Ці ведаў Карл Юнг пра Бабу Ягу?

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Заўвагі на палях Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі
Казкі завабліваюць у палон не толькі малых дзетак. Іх свет зачароўвае сваім хараством і дарослых. Менавіта таму казкі лічацца найбуйнейшым здабыткам нацыянальнай культуры, які да сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. У гэтым можна было пераканацца, наведаўшы Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі.

/i/content/pi/cult/694/15256/21.JPGПершы — прадстаўнічы

Гэтае маштабнае мерапрыемства, якое ўключала міжнародную навуковую канферэнцыю “Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы”, круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”, а таксама паказ беларускіх мультфільмаў ды іншыя цікавосткі, ладзілася ў Беларусі ўпершыню.

— Форум з’яўляецца лагічным працягам тых буйных міжнародных ініцыятываў, якія ў апошнія гады рэалізуюцца нашым цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, — адзначыў “К” дырэктар установы Аляксандр Лакотка. — Згадаю, напрыклад, Міжнародны кангрэс беларускай культуры (2016 год), а таксама леташні Міжнародны навуковы форум “Традыцыйны беларускі касцюм у еўрапейскай культурнай прасторы”. Не сумняюся, што такі ж маштабны рэзананс выклікае і наш кангрэс, прысвечаны беларускай казцы.

Сапраўды, у форуме ўзялі ўдзел вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Эстоніі, Расіі, Украіны і Балгарыі. Тэмы былі самыя разнастайныя. Скажам, прэзідэнт Акадэміі навук Абхазіі Зураб Джапуа выступіў з дакладам “Асноўныя персанажы абхазскіх казак пра жывёл”, кіраўніца сектара “Балканская этналогія” Балгарскай акадэміі навук Кацярына Анастасава распавяла пра беларускую казку ў Балгарыі, а загадчыца аддзела нематэрыяльнай культурнай спадчыны Дзяржаўнага Расійскага Дома народнай творчасці Варвара Дабравольская агучыла паведамленне на тэму “Рускія казачнікі ў XXI стагоддзі”. І гэта, натуральна, самы нязначны пералік тэм, прэзентаваных падчас міжнароднай канферэнцыі.

— Беларуская казка прываблівае і будзе прывабліваць шматлікіх даследчыкаў, бо ў ёй захоўваецца частка духоўнай культуры нашага народа, — перакананы Аляксандр Лакотка. — Мы вядзём сумесную працу з Кітайскай акадэміяй грамадскіх навук: па ўзаемнай дамоўленасці выдаём помнікі духоўнай культуры Беларусі на беларускай, кітайскай, англійскай і іншых мовах. Так, зборнік узораў народнай мудрасці — прыказак і прымавак — ужо выйшаў з друку, як і зборнік загадак “Бегла ліска каля лесу блізка”. А налетась плануем выдаць том, прысвечаны беларускай казцы. Матэрыялаў для яго — больш чым дастаткова.

Неўміручы жанр

Сапраўды запамінальным не толькі для замежных, але і для беларускіх даследчыкаў стаў першы дзень форуму, калі перад яго ўдзельнікамі выступілі аўтэнтычныя майстры казкавага жанру: Соф’я Каток з вёскі Пласток Любаньскага раёна, Людміла Глухатарэнка з вёскі Санюкі Ельскага раёна, Аляксандр Галкоўскі з Судзілаў Клімавіцкага раёна. Акрамя іх, сваё майстэрства прадэманстравалі гасцям і маладыя пераймальнікі народных традыцый.

— Некаторых з гэтых людзей беларускія даследчыкі запрашалі асабіста, бо ведалі пра іх дзякуючы экспедыцыям у розныя куточкі краіны або фальклорным імпрэзам і конкурсам, — тлумачыць малодшы навуковы супрацоўнік аддзела Цэнтра фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Алена Ляшкевіч. — На жаль, грунтоўнай базы носьбітаў беларускага казачнага эпасу на сёння ў Беларусі не створана.

І гэта цалкам зразумела. Установы культуры з рэгіёнаў даволі паспяхова займаюцца збіраннем рэцэптаў адметнай рэгіянальнай кухні, аднаўленнем абрадаў і розных рамесных традыцый, мясцовых народных строяў ды іншых праяў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры. Усё гэта, бясспрэчна, вельмі важна і патрэбна. Але ж і забывацца на ўнікальны мясцовы казачны эпас, які, магчыма, яшчэ дзе-нідзе беражліва захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне, таксама не варта.

