафесійнымі гледачамі і слухачамі як аматарскага, так і прафесійнага мастацтва. І здольнасць гэтую абавязкова перададуць сваім дзеткам.

Я. Р.: На мой погляд, ДШМ маюць права на існаванне хаця б па той прычыне, што іх выхаванцы, як пераконвае статыстыка, не знаходзяцца на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх. Калі гэта так, настаўнікі школ мастацтваў ніяк не каста недатыкальных. Ім да ўсяго ёсць справа, яны сапраўды ратуюць свет ад зла. Шмат гадоў таму, калі першы раз пабачыў палац у Жылічах (менавіта ў ім знаходзіцца мясцовая ДШМ), пазнаёміўся з вучнем Віталікам. Ох, няпросты быў лёс у хлопчыка! Усынавіла яго адна сям’я, як распавёў сам Віталік. Ды штосьці не спадабалася яму, узяў малец і пуньку спаліў. Гора! Патрапіў у іншую сям’ю, быццам прыжыўся, ды і школа мастацтваў дапамагла яму іншым чалавекам стаць: пачаў Віталік балалайку вывучаць. Як сцвярджалі педагогі ці не віртуозам стаў.

К. К.: Памятаю таго хлопца, ён надзвычай таленавіты. Ды і займаліся з ім індывідуальна. Нашу школу Віталік скончыў у 2009 годзе. Нічога кепскага я пра яго не чула. Прынамсі, пунькі больш не паліць… Хачу пра музычныя інструменты трошкі распавесці. У нас сітуацыя не лепшая, чым дзе-небудзь. Вось нядаўна фартэпіяна адрамантавалі. Летась з раённага бюджэту атрымалі грошы на набыццё новага акардэону. На будучы год запланавалі купіць два акардэоны і два баяны. Будзем спадзявацца, што здолеем.

Я. Р.: Наколькі ведаю, на Гродзеншчыне пытанне з абнаўленнем музычных інструментаў вырашаецца цэнтралізавана. Як справы з баянамі, Таццяна Віктараўна?

Таццяна Печкур: Цягам тыдня абласное ўпраўленне абяцала выдаткаваць грошы на набыццё баяна беларускай вытворчасці. Бо нам без гэтага інструмента ніяк! Сёлета стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь стаў трэцякласнік Ягор Кетрыс. За гэты год ён паспеў стаць лаўрэатам першай ступені двух міжнародных конкурсаў, якія ладзіліся ў Мінску. Такое ўражанне, што хлопчык нарадзіўся з баянам. Вельмі ён старанны і перспектыўны.

Я. Р.: А кажуць, што баян з моды выходзіць. Чым яшчэ можаце пахваліцца? Можа, у філіялах якія змены цікавыя адбыліся?

Т. П.: У Ашмянскім раёне няма філіялаў ДШМ, ёсць толькі музычныя класы. Дык вось, у вёсцы Цудзенішкі адкрылі сёлета новае аддзяленне “Народная творчасць”. Маленькія дзеткі вывучаюць асновы рытмікі — і вельмі праз тое задаволеныя.

Сум па балю

Я. Р.: Як на сёння выкарыстоўваеце палацавыя магчымасці, Кацярына Анатольеўна?

К. К.: За апошні час папулярнасць Жылічаў павялічылася ў разы. Тут, напэўна, прамая залежнасць ад дынамікі рэканструкцыі. Прынамсі, экскурсій становіцца ўсё больш і больш. Мы імкнёмся актыўна ўключацца ў справу ажыўлення сядзібнай прасторы. Увесну ва ўнутраным двары палаца ладзім справаздачныя канцэрты. Раней прыходзілі толькі насельнікі Жылічаў, для якіх высокае мастацтва стала ўжо патрэбай, цяпер і турысты бываюць.

А вось баль ля шасці калон галоўнага фасаду правялі толькі раз: з нагоды ўрачыстага адкрыцця аднаго з палацавых аб’ектаў. Між тым, вельмі хачу, каб быў у нашай школы свой фестываль з бальнымі танцамі ды са шляхецкім шыкам. Але няма пакуль у нас гасцёўні, няма канцэртнай залы. Усе камерныя імпрэзы ладзім у малой зале палаца, дзе знаходзіцца белы раяль. А сапраўдная канцэртная зала з’явіцца толькі пасля наступных этапаў рэканструкцыі.

