“Дзякуй, Ігар Міхайлавіч!”

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Адной з самых значных падзей сёлетняга “Славянскага базару” стала юбілейная вечарына народнага артыста Беларусі і СССР, старшыні Беларускага саюза кампазітараў Ігара Лучанка. Здавалася, яго чароўныя мелодыі самі луналі ў Канцэртнай зале “Віцебск”, запоўніўшы ўсе яе куточкі і трапляючы ў сэрцы слухачоў.

/i/content/pi/cult/702/15396/16.JPGГэта ўжо не першы аўтарскі канцэрт Лучанка на “фестывалі фестываляў”. І не першая яго вечарына, прымеркаваная да сёлетняга юбілею. Нагадаем, канцэрт адкрыцця нядаўняга Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне таксама быў прысвечаны творчасці майстра. Там яго песні гучалі ў выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга.

Мастацкім кіраўніком цяперашняй віцебскай вечарыны выступіла Людміла Палкоўнікава, рэжысёрам — Аляксандр Вавілаў.

— Мы паставілі за мэту, — распавяла пасля канцэрта Людміла Георгіеўна, — каб песні Лучанка спявала моладзь. Імкнуліся пазбегнуць пераказу біяграфіі, паглыблення ў мінулае. Наадварот, праграма была скіравана ў сучаснасць і будучыню. Канцэпцыя — маладыя выконваюць несмяротныя лучанкоўскія мелодыі. Нават не чакалі, што ўсе выканаўцы паставяцца так адказна. Ужо адно тое, што практычна кожны ўдзельнік канцэрта прыйшоў на сваё выступленне з кветкамі, а хтосьці і з падарункамі для Ігара Міхайлавіча, гаворыць пра многае. Гэта добры знак сапраўднай павагі і шанавання знанага кампазітара.

Арыгінальным быў пачатак вечарыны. І справа зусім не ў чырвоным колеры раяля! Сусветна вядомы піяніст Кірыл Кедук, звярнуўшыся да песень Лучанка “Мой родны кут” і “Зачараваная”, стварыў на іх аснове трохчасткавую рэпрызную кампазіцыю, сапраўды зачараваўшы слухачоў яшчэ і прыгажосцю фартэпіяннага гучання.

Цікава, што такі творчы тандэм двух музыкантаў розных пакаленняў меў сваю перадгісторыю. Калісьці ў 1996 годзе Кірыл быў самым маленькім удзельнікам І Міжнароднага форуму творчай моладзі “ХХІ стагоддзе — Музыка надзеі”. Лучанок як старшыня журы напісаў яму на дыпломе: “Твори!” і сыграў з ім у чатыры рукі. Гэта так акрыліла хлопчыка, што ён і цяпер лічыць тое пажаданне-наказ кампазітара адным з першых штуршкоў да сваіх далейшых творчых перамог. Таму пасля выканання сваёй фантазіі-парафраза піяніст падышоў да Ігара Міхайлавіча — з тым самым дыпломам, каб там з’явіўся яшчэ адзін аўтограф майстра.

/i/content/pi/cult/702/15396/17.JPGВядучая Наталля Бібікава, знаёмая гледачам па шматлікіх праграмах, прысвечаных культуры, а таксама па тэлепраекце “Тэатр у дэталях”, стварыла цёплую, шчырую атмасферу музіцыравання “да радасці”, а таксама да прыгажосці, дабрыні і святла. Пасля кожнай песні гучала столькі авацый, што іх цяжка было спыніць, каб перайсці да наступнага нумара.

Не менш сюрпрызаў і разыначак тоілася і ў саміх кампазіцыях. Ядвіга Паплаўская, крыху перарабіўшы “Марскі прыбой”, на словах “Пазнаёміліся летам” звярталася непасрэдна да Лучанка. Той не вытрымаў, узяў мікрафон: “У мяне былі розныя песні: я пісаў і пра Леніна, і пра партыю, і пра экскаватаршчыкаў”. Спявачка не разгубілася: “А цяпер напішыце пра камп’ютаршчыкаў”. — “Не, я гэтага не ведаю”. — “Дык хай вам унукі дапамогуць!”

Юлія Мажылоўская, якая толькі праз год закончыць школу, праспявала “Матылі” ў новай аранжыроўцы. І крыкнула ў залу: “Ад маладога пакалення — дзякуй, Ігар Міхайлавіч!”

Ад Сашы Нема многія чакалі “Зачараваную”, якая ўжо даўно ў яго рэпертуары — як і ў творчым багажы іншых маладых спевакоў розных краін. Але спецыяльна да гэтага канцэрта артыст зрабіў сваю версію яшчэ адной песні Лучанка — “Бераг юнацтва”. Вядомая расійская спявачка Марына Дзявятава праспявала “Дударыкі” — і, як стала вядома пазней, падпісала дамову з Лучанком на выкананне гэтай песні ў сваіх канцэртах. Руслан Аляхно спяваў “Жураўлі на Палессе ляцяць”, а дуэтам з Глебам Матвейчуком — “Мой родны кут”.

Хіт дзіцячага рэпертуару — “Песеньку пра дабрыню” — выканалі не госці, а юныя гаспадары фестывалю: хор “Вялікі” дзіцячай студыі “Гулівер і ліліпуты” з Віцебска.

Песню “І пакуль на зямлі існуе каханне”, якая дала назву вечарыне, падрыхтаваў лаўрэат міжнародных конкурсаў Ілья Сільчукоў — зорка айчыннай опернай сцэны. Прычым выканаў вельмі песенна, без залішняй опернай экзальтацыі. На рэпетыцыях доўга шукаў адпаведны тэмп, нават зрабіў запіс у больш павольным варыянце, ад якога потым адмовіўся — і надаў кампазіцыі больш руху, узмацніў лінію развіцця, што прыйшла на змену куплетнай паўторнасці.

Усіх удзельнікаў не пералічыць! Але тэлеверсію канцэрта можна будзе ўбачыць на блакітных экранах акурат у дзень юбілею Ігара Лучанка — 6 жніўня.

Фота Юрыя Іванова.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"