Звон, што мяне паклікаў

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

У мінулым нумары мы распавялі пра ўтрапёнага даследчыка беларускіх арганаў Аляксандра Бурдзялёва. А зараз звернемся да традыцыі праваслаўнай царкоўнай музыкі. Этнамузыказнаўца-кампанолаг, кандыдат мастацтвазнаўства, лаўрэат міжнароднага конкурсу “Званар Зямлі” (Малдова, 2003), дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання БДПУ імя Максіма Танка Алена ШАЦЬКО апісвае пакручасты шлях да справы свайго жыцця.

/i/content/pi/cult/712/15586/18.JPG“Я ваша ўнучка”

Я расла ў той час, калі дзеці былі піянерамі або камсамольцамі, хадзілі ў школьнай форме і, згодна з рашэннем XXVII з’езда КПСС, несупынна станавіліся “гарманічна развітымі асобамі”. Бабуля была верніцай, мама таксама ўпотай наведвала храм. У гадочак мяне хрысцілі. Але крыжык ляжаў у шафе, а не вісеў на шыі — бо ў школе маглі быць праблемы.

А калі я ўжо вучылася ў музычнай вучэльні імя Міхаіла Глінкі, нашу групу ўзнагародзілі паездкай у Кіеў. Гэта было на Вялікдзень 1984 года. Наш цягнік выхаднога дня стаяў у тупіку, а мы да раніцы шпацыравалі па ўкраінскай сталіцы. Апынуліся на Крашчаціку, пачулі перазвон — і неяк само сабою так здарылася, што збочылі ў той бок.

Ноч. Вакол ярка асветленага пражэктарамі храма Уладзімірскай іконы Божай Маці стаіць жывы ланцуг міліцыянераў. Прапускалі толькі старых жанчын у хустачках. Мяне адразу завярнулі. Але патрапіць і ўбачыць усё на свае вочы так хацелася! Раптам прыйшла ідэя. Я ж калісьці часта ездзіла забіраць пасля набажэнства сваю старэнькую бабулю з храма на Вайсковых могілках у Мінску (раніцай яе, 80-гадовую, туды суправаджаў бацька). І адышоўшы ўбок, папрасіла адну жанчыну: “Правядзіце мяне да храма, калі ласка. Я ваша ўнучка!”

Мяне літаральна адцягвалі ад бабулі, але яна заступілася. Мы прайшлі. Вельмі запомніўся крыжовы ход вакол храма пад вокліч “Хрыстос Уваскрэс!” Гэта пакінула на мяне незабыўнае ўражанне! І менавіта тады я ўпершыню ў жыцці пачула перазвон. У сталіцы Беларусі званы яшчэ маўчалі.

Усё пачалося са скаргі

У 1989 годзе яны загучалі ў мінскім кафедральным саборы Святога Духа. Кансерваторыя, дзе я тады вучылася — зусім непадалёк ад гэтага храма. І калі на шляху на вучобу чула кампаны, заўсёды спынялася іх паслухаць.

У 2000 годзе я даведалася пра тое, што ў Мінску адкрылася школа званароў пры храме іконы “Усіх тужлівых Радасць”. Узяла ў настаяцеля свайго прыходу блаславенне (абавязковы для паступлення дакумент) і прыйшла ў школу. Яе дырэктарам тады быў Аляксандр Маліноўскі — неардынарная асоба, цудоўны арганізатар, таленавіты званар-самародак, які потым скончыў школу званароў у Маскве. Колькі ён зладзіў фестываляў звону ў Мінску, Полацку, Калінкавічах, Заслаўі!

/i/content/pi/cult/712/15586/19.JPGАляксандр даў заданне кожнаму студэнту напісаць артыкул у часопіс “Званіца”, які ён выдаваў. І ўсе пісалі хто як мог, акрамя мяне. Я пісаць не любіла і не ведала пра што. Наступным заданнем усім званарам было прадставіць статут перазвону свайго храма. Мяне гэта проста абурыла. Які статут, калі храм у гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці, дзе я ўжо пачала да таго часу званіць па нядзелях, пабудавалі ў 1990-я?

