Віцебская мадонна

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

2 лістапада споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Веры Ермалаевай
Канец верасня 1937 года. Аральскае мора. На старую баржу грузяць вялікую групу зняволеных. Праз некаторы час судна прычальвае да пясчанага незаселенага вострава. Зняволеных высаджваюць на бераг. Баржа сыходзіць у зваротны шлях. Людзі ж застаюцца на востраве без ежы і пітва. Усе яны асуджаны на пакутніцкую смерць. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі, сярод гэтай групы смяротнікаў была і мастачка Вера Ермалаева. Гэта яе Марк Шагал назваў Віцебскай мадонай. Гэта яна разам з Казімірам Малевічам стварыла ў Віцебску знакамітае аб’яднанне УНОВИС. Гэта яна была апошнім рэктарам Віцебскага мастацка-прамысловага інстытута і зрабіла ў ім адзіны выпуск студэнтаў.

/i/content/pi/cult/717/15663/9.JPGДачка баранэсы

Нарадзілася Вера Ермалаева 2 лістапада 1893 года ў сяле Ключы Пятроўскага павета Саратаўскай губерні. Бацька яе быў памешчыкам і займаў пасаду старшыні земскай павятовай управы. Маці мела тытул баранэсы Унгерн-Унікоўскай. У дзяцінстве Вера ўпала з каня, вынікам чаго стаў параліч ног — у далейшым дзяўчына магла перасоўвацца толькі з дапамогай мыліц. Але гэта не перашкодзіла Ермалаевай атрымаць выдатную адукацыю ў Парыжы, Лазане, Санкт-Пецярбургу.

Ермалаеву з дзяцінства цягнула да мастацтва, і ў 1911 годзе яна паступіла ў студыю жывапісца Міхаіла Бернштэйна. Там Вера зацікавілася кубізмам і футурызмам, што потым адбілася на яе творчасці.

Атрымаўшы мастацкую падрыхтоўку, Ермалаева пачынае займацца кніжнай ілюстрацыяй. Яна супрацоўнічае з арцеллю “Сегодня”, якая выпускала невялікімі тыражамі лубкі і кнігі-карцінкі, афармляла выданні арцеляў “Мышата”, “Петух” і “Пионеры”. Ілюстрацыі рабіліся пры дапамозе гравюр на лінолеуме і затым у большасці выпадкаў расфарбоўваліся ўручную.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ермалаева ўдзельнічала ў конкурсах Наркамасветы, працавала як мастак тэатра, стварыла эскізы да знакамітай футурыстычнай оперы Міхаіла Мацюшына і Аляксея Кручоных “Перамога над сонцам”.

Парыж на Дзвіне

Існуе такі прыгожы выраз, што ў пачатку 1920-х гадоў Віцебск на некаторы час стаў беларускім Парыжам. Тады ў гэтым невялікім правінцыйным горадзе стварыліся ўнікальныя ўмовы для развіцця мастацкіх з’яваў сусветнага маштабу. Тут дзейнічала вышэйшая мастацкая навучальная ўстанова, у якой развіваліся навейшыя на той час эстэтычныя ідэі, у тым ліку зараджаўся дызайн сучаснага тыпу, быў адкрыты адзіны ў савецкай краіне музей сучаснага мастацтва, нарэшце, працавала нават філармонія.

Пачалося ж усё ў 1918 годзе, калі ў Віцебску было арганізавана Народнае мастацкае вучылішча. Маладому дырэктару Марку Шагалу былі патрэбныя выкладчыкі, якія б падзялялі яго мастацкія погляды. На старонках газеты “Искусство коммуны” ён апублікаваў зварот да мастакоў з заклікам падтрымаць новаствораную навучальную ўстанову. Заклік Шагала не застаўся без водгуку. У Віцебск пачалі прыязджаць вядомыя мастакі, у асноўным з Масквы і Петраграда. У іх ліку была і Вера Ермалаева.

У Беларусь яна прыехала ў ліку першых “эмісараў” — яшчэ ў 1919 годзе. Неўзабаве стала кіраваць жывапіснай майстэрняй у Народным мастацкім вучылішчы, потым увайшла ў яго прэзідыум. А ўжо на наступны год — пасля таго, як Шагал прыняў рашэнне пакінуць Віцебск — заняла яго месца дырэктара.

/i/content/pi/cult/717/15663/7.jpgРабота ў навучальнай установе па-ранейшаму вялася наватарскімі метадамі. Практыкавалася рознаўзроўневае выкладанне — ад асноваў выяўленчага мастацтва і да навуковага аддзялення (нешта накшталт аспірантуры). Па заканчэнні курса студэнт, акрамя выканання жывапісных ці праектных экзаменацыйных практычных заданняў, павінен быў напісаць і тэарэтычную работу.

