“Не маю права на памылку”

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Музейная справа вачыма новага кіраўніка Нацыянальнага гістарычнага музея
28 сакавіка бягучага года адносна нядаўні выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Павел САПОЦЬКА, які ўзначальваў мастацкую галерэю “Універсітэт культуры”, стаў дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Для многіх такі кадравы ход быў нечаканым: іншым разам маладосць у нас лічыцца ці не заганай. Але факт застаецца фактам: малады ды амбіцыйны, станоўча зарэкамендаваўшы сябе на першым рабочым месцы, узняўся на чарговую і вельмі адказную кадравую прыступку. А гаспадарка яму дасталася, мякка кажучы, няпростая. На сустрэчу з журналістамі “К” Павел Сапоцька запрасіў і сваіх калег — намеснікаў і кіраўнікоў музейных філіялаў.

/i/content/pi/cult/696/15284/IMG_2777-8888888888_opt.jpeg— Да месца, як падаецца, показку згадаць: “Міхаіл Аркадз’евіч! Вы моцны, вы зможаце. — Яша, я — разумны. Я нават і не вазьмуся”. Вы, Павел Міхайлавіч, разумны, але ўзяліся. Не было жадання адмовіцца?

— Не было. Праца цікавая. У нас — вялікая колькасць праектаў і вельмі важных спраў. Адна з самых галоўных — узвядзенне з нуля новага музейнага будынка па праспекце Пераможцаў. Цяпер распрацоўваецца архітэктурна-мастацкае рашэнне экспазіцыі, узгадняецца размяшчэнне залаў і абсталявання па паверхах. Думаю, што на 2020 — 2021 гады прыпадзе мантаж музейнай экспазіцыі ў новым будынку. Натуральна, не спыняюцца шчыраванні і на той базе, што пакуль маем. Гаворка пра навукова-асветніцкую, метадычную, міжнародную дзейнасць у кожным з філіялаў.

— Вельмі цікава даведацца, з якімі эмоцыямі ўзяліся за справу?

— З самымі станоўчымі. Адразу сказаў калегам, што адчуваю вялікую адказнасць. І толькі цяпер, калі паглыбляюся ў справу, пачынаю разумець маштабы гэтай адказнасці. Музей — нацыянальнага ўзроўню, музей — гістарычны. Значыць, тут і ідэалагічны складнік на першае месца паўстае… Але па-ранейшаму адчуваю ўздым і жаданне працаваць, бо ёсць каманда, цудоўны калектыў, які якасна выконвае свае абавязкі. Колькасць запатрабаваных імпрэз — таму доказ. А праблемы мы прызвычаіліся называць задачамі. І яны для таго і існуюць, каб іх вырашаць.

— З галерэі “Універсітэт культуры” вас забралі, можна сказаць, на ўзлёце. Апошняя акцыя там — заслугоўвае ўвагі. З усіх (!) школ мастацтваў краіны сабралі каля паўтары тысячы лепшых мастацкіх работ, для выставы адабралі — каля 250. Каталог, выдадзены пасля мерапрыемства, і па сёння мае самы станоўчы розгалас у рэспубліцы.

— Так. Акцыя, на мой погляд, атрымалася.

— Хочацца нагадаць вашым калегам, Павел Міхайлавіч, што вы — выхаванец кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якая выпускае “злых” да працы і амбіцыйных спецыялістаў. І ў сувязі з гэтым вось якое пытанне. Вам не падаецца, што сёння цяжка знайсці наўкола аднадумца, які, разумеючы карысць стасункаў, стане вашым надзейным партнёрам ці спонсарам. Востры недахоп маладых кадраў з перспектыўным мысленнем?

— Цалкам згодны. У нас інстытута менеджменту няма ўвогуле. Так, кафедры ў пэўных вышэйшых установах ёсць. Але як паказвае практыка, патрэбны моцны корпус менеджараў, прадзюсараў, арт-крытыкаў…

/i/content/pi/cult/696/15284/IMG_2799-222222_opt.jpeg— Універсітэт культуры цяпер таксама глядзіць на вас з надзеяй.

— Я ўвогуле права на памылку не маю.

— У якім стане прынялі ад папярэдніка гаспадарку?

— Канешне, задач шмат. Матэрыяльна-тэхнічныя, фінансавыя пытанні не даюць сёння спакойна спаць любому кіраўніку сферы культуры. Самае галоўнае, што аўра ў калектыве добрая. Паколькі фінансаванне ўзвядзення новага будынка і стварэння экспазіцыйных планаў хацелася б лепшае, пэўныя грашовыя пытанні будзем імкнуцца вырашаць сіламі музея і пры падтрымцы партнёраў-спонсараў.