Статут я так і не напісала, але задумалася. Няўжо ўсё забыта, няўжо ніхто не ведае, як званілі нашы продкі? Колькі было званоў у храмах? Няўжо ўсе старыя беларускія званары сышлі, і традыцыі незваротна страчаны? Адказы на гэтыя пытанні ў школе званароў атрымаць не было ад каго.

Памятаю, калі я прыходзіла па вечарах на вучэбную званіцу — стомленая пасля працы, настрою няма, галава баліць — і бралася за вяровачкі, дык нешта ўнутры спакваля мянялася. Вярталася дадому ўжо шчаслівая і радасная.

І раптам у маім храме, дзе я ў 2001 годзе ўжо стала лічыцца званаром, здарылася такая падзея: адна з жыхарак стала пісаць скаргі, што яе раздражняе перазвон. Выклікаў мяне настаяцель — і блаславіў спыніць звон. У званоў пачаўся вымушаны пост, набажэнствы праходзілі ў цішыні.

Ці ведаеце вы, якая гэта радасць — званіць? І тут — нельга!

Прайшоў месяц. Падыходжу я ў нядзелю да айца Аляксандра Рудчанкі: “Бацюшка, блаславіце званіць! ” А ў адказ чую: “Званы хай маўчаць, а ты звані словам!” Я здзівілася. Як словам? У адказ: “Пішы пра званы”. А што я магла пісаць, што я пра іх ведала, нават скончыўшы школу званароў?

Аднак блаславенне трэба выконваць. Прыйшла я ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, прагледзела картатэку — а літаратуры па званах амаль і няма: можа, хіба пару артыкулаў. Тэма ж лічылася забароненай да пачатку 1990-х. Перачытала ўсё, што было, і месяцы за два напісала свой першы артыкул “Звані, мой звон, звані”. Пісалася цяжка, але атрымалася ад душы. Ізноў пытаю ў настаяцеля: “Куды адправіць?” “Ва ўсе газеты і часопісы Беларусі”, — быў адказ. Гэтак і зрабіла.

Дзесьці замест артыкула зрабілі інтэрв’ю, дзесьці ўстаўлялі частку свайго тэксту і самі падпісваліся. Адна газета выпусціла матэрыял пад назвай “Рукі званара ў мазалях”. Смешна, але ніякіх мазалёў у мяне не было! Гэта ў гітарыста, дамрыста, цымбаліста ёсць такая прафесійная хвароба, а ў званара, калі званы правільна развешаны на званіцы, з рукамі ўсё будзе ў парадку.

Мэта ў мяне была адна — асветніцкая. Пагатоў, скаргі на звон пісалі і жыхары, чые кватэры месціліся побач з іншымі храмамі. Вось што значыць, калі пакаленне вырасла без званоў! Яму куды больш звыкла чуць шум машын.

Адна з публікацый звярнула на сябе ўвагу аўтарытэтнага даследчыка беларускай народнай інструментальнай традыцыі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Іны Назінай. Запрасіла яна мяне і спытала: “Ці не хацелі б вы сур’ёзна заняцца навуковай працай, а менавіта кампаналогіяй — навукай пра званы? Вывучыць традыцыю перазвону Беларусі?” Я здзівілася, але адказала, што звон — не фартэпіяна або цымбалы, а богаслужбовы інструмент, які належыць царкве. І таму я павінна атрымаць блаславенне ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. І толькі тады, можа быць...

Тады я нават і не здагадвалася, што справа, за якую бяруся, стане справай майго жыцця. Пачынаючы свой 18-гадовы шлях навуковага пошуку, я не мела ні камп’ютара, ні відэакамеры, ні фотаапарата. А што гэта за экспедыцыі з нататнікам і асадкай на пачатку ХХI стагоддзя? Усё неабходнае паступова з’явілася — з малітвай і дзякуючы працы.