Я. Р.: Перспектывы з памяшканнямі ў Жылічах вельмі прывабныя. А вось ў Ашмянах з гэтым, наколькі я ведаю, праблемы?

Т. П.: Як ні сумна, але так. Сёлета вырасла агульная колькасць нашых навучэнцаў: іх стала ажно 438! Зразумела, што прырост адбыўся за кошт раённага цэнтра, а не сяла. І магчымасці наяўнага будынка не дазваляюць размясціцца нам усім пад адным дахам. Таму мы змушаны арандаваць іншыя плошчы, што не надта спрыяе эфектыўнай арганізацыі навучальнага працэсу. Карацей, праблема — з ліку надзвычай сур’ёзных. Будзем старацца яе вырашаць.

Нас выхоўваў аркестр

Я. Р.: А ў мяне ўсё Віталік з Жылічаў не ідзе з галавы. Ці грае ён па вечарах на сваёй балалайцы? Мы часцей і часцей гаворым цяпер пра жыццёвую неабходнасць арт-тэрапіі, пра тое, што душу ратаваць варта не таблеткамі, а далучэннем да іншай душы. Так узнікае кола аднадумцаў, так ствараюцца спрыяльныя ўмовы для творчай самарэалізацыі.

З гэтай нагоды ніколі не забуду на знаёмства з духавымі калектывамі Шумілінскай школы мастацтваў. У 1987 годзе трубач Алег Матвейчук стварае дзіцячы духавы аркестр. Наўмысна бярэ ў яго склад малых са шматдзетных, няпоўных і цяжкіх сем’яў і пачынае вучыць іх суладнай творчасці. Не перадаць словамі, наколькі цяжка гэта было! Але ніводны падлетак-”духавік” не трапіў пад улік міліцыі і камісіі па справах непаўналетніх, а ў 1999 годзе аркестр стаў узорным. Алег Фёдаравіч працягвае працаваць выкладчыкам ДШМ, а яго сын Руслан (таксама трубач) — стаў яе дырэктарам. Як справы ў трубачоў, Руслан Алегавіч?

Руслан Матвейчук: Акрамя дзіцячага, бацька стварыў і дарослы духавы аркестр, які стаў народным. І многія музыканты, якія пачыналі ў дзіцячым, граюць цяпер у дарослым аркестры. Я не буду пералічваць узнагароды двух гэтых калектываў. Іх вельмі шмат. Але не ўзнагароды з’яўляюцца галоўным доказам таго, што музыка не дае душы чарсцвець. Каб зразумець, што ёсць самым важным, варта ўглядзецца ў асветленыя твары музыкантаў.

Фінальны акорд

Пасля прачулых слоў прафесійніка нават цяжка сказаць штосьці ў плане абагульнення працы нашых школ мастацтваў. Зразумела адно: у няпростых эканамічных умовах яны робяць наш прагматычны свет больш летуценным і добрым. Падаецца, менавіта для гэтага і былі прыдуманы ў свой час словы, фарбы, ноты, рухі. Але гэтым інструментарыем могуць карыстацца толькі абраныя таленты. Толькі тады не фальшывіць нават клеены баян.

Праблемных пытанняў, як аказалася, хапае і ў сферы эстэтычнага выхавання. Пазабюджэтная дзейнасць, навучальны працэс, аснову якога складаюць індывідуальныя заняткі, недастатковае фінансаванне і безнадзейна састарэлы “парк інструментаў”. Пытанняў шмат, але ўсе яны — вырашальныя. Шкада толькі, што не заўжды дзеля гэтага аб’ядноўваюцца намаганні вёсак, мястэчак, гарадоў раённых і абласных. У выніку хтосьці спадзяецца толькі на ўласную пазабюджэтную скарбонку, камусьці дапамагае раённы бюджэт, а камусьці — абласны. Трошкі б мэтавасці ды каардынацыі гэтым дзеянням. Хаця б дзеля таго, каб пунькі не гарэлі.

І апошняе. Анлайн-канферэнцыя можа падасца каму-небудзь з чытачоў спрэчнай па высновах і правільнасці расстаноўкі акцэнтаў. Рэдакцыя будзе толькі радая, калі да палемічных разваг падключацца прадстаўнікі іншых педагагічных калектываў. Пішыце, спрачайцеся, абвяргайце. Праўды не бывае шмат.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"