— Што будзеце рабіць з фондасховішчамі, рэстаўрацыйнымі майстэрнямі?

— Тут спадзеў толькі на новы будынак. Хочацца не толькі захоўваць належным чынам, але і максімальна шырока выкарыстоўваць фонды для сістэмных асветніцкіх акцый. Артэфакты павінны працаваць.

— Знешне новы музей будзе адпавядаць сваёй ідэі? У Туле, да прыкладу, музей зброі падобны да шлема старадаўняга ваяра.

— Адразу наш архітэктар Алег Вараб’ёў звярнуў увагу не толькі на архітэктурны выгляд будынка, але і на гістарычны бок як інтэр’ера, так і экстэр’ера. Мы зараз вельмі шчыльна з ім супрацоўнічаем.

— Новы будынак размесціцца насупраць Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Канкурэнцыі не баіцеся?

— Калі б гэтай канкурэнцыі не было, варта было б яе прыдумаць. Галоўнае, каб канкурэнцыя была адэкватнай ды здаровай. Толькі ў такім выпадку яна перарастае ў супрацоўніцтва. Дарэчы, у нас — шмат праектаў у гэтым кірунку. У тым ліку і з Нацыянальным мастацкім музеем.

Калі гаворка зайшла пра тэхнічнае ўзбраенне новага музея, намеснік дырэктара Аляксандр Храмы зазначыў, што пра інфармацыйныя тэхналогіі, якія імкліва развіваюцца, ёсць сэнс гаварыць гады за два да непасрэднага адкрыцця музея. Зразумела адно: абсталяванне гэтае будзе найноўшым. Што тычыцца абсталявання сённяшняга, дык сярод яго, па словах намесніка кіраўніка ўстановы, штогод з’яўляюцца навінкі.

А намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ніна Калымага распавяла пра тое, што ў 2008 годзе была распрацавана агульная канцэпцыя будучай музейнай экспазіцыі па кожнай з гістарычных тэм. Дапамагала і зацвярджала яе разам з Міністэрствам культуры Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Натуральна,
прайшло шмат часу. Таму летась канцэпцыя была якасна дапрацавана з улікам новых гістарычных адкрыццяў.

Пасля канцэпцыі рыхтуецца ці не самы галоўны дакумент: тэматыка-экспазіцыйны план. Ён таксама складзены і налічвае 700 старонак. Тут прапісана кожная тэма. Пры гэтым улічаны музейныя прадметы, якія адпавядаюць дадзенай тэме. Пазначаны іх характарыстыкі, умовы захоўвання. Новая экспазіцыя не будзе нагадваць краязнаўчы музей постсавецкага часу. Не, храналогія развіцця краіны будзе мець месца, але ёсць намер паказаць у кантэксце экспазіцыі яшчэ і адкрытае захаванне фондаў. Да прыкладу, калекцыя нумізматыкі ў Нацыянальнага гістарычнага музея — адна з лепшых у Беларусі. Плюс — абавязковы інтэрактыў. Памяняюцца інфармацыйныя тэхналогіі — зменіцца і экспазіцыя.

Вучоны сакратар Алег Ладзісаў распавёў пра тое, як назапашваўся вопыт вядзення справы ў новым будынку. Гэтаму нават адны з музейных чытанняў былі прысвечаны, у якіх прымалі ўдзел ці не ўсе прадстаўнікі музеяў краіны. Браўся пад увагу любы нестандартны прыём працы.

— Але пакуль вы працуеце на старой базе. Ці прадугледзелі рэкламныя акцыі для таго, каб публіка ведала, як вы збіраецеся аднаўляцца, на якія сілы пры гэтым будзеце разлічваць? Гаворка не пра новыя тэхналогіі, а каб займець у якасці саюзнікаў, партнёраў шараговую публіку. Мы шмат пісалі пра тое, як падтрымалі Музей гісторыі Магілёва насельнікі абласнога цэнтра. На музейны рахунак пастаянна паступалі грошы, за якія набываліся рарытэтныя музейныя прадметы, шмат было дабрачынных ахвяраванняў. І такі кантакт, калі людзі пачалі называць музей сваім, стаў сістэмным. А на сайце заўжды маецца інфармацыя, што музей прыдбаў на аўкцыёнах і што збіраецца прыдбаць.