Якія задачы ставілі перад сабой педагогі той навучальнай установы, відаць з дакументаў, што дайшлі да нашага часу: маладой дзяржаве патрэбны спецыялісты, якія б маглі стварыць сучасны рэчыўны свет, у якім бы дамы, масты, аэрапланы, прадметы побыту не толькі характарызаваліся тэхнічнай дасканаласцю, але і былі б свайго кшталту творамі мастацтва.

/i/content/pi/cult/717/15663/8.JPGЕрмалаева была бліжэйшай паплечніцай найбольш радыкальнага з выкладчыкаў — Казіміра Малевіча. Яны ўдвох сталі заснавальнікамі аб’яднання УНОВИС — “Утвердители нового искусства”. Менавіта яно высунула патрабаванне “вытворчасці праектаў новых форм утылітарных патрэбнасцяў і рэалізацыі іх у жыцці”. І ўжо
неўзабаве ў дзейнасці членаў праявіліся парасткі таго, што мы сёння называем прамысловым дызайнам.

Вялікія планы, вялікія надзеі… Здаецца, наперадзе шмат цікавага, значнага, але неўзабаве ў навучальнай установы (на той момант яна ўжо мела назву Мастацка-практычны інстытут) пачынаюцца праблемы, звязаныя і з матэрыяльнымі, і з ідэалагічнымі прычынамі: у новага мастацтва знайшлося нямала праціўнікаў. У выніку яго “утвердители” пачалі пакідаць Віцебск. У 1922 годзе з’ехаў і Малевіч.

Ермалаева засталася сам-насам з усімі цяжкасцямі, якія наваліліся на Мастацка-практычны інстытут: недахоп грашовых сродкаў, нападкі ворагаў новага мастацтва. Тым не меней, яна не здавалася. У маі 1922 года пад яе кіраўніцтвам адбыўся першы і адзіны выпуск. Дыплом аб заканчэнні інстытута атрымалі 11 чалавек, 17 студэнтаў перавялі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Масквы і Петраграда.

Што цікава, у гады свайго рэктарства Ермалаева актыўна прыцягвала да працы ў інстытуце студэнтаў-старшакурснікаў. Так, навучэнцы Міхаіл Векслер, Ніна Коган, Саламон Юдовін кіравалі вучэбнымі майстэрнямі, а Іван Гаўрыс з восені 1921 года нават быў намеснікам Ермалаевай.

Яна рабіла ўсё магчымае, каб захаваць Віцебскі мастацка-практычны інстытут. Але ўжо было зразумела, што ён асуджаны на знікненне. Усвядоміўшы гэта, Ермалаева ў жніўні 1922 года ад’язжае ў Петраград. А 1923 год становіцца для інстытута апошнім.

“За антысавецкую дзейнасць”

У Петраградзе Ермалаева атрымала пасаду кіраўніка лабараторыі колеру ў Дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры, заснаваным яе старым паплечнікам Казімірам Малевічам. Але ў 1926 годзе яго таксама ліквідавалі. Супраць новага мастацтва пачаліся рэпрэсіі.

Ермалаева зарабляла сабе на жыццё супрацоўніцтвам з часопісамі “Воробей”, “Новый Робинзон”, “Чиж” и “Ёж”, працавала як жывапісец і графік, ілюстравала дзіцячыя кнігі. У 1929 годзе разам з мастакамі Уладзімірам Сцерлігавым, Канстанцінам Раждзественскім, Львом Юдзіным, Мікалаем Суеціным, Ганнай Лепорскай стварыла “групу жывапісна-пластычнага рэалізму”. На кватэры Ермалаевай праходзілі творчыя “аўторкі” гэтых мастакоў і выставы, якія суправаджаліся абмеркаваннямі. Гэта ўсё стала падставай для даносу нейкага “дабразычліўца”.

25 снежня 1934 года Веру Ермалаеву арыштавалі адначасова з некаторымі іншымі членамі гуртка. 29 марта 1935 года яна была асуджана на тры гады турэмнага зняволення — “за антысавецкую дзейнасць, якая выяўлялася ў прапагандзе антысавецкіх ідэй і спробе арганізаваць вакол сябе антысавецкі настроеную інтэлігенцыю”. Адбывала пакаранне ў Карагандзінскім лагеры. У верасні 1937 года Ермалаева была асуджана паўторна і прыгаворана ўжо да вышэйшай меры. Пра апошнія дні яе жыцця дакладнай інфармацыі няма. Нехта з даследчыкаў сцвярджае, што мастачку расстралялі, нехта пераказвае гісторыю пра пакутніцкую смерць на пясчанай выспе.

У Віцебску Вера Ермалаева правяла ўсяго тры гады. Але ж той час быў надзвычай важным для гісторыі горада. І не апошнюю ролю ў гэтым сыграла менавіта яна — бясстрашная амазонка новага мастацтва.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства