Лабірынты лёсу Магілёўскага тэатра

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Мінулы тыдзень быў для Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра юбілейным. “Нам — 130!” — ганарліва пазначалася ў афішы, якая запрашала на святочную вечарыну “Тэатр — жыццё! Жыццё — тэатр!” і тры паказы падрыхтаванага да ўрачыстасцяў прэм’ернага спектакля “Таямніца старой ратушы”. У фае разгарнулася незвычайная выстава Алы Веліканавай, дзе большую частку склалі партрэты артыстаў — не фатаграфічныя ці маляваныя, а… вышытыя. Мы ж, вышываючы літарамі, вырашылі раскрыць некаторыя таямніцы самаго тэатра — будынка і трупы.

/i/content/pi/cult/693/15223/5.JPGТое, што тэатр будаваўся на ахвяраванні саміх гараджан, ведаюць усе. Але не кожны чуў, што ўзорам для ўнутранага аздаблення, як адзначаў у сваіх публікацыях тэатразнаўца Вячаслаў Грыбайла, стаў адзін з тэатраў Варшавы. Затое многія памятаюць, як доўгія дзевяць гадоў будынак рэканструяваўся, прычым пачаўся рамонт у адным тысячагоддзі, а завяршыўся — у другім. Але ж гісторыя будынка і гісторыя ўласна тэатра, пад якім мы разумеем трупу, — дзве розныя таямніцы, гэткі заблытана-“закручаны” дэтэктыў. Мяркуйце самі!

Новая сцэна адкрывалася аматарскім спектаклем — дарэчы, акурат у дзень пяцігоддзя каранавання Аляксандра ІІІ (як бачыце, так званыя “дацкія” традыцыі, а менавіта прымеркаванне значных падзей да пэўных датаў-гадавін, нарадзіліся даўно). Доўгі час тэатр працаваў як сцэнічная пляцоўка, адкрытая для гастроляў антрэпрыз. І толькі ў 1929-м тут была створана пастаянная трупа — на базе ранейшай антрэпрызнай, якую ўзначальваў Уладзімір Кумельскі.

Вось адсюль і пачынаюцца прыгоды! Памятаеце, нядаўна Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага святкаваў 90-годдзе? Дык вось: ён узрос на плячах той магілёўскай трупы, якая пасля сталічных гастроляў стала рэспубліканскай, кватаравала не толькі ў Магілёве, але і ў Бабруйску, з 1945-га — у Гродне, а ў 1947-м атрымала, нарэшце, цяперашні мінскі адрас. Раней так заўсёды было. Што добрага з’явіцца ў рэгіёнах — адразу прысабечвае Мінск. А што ў Мінску лепшага — у Маскву, як і з іншых саюзных рэспублік.

Далейшыя пераўвасабленні — яшчэ больш заблытаныя. У канцы 1945-га ў Магілёўскі абласны перайменавалі былы Гомельскі, які не меў свайго будынка. А ў 1949-м — расфарміравалі, узмацніўшы артыстамі Брэсцкі абласны. Будынак зноў стаў гэткім “сцэнічным гатэлем”, адкрытым для гастралёраў-гасцей. І толькі ў 1954-м там канчаткова з’явілася свая трупа. “Новы” Магілёўскі абласны тэатр сфарміраваўся з некалькіх аматарскіх гуртоў (тэатраў працоўнай і калгаснай моладзі), якія, у сваю чаргу, таксама перажылі шэраг пераводаў-пераездаў-перайменаванняў.

У выніку, “продкамі” Магілёўскага тэатра (не будынка, а трупы) сталі: калектыў з Пінска, які сфарміраваўся ў Барысаве і адным часам працаваў у Заслаўі, і калектыў з Мазыра, які працаваў у Пінску. Вы яшчэ не заблыталіся, хто каму і кім прыходзіцца? Галоўнае, што ўсе — сваякі, а далёкія ці блізкія — не так і важна. Бо любы юбілей — нагода не толькі ўзгадаць гістарычнае мінулае, але і падсумаваць цяперашнія дасягненні.

Сучасны Магілёўскі драмтэатр асацыюецца не столькі з будынкам, колькі з Міжнародным тэатральным форумам “М@rt.кантакт”. З дырэктарам Андрэем Новікавым, які вядзе тэатральны і фестывальны караблі правільным курсам. З мастацкім кіраўніком і галоўным рэжысёрам Саўлюсам Варнасам, прыход якога працягнуў лепшыя авангардныя традыцыі тэатра, звязаныя з імёнамі Юрыя Міроненкі і Валерыя Маслюка, узбагаціў рэпертуар элітнымі фестывальнымі спектаклямі — іншымі словамі, надаў тэатру адметнае творчае аблічча, куды больш прыцягальнае, чым у многіх сталічных калектываў. Таму не дзіва, што святкуючы ўнушальны юбілей, так і хочацца адкінуць нулік, параўнаўшы тэатр з падлеткам, які хаця і перажывае складанасці “пераходнага ўзросту” (у рэпертуарных тэатрах такі стан — звыклы), ды ўжо намацаў перспектыўны шлях. Шлях у бок Мастацтва, творчай індывідуальнасці і майстэрства.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"