Імпэт аказаўся заразлівым

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Мінулым разам фестываль Sprava атрымаўся настолькі пазітыўным па атмасферы, якасным па творчым змесціве і прадуманым у плане арганізацыі, што, прызнацца, я (будучы “дасведчаным у жыцці аптымістам”) слаба верыў у магчымасць паўтарэння гэтага поспеху. Тым не меней, цуд здарыўся. Сёлетні фэст пераўзыйшоў леташні па ўсіх параметрах — як колькасных (зусім “непапсовую”, здавалася б, імпрэзу наведала з паўтары тысячы чалавек!), так і якасных. Закінутая і амаль нікому невядомая царква на паўвыспе ўсяго за які год стала папраўдзе культавым — і культурным — месцам. І сакрэт такога поспеху, без сумневу, варты асэнсавання.

Думаецца, галоўны яго фактар — ідэя, выдатна ўвасобленая ў самой назве. Фэст ад пачатку пазіцыянуе сябе не як камерцыйны, а як соцыякультурны праект. Памкненне манетызаваць (ад слова “манета”: пра буйныя купюры тут зусім не вядзецца) нашы гістарычныя здабыткі, якім пераймаецца цяпер ледзь не кожны, яго завадатарам не ўласцівае.

Імпэт Мацвея Сабурава і Кацярыны Аверкавай аказаўся заразлівым. Ён перадаецца сотням іншых людзей, гатовых зрабіць свой унёсак у добрую справу: граць музыку, прадумаць дызайн і піяр, ладзіць заняткі ёгі, выконваць ролю нянькі, прыбіраць, у рэшце рэшт, смецце. Не па дагаворах падраду, а на чыстым энтузіязме. Адпаведна, кіруючыся зусім не эканамічнымі матывацыямі.

Калі б такі валанцёрскі характар адносінаў быў заменены на строга эканамічны, многае, упэўнены, не атрымалася б. Але пакуль на “Справе” не зарабляе ніхто, яна жыве і квітнее.

Яшчэ адна важная рыса — уменне арганізатараў шукаць і знаходзіць патрэбных саюзнікаў. Як у творчых колах, так і сярод уладных структураў, царкоўнай іерархіі, бізнесу. Спіс тых арганізацый, якія спрычыніліся да фэсту, папраўдзе ўражвае. Спонсарскі ўдзел у большасці выпадкаў быў даволі сціплым — скажам, далі бясплатна пакарыстацца транспартам або інструментам. Але з дзясяткаў гэтых лапікаў і сшыўся цэльны дыван.

Яшчэ адна цікавая рыса. Фэст, які многія — і небеспадстаўна — называюць элітысцкім, насамрэч разлічаны на інклюзію. Думаецца, гэтае паняцце можна прымяняць не толькі ў дачыненні да праектаў, якія імкнуцца паставіць знак роўнасці паміж звычайнымі людзьмі і з асаблівасцямі, але і на руйнаванне ўсіх іншых сацыяльных бар’ераў — у тым ліку, і паміж афіцыйнай культурай і “нефармальнай”. Таму і не дзіва, што ўдзел у фэсце ўзяў хор духоўнай семінарыі і ансамбль з бліжэйшага ДК.

Аднак адзін эксперымент, усё ж, здаваўся даволі рызыкоўным. Другі дзень “Справы” быў поўнасцю прысвечаны акадэмічнай музыцы. Прычым, ізноў жа, без прыстаўкі “поп—”.

Пра тое, што яна павінна гучаць не толькі ў адпаведных залах, гаворыцца ўжо даўно. Дзяржпраграма развіцця і адраджэння сяла ўтрымлівала такі пункт, як стварэнне філарманічных пляцовак — каб прафесійныя музыканты маглі далучаць да лепшых здабыткаў і жыхароў глыбінкі. Тым не меней, справа дасюль буксуе — пра што сцвярджалася, да прыкладу, на апошнім пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры.

А вось у дадзеным выпадку ўсё акурат атрымалася. Выявілася, што нефармальная “пленэрная” атмасфера і цікавая лакацыя (выступы вядомых беларускіх музыкантаў адбываліся то сярод руінаў царквы, а то і на плоце непасрэдна ў возеры) могуць стаць тымі масткамі паміж мастацкім прадуктам і не надта “мэтавай” у дадзеным выпадку аўдыторыяй. Яна сабралася не надта “філарманірчная” — але слухала з задавальненнем.

Сёння многія з жахам думаюць, што калі “Справа” працягне разрастацца паводле маштабаў такімі тэмпамі, дух фэсту ўрэшце некуды знікне. Аднак замест росту можа быць нават не размнажэнне, а разумнае (і без плагіяту) карыстанне станоўчым досведам. Балазе, Белая царква — зусім не адзінае ў нашым краі месца, дзе можна арганізаваць унікальную падзею, цікавую і для мясцовых жыхароў, і для сталічнай эліты.