— З музейнага прадмета і пачынаецца музей, — далучылася да размовы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ніна Калымага. — Ёсць і ў нас артэфакты. Але іх не бывае шмат. Экспанаты савецкага часу прадстаўлены досыць шырока. А вось па XIV — XVII стагоддзях матэрыялу практычна няма… Так, будзем выкарыстоўваць рэплікі. Аднак і гэта не сама мэта. Пры падтрымцы замежных музейных устаноў маем намер стварыць віртуальны музей таго, што мы згубілі пасля Вялікай Айчыннай вайны… Што тычыцца паступленняў у фонды, дык штогод у сярэднім да нас паступае ад тысячы да двух патэнцыяльных экспанатаў. На жаль, гэта, у асноўным, закупкі. Цяпер людзі больш меркантыльныя. Дзесьці ў 1950-х нават калі хто і клад адшукваў, дык штосьці ў музей перадаваў.

— Але ж з калекцыянерамі працуеце?

— Безумоўна! Апошнія набыткі — карта Вялікага княства Літоўскага Макоўскага, срэбраны вясельны кубак унука Міхала Клеафаса Агінскага. Калекцыянеры ўвогуле актывізавалася апошнім часам. Ведаюць пра нашы перспектывы з новым будынкам, усяляк імкнуцца дапамагчы. Такім чынам нашы зборы нумізматыкі пастаянна павялічваюцца. А да працы ў новых экспазіцыйных умовах рыхтуемся аж з 2008 года.

— Рэстаўрацыя з кансервацыяй — таксама неад’емныя складнікі музейнай справы.

— Менавіта таму стараемся рэгулярна атрымліваць прэзідэнцкія гранты на рэстаўрацыю. Яна — штодзённая праца любога музея. Дарэчы, мы выпусцілі альбом нашых апошніх паступленняў-рарытэтаў. Робім гэта рэгулярна. Чым не рэкламная акцыя?

— Павел Міхайлавіч, пра тое, што вы займелі новую пасаду, мы яшчэ і з сацыяльных сетак даведаліся. Гэта — ваша асабістая рэкламная ініцыятыва. А ці ёсць у вас спецыяльная каманда для прасоўвання рэкламных дадзеных?

— У нас ёсць інфармацыйна-выставачны аддзел. Мы стварылі і рабочую групу па ўзаемадзеянні са СМІ. У кожным нашым філіяле ёсць адказныя па рабоце з прэсай, па прасоўванні брэндаў. Імкнемся зрабіць гэтую работу сістэмнай. У тым ліку і па філіялах, у кожнага з якіх — свая праграма дзеяння, міжнародныя стасункі.

— Вось як толькі напішаш крытычную рэцэнзію пра спектакль, тэатр адразу забараняе аўтару пераступаць свой ганак. А як музей ставіцца да крытыкі?

— Чорнага спісу, прынамсі, у нас няма. А да заўваг мы пастаянна прыслухоўваемся.
Праўда, бываюць і некампетэнтныя, непрафесійныя меркаванні. Адсочваем, рэагуем, узважваем.

— Ці патрэбна інстытуцыя музейнага крытыка?

— Ёсць экспертныя таварыствы, кансультацыйныя саветы. Мы пастаянна звяртаемся за парадамі на самыя розныя кафедры нашых вышэйшых навучальных устаноў. Заўжды працуем з экспертамі. Гэтага, думаю, дастаткова. Думаю, што і фокус-групы музеям не патрэбны.

— Вам не падаецца, што апошнім часам музеі прымушаюць забаўляць, а не выхоўваць? Адукацыйная, інфармацыйная функцыі часам проста не дзейнічаюць. Дзецям цікава, дарослым — не.

— Мы гэты баланс павінны строга захоўваць. Формы і падыходы будуць мяняцца (і яны мяняюцца), але экскурсійныя праграмы неабходна распрацоўваць і для навукоўцаў-даследчыкаў, і для людзей, якія не маюць грунтоўнага ўяўлення пра нашу гісторыю, але жадаюць паглыбіць свае веды, і для школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў. Экспазіцыя адна, але стаўленне да зместу экскурсіі — рознае. Гэта адзін з прыкладаў. У летні перыяд мы распрацавалі шмат культурна-асветніцкіх праграм для дзетак.

 — Ці ёсць для вас у сценах музея тэмы забароненыя?

— Толькі калі забаронены законам. А вось выстава з нагоды стагоддзя БНР
прайшла арганічна і вынікова. Мы не робім высновы, мы паказваем дакументы, а наведвальнікі з іх дапамогай робяць вынікі самі.

