Не апраўданне, а падстава

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

25 чэрвеня 2018 года ў Міністэрстве культуры краіны адбылося пасяджэнне калегіі, на якім абмяркоўваўся стан і перспектывы дзейнасці аматарскіх (непрафесійных) калектываў мастацкай творчасці.

/i/content/pi/cult/698/15312/IMG_6231-S.jpg— У рэспубліцы налічваецца каля 21 тысячы аматарскіх аб’яднанняў, у складзе якіх - больш за 200 тысяч чалавек, — адзначыў ва ўступным слове міністр культуры краіны Юрый Бондар. — У апошнія гады мы назіраем некаторае падзенне цікавасці да ўдзелу ў аматарскіх калектывах насельніцтва. Безумоўна, гэтым тэндэнцыям маецца тлумачэнне — скарачэнне сеткі клубных устаноў, а таксама змена пераваг насельніцтва ў правядзенні вольнага часу. Але гэта з’яўляецца не апраўданнем, а падставай да пошуку новых шляхоў захавання і развіцця народнай творчасці.

Сапраўды, з 2013 года сетка непрафесійных калектываў скарацілася ў Беларусі на 16,6%. У той жа час іх прафесійная якасць значна ўзрасла. З’явіліся новыя заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь (усяго 109, павелічэнне на 9% у параўнанні з 2013 годам), некаторыя перайшлі на прафесійную дзейнасць. Па стане на чэрвень бягучага года стала 3 265 калектываў з найменнямі “народны” (“узорны”), было — 2 958. Калектывы мастацкай творчасці складаюць аснову культуры
раёнаў і, у прыватнасці, сельскай мясцовасці.

Праяўляецца стабільнасць у развіцці музычна-інструментальных і цыркавых калектываў, але існуе праблема з аматарскімі духавымі аркестрамі. Бачыцца натуральнае змяншэнне колькасці аўтэнтычных фальклорных груп, але і не павялічваецца колькасць фальклорных аматарскіх, вакальна-харавых, тэатральных калектываў, якія працуюць і ў жанрах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выключэнне складаюць асобныя праявы павелічэння колькасці тэатральных калектываў ва ўстановах Міністэрства адукацыі і дзіцячых фальклорных — у арганізацыях Міністэрства культуры, але на агульны стан яны не ўплываюць.

Выклікае занепакоенасць стан харэаграфіі, якая развіваецца нераўнамерна і, у асноўным, трымаецца на энтузіязме асобных спецыялістаў. У рэспубліцы дзейнічае 2 969 танцавальных калектываў, сярод якіх 2 448 дзіцячых, іх колькасць паступова памяншаецца. Не могуць не радаваць поспехі 34 харэаграфічных і вакальна-харэаграфічных заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь, але іх магло быць і больш. Адчуваецца, асабліва ў сельскай мясцовасці, недастатковасць падрыхтаваных харэографаў. Вялікая ўвага надаецца народнаму танцу, этнавыхаванню на адзіным рэспубліканскім дзіцячым фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які толькі што прайшоў у Акцябрскім Гомельскай вобласці.

Важным стымулам і матывацыяй развіцця народнай творчасці ў краіне магло б стаць правядзенне ўсебеларускага (рэспубліканскага) агляду-конкурсу народнай творчасці, да прыкладу “Таленты вёскі”, на прыз ураду, абласных выканкамаў.

Маюцца праблемы ў набыцці сцэнічных касцюмаў, музычных інструментаў, асабліва ў народных майстроў, занатаванні і выданні фальклорных экспедыцыйных запісаў, замацаванні маладых спецыялістаў на вёсцы і забеспячэнні іх жыллём, дадатковым стымуляванні мастацкіх кіраўнікоў творчых калектываў, якія маюць ганаровыя званні, і ўдзельнікаў, якія працуюць наогул на добраахвотнай аснове.

Аб асаблівасцях развіцця аматарскіх калектываў прафсаюзных і ведамасных арганізацый распавёў Глеб Лапіцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, сфера якой за пяць гадоў зменшылася больш чым на 26%.

Тэндэнцыя па ліквідацыі або перадачы ў камунальную ўласнасць клубных арганізацый і пазбаўленне падтрымкі базавага прадпрыемства, з-за чаго ўмовы і вынікі работы аматарскіх калектываў значна пагаршаюцца, памяншаецца колькасць удзельнікаў. З шэрагу прычын прадпрыемствам становіцца нявыгадна ўтрымліваць клубы: неабходна несці выдаткі не толькі на камунальныя плацяжы, але і на падаткі — зямельны і па нерухомасці, на аплату дзяржпошлін за правядзенне мерапрыемства, чаго няма для іншых клубных арганізацый сістэмы Міністэрства культуры. Неабходна выпрацоўка адзіных падыходаў да дзейнасці прафсаюзных, ведамасных і бюджэтных клубных арганізацый рэспублікі, паколькі мэта ў іх адна — захаванне і развіццё аматарскага мастацтва.

Свае меркаванні і прапановы выказалі прадстаўнікі аблвыканкамаў Алена Козіч (Брэст), Пятро Падгурскі (Віцебск), Інга Заўгародняя (Гомель), Алена Клімовіч (Гродна), Іна Багамазава (Магілёў), Яўген Асташоў і Ганна Шыманская (Мінск), а таксама дырэктары Кацярына Лабука (Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці), Надзея Васільчанка (Нацыянальны цэнтр народнай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі краіны) і іншыя.

Удзельнікі рабочага пасяджэння адзначылі, што ўвогуле ў дзяржаве створаны добрыя ўмовы для развіцця народнай творчасці на заканадаўчым, арганізацыйным і метадычным узроўнях, дзякуючы чаму аматарскае мастацтва жыве і развіваецца. Аднак рабіць падобныя агляды і знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых шляхоў падтрымкі і папулярызаціі народнай творчасці павінны стаць сістэмнай работай.

Алесь ЛОЗКА, начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур

Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