Усе паездкі ажыццяўляла за свой уласны кошт і ў перыяд працоўных адпачынкаў. Пачала экспедыцыі з Мінскай вобласці, потым з’явілася думка, што ў заходніх рэгіёнах Беларусі, якія ўваходзілі з 1921 па 1939 гады ў склад Польшчы, званы і звязаная з імі традыцыя маглі захавацца лепей. Таму сучасныя Гродзенская, Брэсцкая, часткі Віцебскай і Мінскай абласцей вывучаліся мной асабліва падрабязна.

Успамінаю: нядзеля, раніцай устаю ў 6.00, збіраю нейкі пасілак, тэрмас і еду спачатку на метро, потым яшчэ гадзіну на аўтобусе ў мястэчка Ракаў. Пасля Боскай літургіі падыходжу да настаяцеля, тлумачу, хто я і навошта прыехала. Мне дазваляюць агледзець званы, але лесвіцы няма, а вышыня — метраў шэсць. Прыязджаю ў наступную нядзелю: лесвіцу далі, а хто патрымае? Там жа вышыня паднябесная! У наступны раз я ўжо прыехала ў суботу і прашу святара: “Дазвольце мне пераначаваць у каго-небудзь і, калі ласка, дайце памочнікаў, каб дабрацца да званоў”. Так з восені 2003 па зіму 2004 года ездзіла я ў выхадныя па храмах Валожынскага раёна.

Але пазней зразумела, што трэба мяняць тактыку і прысвячаць паездкам большы перыяд. Напярэдадні адпачынкаў складала дакладныя графікі і маршруты экспедыцый, улічваючы магчымасці благачынных і настаяцеляў. Даведвалася, у якіх прыходах захаваліся старыя званы, дзе ёсць званары. На шчасце, у той час ужо амаль ва ўсіх былі мабільныя тэлефоны. Склаўшы графік, выпраўлялася ў дарогу. Выязджала на тры-чатыры тыдні.

Завітаўшы ў храм, брала блаславенне, падымалася на званіцу, апранала працоўны халат, прасіла вядро з анучай, лесвіцу — і перш за ўсё мыла званы. За пару соцень гадоў з моманту іх адліўкі многія пакрыліся такім пластам бруду і галубінага памёту, што прачытаць надпісы было немагчыма. А мне ж трэба і памеры запісаць, і фатаграфію зрабіць. Была калісьці добрая традыцыя: да Вялікадня ўпрыгожвалі храм, царкоўны двор і да бляску націралі званы!

Пасля апісання распытвала прыхаджан і званара паводле спецыяльнай анкеты, усё фіксавала на відэакамеру. У дзень часам па 10 — 15 інтэрв’ю запісвала. Пры кожнай сустрэчы — максімальная канцэнтрацыя ўвагі, бо я разумела, што бачу чалавека ў першы і, магчыма, у апошні раз, а трэба ж даведацца пра ўсё і падрабязна. Спачатку хацела весці дзённік экспедыцый, але стамлялася так, што ўвечары ставіла на зарадку камеру, фотаапарат — і падала без сіл.

Вярнуўшыся з экспедыцыі, апрацоўвала і сістэматызавала інфармацыю. У зімовы перыяд вечары праводзіла ў архівах Беларусі. На вакацыях выязджала ў пошуках дакументаў у Літву, Польшчу, Расію. Хто працаваў там, той ведае, як гэта цяжка. Але мне было лягчэй за іншых даследчыкаў. Наш шаноўны Уладыка Філарэт заўсёды дапамагаў навукоўцам, разумеў, наколькі важная і патрэбная іх праца. Напрыклад, ён напісаў ліст Мітрапаліту Варшаўскаму і ўсяе Польшчы Савву, і мяне гасцінна прынялі ў Духоўнай семінарыі Варшавы, у архіве якой я шукала цікавыя мне дакументы. Так было і калі я выязджала ў архівы або на канферэнцыі ў Маскву, Вільнюс, Санкт-Пецярбург.