— Вельмі арыгінальная выстава фальшывых манет.

— Заслуга нашага калектыву і спонсараў у тым, што такая ідэя (аналага не прыгадаю) была паспяхова рэалізавана.

— Наш калега Алег Клімаў знайшоў у інтэрнеце нейкую справаздачу, прачытаў урывачак пра тое, што вялікія музеі не падтрымліваюць музеі дробныя, і запытаўся: “Хто напісаў і калі?” Аказваецца прамова належыць Дзмітрыю Ліхачову, а выступіў ён з ёю аж 30 гадоў таму. У вас транспарту хапае для наладжвання выязных выстаў?

— Так, дзве грузапасажырскія машыны ёсць. У нас самыя шчыльныя стасункі з музеямі краіны. Гаворка ўжо была пра музейную канферэнцыю. Калі мы атрымалі грант Прэзідэнта на рэалізацыю праекта “Беларусь. Адраджэнне духоўнасці”, запрасілі да ўдзелу ўсе музеі. Адгукнуліся ўстановы Гродна, Маладзечна, Полацка. За спонсарскія грошы змаглі прывезці з Гістарычнага музея Масквы пражскае выданне Бібліі Скарыны. Не толькі прывезлі, але і здолелі адсканаваць яе і зрабіць копію.

Гаворка зайшла, натуральна, і пра дзейнасць музейных філіялаў. Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, да прыкладу, мае добры калектыў, які здольны працаваць у любых варунках. Асноўны музейны прадмет тут — беларуская музыка, беларускі спектакль, дакладней, памяць па ім. Гэтую памяць тут і стараюцца аднавіць. Мемарыяльныя пакоі Станюты і Яроменкі і ствараюць належную эмацыйную атмасферу. У Славакію адправілася днямі выстава пра сцэнографа Аскара Марыкса і ягоную творчасць.

Музей гісторыі беларускага кіно таксама вызначаецца арыгінальнымі праектамі. Менавіта тут якасна адноўлена калекцыя першых мастацкіх фільмаў і анімацыі. У “Беларусфільма” на гэта, скажам, сіл не хапіла. Да стагоддзя беларускага кіно неабходна трансфармаваць экспазіцыю.

Заўжды запатрабаваны ў дзятвы Музей прыроды і экалогіі. Дом-музей І з’езда РСДРП таксама значна павялічыў за апошні час колькасць наведвальнікаў. Галоўная праблема — захаванне супрацоўнікаў, якія здолелі набыць унікальны досвед працы, і малая музейная плошча, якая стрымлівае творчую фантазію
крэатыўных супрацоўнікаў.

— Павел Міхайлавіч, колькі слоў пра бліжэйшую перспектыву.

— Восенню плануем правесці навукова-практычную канферэнцыю па праблемах музейнай справы ў краіне. Гэта і нам дапаможа ў пэўнай ступені наладзіць выніковую дзейнасць. Таксама з наступнага года будзем ладзіць Рэпубліканскі конкурс на найлепшую рэгіянальную музейную ўстанову ў краіне. А зараз рыхтуем буйныя праекты: выстава з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея з Масквы (куратар Ніна Калымага), выстава да 100-годдзя з дня заканчэння Першай сусветнай вайны (куратар Аляксандр Храмы).

— Як з моладдзю працуеце?

— Вельмі хочам, каб у музейным штаце было больш навукоўцаў. Таму стажыроўкі маладых супрацоўнікаў — ужо справа традыцыйная. Прымаюць нашы супрацоўнікі ўдзел у канферэнцыях, форумах, выступаюць у якасці арганізатараў і куратараў буйных праектаў. Напрыклад, адзін з нашых маладых спецыялістаў у гэтым месяцы паедзе ў камандзіроўку ў Румынію, другі — у верасні ў Казахстан.

— І апошняе пытанне, звязанае з вашай міжнароднай дзейнасцю.

— Працуем з дыпламатычным корпусам. Сёння нашы выставы ёсць у Амане, Таджыкістане, Расіі, Сербіі, Славакіі.
Неўзабаве будуць наладжаны творчыя кантакты з Кубай. У нас працуюць выставы татарскай, в’етнамскай культуры. Падтрымліваем стасункі з калегамі, з навучальнымі ўстановамі і выдавецтвамі.

Пытанні задавалі
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ,
Настасся ПАНКРАТАВА, Яўген РАГІН.