3 873 асобнікі “Культуры” атрымліваюць штотыднёва сённяшнія нашы падпісчыкі. Гэта — агульная колькасць насельнікаў прыблізна двух палескіх сёл. А астатняя краіна? Так, нас не выпісваюць пад прымусам. Дык няўжо гэта падстава не лічыць сябе прафесіяналам і ігнараваць галоўную сваю трыбуну карпаратыўнай еднасці.
Няўжо кадравая сітуацыя настолькі кепская, што пераважную большасць пасад на сяле займаюць цяпер выпадковыя людзі, якім нашы практыка-арыентаваныя публікацыі як чырвоная ануча для быка? Няўжо нашы бібліятэкары ў сваёй большасці так не любяць чытаць? Няўжо нашы клубнікі да драбніц асвоілі праектную дзейнасць і самастойна скараюць адну грантавую вяршыню за другой? Няўжо нашы метадысты, музейшчыкі і рамеснікі ведаюць, як развівацца далей, і самастойна трымаюць кантакт з замежнымі калегамі, каб не адарвацца ад жыцця? Няўжо нашы выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў адчулі сваю самадастатковасць і сталі закрытымі ўстановамі адукацыі? Няўжо нашы ідэолагі ад культуры галоўнай лініяй дзейнасці абралі не ідэю нацыянальнага адраджэння, а прынцыповую пазіцыю абсалютнага ігнаравання друкаванага слова адзінай газеты культурнай сферы?
Калі хоць на адно з гэтых пытанняў прагучыць станоўчы адказ, нам варта будзе кінуць займацца газетай, а выпускаць хіба што насценгазету для тых, хто ўмее чытаць.
Перада мной — кантрольна-сартавальная табліца Белпошты за 7 мая бягучага года. Дык вось, дазволю згадаць, колькі асобнікаў нашай “Культуры” выпісана на гэты час па пэўных раённых цэнтрах: Бешанковічы — 2, Расоны — 2, Сянно — 4, Клімавічы — 4, Беразіно — 3, Карма — 3, Глуск — 2, Слаўгарад — 4, Шаркаўшчына — 4, Камянец — 3. Сумны спіс можна доўжыць і доўжыць.
Перакананы, гэтую публікацыю варта накіраваць на рэагаванне кіраўнікам згаданых раёнаў.