О спорт, ты — хіт!

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Якія буйныя спартыўныя форумы без песень і цырымоній адкрыцця і закрыцця? Вось менавіта што ніякія! Таму і наша краіна не магла абысціся без музычных твораў, з якімі абавязкова ў чымсьці і стануць асацыяваць II Еўрапейскія гульні, што пройдуць у беларускай сталіцы 21 — 30 чэрвеня 2019 года. Летась Міністэрства культуры краіны аб’явіла конкурс на стварэнне такіх кампазіцый, і ў гэты чацвер у малой зале Белдзяржфілармоніі прайшоў яго другі тур, падчас якога журы і прадстаўнікі СМІ праслухалі 5 песень, што прэтэндуюць на тое, каб гучаць на старце і фінішы спартыўнай падзеі.

/i/content/pi/cult/702/15386/logo-euro-games-2019-1_opt.jpegУсяго ж на конкурс было пададзена 18 заявак, у тым ліку з Малдовы, Аргенціны і Японіі. 22 ліпеня прайшло папярэдняе праслухоўванне, па яго выніках і вызначылі лепшую пяцёрку. 26 ліпеня журы, якое ўзначаліў народны артыст Беларусі Васіль Раінчык і ў склад якога, сярод іншых, увайшлі першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, намеснік дырэктара фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Анатоль Котаў, менеджар па афіцыйных цырымоніях і культурнай праграме фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Сяргей Хоміч, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак, спявачка Вікторыя Алешка і іншыя, зноў праслухала прэтэндэнтаў на перамогу — на гэты раз амаль усе аўтары і артысты ўвачавідкі прадстаўлялі свае творы. Ацаніць іх запрасілі і журналістаў.

Прытым што ўсе песні аб’ектыўна добрыя, на мой густ, відавочных фаварытаў — тры. Гэта поп-рокавая, стадыённая рэч “Champion” гурта LiteSound. “Bright Year, Bright You” (дарэчы, так гучыць і слоган гульняў — у адаптаваным варыянце з ангельскай “Яркi год, яркі ты”) — рытмічны стылістычны мікс ад гурта Aura (яго ідэолаг Яўген Алейнік прыцягнуў да выканання яшчэ і Мінскі госпел-хор, ансамбль песні і танца “Зорачка” — і ўсе яны ў гэты дзень рэальна “запалілі” на невялікай сцэне) — я б вікторыю аддаў гэтай кампазіцыі. Атмасферны трэк “Winners” аўтарства Леаніда Шырына — другая вікторыя ад мяне, ён ляжыць у рэчышчы песень, якія з’яўляліся музычнымі візітоўкамі розных міжнародных форумаў многіх апошніх гадоў. Між іншым, кампазітар не змог асабіста прысутнічаць на “прагоне”, а таму ўсе прысутныя проста праслухалі кампазіцыю пад карцінку на экране — з фрагментамі спартыўных спаборніцтваў. Гэтак жа віртуальна пазначыў сябе і Юзары з песняй “This Land” — яе, хай даруе мне спявак, я адношу да аўтсайдараў (але толькі ў дадзеным кантэксце). Астатнія ж артысты спявалі “жыўцом” пад інструментальныя “мінусоўкі”. Чацвёртай у маім рэйтынгу стала найбольш папсовая, што не моліць яе астатніх заслуг, “Хто, калі не мы”, якую праспяваў дуэт Герман Цітоў — Яўген Курчыч.

“Ну а якія ж песні ўсё-такі стануць матывам ІІ Еўрапейскіх гульняў? — спытаеце вы мяне. — Якім чынам яны будуць вызначаныя?” З гэтым пакуль абсалютнай яснасці няма. Што вядома на сёння, дык тое, што на сайце Белтэлерадыёкампаніі ёсць банер, клікнуўшы на які ўсе жадаючыя змогуць азнаёміцца з музычным матэрыялам і, адпаведна, прагаласаваць за ўпадабаную кампазіцыю. Пасля такога грамадскага абмеркавання, па ідэі, журы і павінна вызначыць... трох пераможцаў. Далей... Зрэшты, лепш я дам слова Васілю Раінчыку:

— Шчыра вам скажу: не ведаю, колькі песень будзе выбрана для гэтых гульняў. Адна, тры ці ўсе пяць. У большай ступені гэта залежыць ад аргкамітэта мерапрыемства. Яго прадстаўнікі, наколькі я разумею, вывучаць вынікі грамадскага апытання, абавязкова выслухаюць меркаванне журы і вынесуць канчатковае рашэнне. А да яго яшчэ далёка, як і да саміх гульняў. Для вызначэння сапраўды лепшых песень час ёсць, набярыцеся цярпення.

І яшчэ адзін каментарый, ад Яўгена Алейніка:

— Наша задача заключалася ў тым, каб стварыць масавы музычны твор. І, па-мойму, ён атрымаўся. Песню гурта Aura могуць спяваць адразу некалькі выканаўцаў, і падпяваць ёй, упэўнены, зможа вялікая колькасць людзей. Што, уласна, і патрабуецца для песень, арыентаваных на буйныя форумы рознай накіраванасці.

Дык вось, слухайце, галасуйце і чакайце II Еўрапейскія гульні, да пачатку якіх засталося ўжо менш за год.