Беларуская энергетыка скарыла французаў

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Напачатку мая ў межах ІІІ Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі ў парыжскім тэатры “Атэлье” двойчы з аншлагам прайшлі паказы спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Гэта ўсё яна”.

/i/content/pi/cult/692/15205/8.JPGЛетась пастаноўку французская публіка ўжо бачыла на адным з самых вядомых у свеце фестываляў тэатральнага мастацтва ў Авіньёне ў пазаконкурснай праграме. Вынік — прыз тэатральнай асацыяцыі Tournesol. Акрамя прэстыжнай узнагароды, беларусы атрымалі захопленыя водгукі прэсы. Прынамсі, газета Vaucluse і інтэрнэт-партал ledauphine.com назвалі спектакль “Гэта ўсё яна” самародкам сярод пастановак і акцёрскіх работ фестывалю і дадалі: “Ад талента Людмілы Сідаркевіч і Дзмітрыя Давідовіча захоплівае дух. Глыбока ўзрушваюць энергія і натуральныя эмоцыі акцёраў, якія яны перадаюць у залу. Рыхтуйцеся атрымаць удар у самае сэрца ад гэтай незабыўнай п’есы”.

Выступленне калектыву ў Парыжы арганізавала франка-беларуская тэатральная асацыяцыя Demain Le Printemps пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі. У глядзельнай зале можна было сустрэць прадстаўнікоў Парламента і Міністэрства замежных спраў Францыі, сакратарыята UNESCO, дыпламатычнага корпуса.

Нагадаем, што апошнім часам франка-беларускія сувязі заўважна актывізаваліся — на гастролях у Францыі пабывалі калектывы Вялікага тэатра Беларусі, Купалаўскага тэатра, тэатра-студыі кінаакцёра, а таксама Балетная школа Марыны Вежнавец і іншыя.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"