Праўда, паслухаўшы з дзясятак выступленняў як сталых, так і маладых казачнікаў Беларусі, упэўніваешся, што аптымізму ў справе захавання беларускай аўтэнтычнай народнай казкі сёння больш, чым адваротных пачуццяў. Гэтую выснову пацвердзіў і Аляксандр Лакотка.

— Па маіх назіраннях, сучасная моладзь з вялікай цікавасцю ставіцца да народнай культуры, — адзначыў дырэктар Цэнтра. — Таму пераемнасць традыцый у казачным жанры сёння — навідавоку. Што, натуральна, не можа не радаваць.

Удзельнікі форуму звярнулі ўвагу і на поспехі айчынных аніматараў. Мультфільмы, створаныя па матывах беларускіх народных казак, рэгулярна ўдзельнічаюць у прадстаўнічых міжнародных кінафестывалях.

Вобраз — шматгранны

Хто такая Баба Яга? І сапраўды, хто? На круглым стале “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай” гэтым пытаннем задаваліся многія з удзельнікаў дыскусіі.

Хаця распачалася яна з выступу мадэратара круглага стала, кандыдата філалагічных навук, супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Беларусі Сяргея Мінскевіча, які нагадаў прысутным, што казка існуе і грунтуецца на трох “кітах”: павучанні, выхаванні і забаўцы. Калі хаця б адзін з іх адсутнічае, — так бы мовіць, плавае ў іншым акіяне або ўвогуле ігнаруецца аўтарам, — дык і казка атрымліваецца не зусім тая, якая павінна быць.

У звязку з гэтым журналіст Тамара Бунта выказала некалькі заўваг наконт хібаў сучасных беларускіх казак. Гэта, на яе думку, і маралізатарства, якое прысутнічае даволі часта, і засяроджванне ўвагі маленькіх чытачоў толькі на забаўляльным аспекце.

— І ці думае такі пісьменнік пра сваіх маленькіх чытачоў? — задалася рытарычным пытаннем Тамара Бунта. — На мой погляд, сучасныя аўтары часцяком пішуць самі для сябе.

А пра Бабу Ягу згадаў у сваім выступленні літаратар Валерый Гапееў, адзначыўшы, што многія сучасныя аўтары ў сваіх казках надаюць гэтаму персанажу толькі адмоўныя рысы. Між тым, калі зыходзіць з фальклору, гэты вобраз — надзвычай складаны. Таму аўтару варта было б спачатку звярнуцца да навукоўцаў, якія б дапамаглі яму напоўніцу зразумець гэты вобраз ва ўсёй яго шматграннасці.

Выступ Валерыя Гапеева задаў тон далейшай дыскусіі: пра шматзначнасць вобразу Бабы Ягі пачалі казаць многія з прысутных на круглым стале. Так, даследчык Віктар Жыбуль казаў пра архетыпы, якія прысутнічаюць у казках, прыгадваючы Карла Юнга, а драматург Віталь Каралёў — пра тое, што хата Бабы Ягі — гэта месца, дзе сыходзіцца гэты свет і свет іншы. Акрамя таго, многія выступоўцы шматкроць падкрэслівалі, што аўтар казкі заўсёды мае права на ўласную фантазію і таму можа ствараць свой вобраз таго ці іншага персанажа, не надта азіраючыся на фальклор. Праўда, Валерый Гапееў з апошняй высновай так, падаецца, і не пагадзіўся.

На завяршэнне дыскусіі Серж Мінскевіч нагадаў прысутным, што і самі навукоўцы дасюль дакладна не ведаюць, адкуль і хто такая Баба Яга, трактуючы гэты вобраз па рознаму — ці то як нейкую зборную адмоўную сілу, ці то як старую знахарку, якая лечыць людзей травамі, ці то як вядзьмарку, якая з’яўляецца правадніком паміж гэтым светам і іншым…

Да агульнай думкі адносна семантыкі ўсім вядомага персанажа ўдзельнікі круглага стала так і не прыйшлі. Але самае галоўнае, што іх дыскусія была настолькі ж шматграннай у сваёй праблематыцы, як і многія вобразы беларускіх казак.

 

 

Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"