Трэба спяшацца

У 2009 годзе я ініцыявала стварэнне пра званароў тэлеперадач і фільмаў. У мяне быў узор, да якога імкнулася: кінапрацы доктара мастацтвазнаўства Зінаіды Якаўлеўны Мажэйка па этнаграфіі Беларусі. Першы фільм — “Званар” рэжысёра Кацярыны Махавай (“Беларусьфільм”, 2011) — мне, па шчырасці, не спадабаўся, хоць і атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Славакіі. У няўдачах трэба вінаваціць сябе. Я зразумела, што прадставіць гледачу царкоўны звон і маіх дарагіх званароў здатны толькі творчы калектыў, які складаецца з вернікаў і працуе з блаславеннем і малітвай. Але дзе знайсці такіх кінематаграфістаў?

Наступныя фільмы таксама ствараліся няпроста. Дзякуй Богу, вынік быў лепшым. У 2012 годзе на канале АНТ стварылі фільм “Магія гуку, або Пра што звоніць звон”. Літаральна на працягу паўгода пасля здымак гэтага фільма Гасподзь паклікаў да сябе галоўных герояў.

Я разумела, што трэба спяшацца, бо званары сыходзяць. Але дзе браць сродкі на фільмы? У 2012 годзе падала заяўку ў Маскву на грант міжнароднага конкурсу “Праваслаўная ініцыятыва” для стварэння дзвюх стужак. Конкурс двухтурны, было складана. Тым болей, якраз у гэты час, 15 лістапада 2012 года, у мяне адбылася
абарона дысертацыі ў Акадэміі музыкі. Спаць даводзілася па некалькі гадзін.

Дзякуй Богу, грант на праект выйграла. Напісала сцэнарый, аддала падрыхтаваны да выдання рукапіс сваёй кнігі рэжысёру Людміле Панкратавай. У 2014 годзе агенцтва Беларускай праваслаўнай царквы здала два фільмы. У першым галоўны герой — 90-гадовы званар з вёскі Востраў Пінскага раёна. У другім апавядаецца пра лёсы званоў Беларусі ў XX стагоддзі. Як даследчык, я маю да гэтых фільмаў пэўныя заўвагі. А вось простым гледачам яны падабаюцца.

Я не адразу зразумела значнасць традыцыйных звонаў. Прызнаюся: калі пачынала вывучаць і запісваць звон, мне самой здавалася: ну на што гэты дзядуля здатны, якая ў тым прыгажосць, калі ўсё так прымітыўна... Але мой мудры навуковы кіраўнік Іна Дзмітрыеўна Назіна не стамлялася паўтараць: вучыцеся ў званароў, дапытвайцеся ў іх — і ўсё адкрыецца.

І вось у 2006 годзе ў адным з храмаў пасля запісу звону папрасіла дазвол пазваніць сама. Мне здалося, што атрымалася ў мяне нядрэнна. Скончыла, павярнулася да прыхаджанаў — а яны не толькі не глядзяць на мяне, яны наогул разышліся! Гэта быў для мяне ўрок. Зразумела, што мой прыгожы, рытмічны, з пераборам і сінкопамі звон — гэта чужая, не іх традыцыя.

Просты і спакойны звон сваіх званоў для верніка — як лейтматыў свету душы, а адпаведна, і цялеснага здароўя. Калі пажыць у той ці іншай вёсцы месяц — другі, ты да яго прывыкнеш, ён стане тваім родным, і ніякага іншага табе не трэба будзе.

Але цэлае пакаленне людзей у Беларусі і ва ўсім Савецкім Саюзе вырасла без званоў. Таму нам пакуль бывае складана разумець просты традыцыйныя звон — як, напрыклад, і знаменныя спевы, што вітаюцца далёка не ва ўсіх храмах. Узоры знаменных мелодый — гэта плён найвышэйшага духоўнага сузірання іх творцаў, і сэнс яны маюць той самы, што і іконы: вызваленне душы ад страсцей, адстараненне ад відочнага матэрыяльнага свету. Таму старадаўні царкоўны ўнісон пазбаўлены храматычных інтанацый, якія патрэбныя пры выяўленні чалавечых жарсцяў. Так і традыцыйны перазвон.

І пасля таго выпадку, які прыадкрыў мне разуменне звону, у мяне ўжо больш ніколі не ўзнікала жадання паказаць свой прафесіяналізм сельскім званарам.