Лялькі ў культурным ландшафце

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Учора ў Мінск з’ехаліся калектывы ўсіх лялечных тэатраў Беларусі, а таксама госці з Балгарыі, Ізраіля, Ірана, Іспаніі, Расіі і Францыі. Замежная праграма Х Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек адкрылася спектаклем “Убю” кампаніі Pupella-Nogues з мястэчка Кен-Фансгрыў, што ля Тулузы. Гастрольны графік французскай трупы распісаны на шмат месяцаў наперад. Як прызналіся аглядальніку “К” заснавальнікі тэатра Жаэль Нагес і Джорджыа Пупэла, доўгае ліставанне з мастацкім кіраўніком фестывалю, галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксеем Ляляўскім дапамагло зрабіць немагчымае магчымым: чаканы па ўсім свеце калектыў з’явіўся і перад мінскай публікай.

/i/content/pi/cult/692/15201/3.JPGАматарам лялечнага мастацтва прадставілі трапны па візуальным вырашэнні спектакль, пастаўлены на двух акцёраў. Ды і ўся французская дэлегацыя таксама кампактная: у Мінск разам з рэжысёрам Жаэль Нагес і акцёрам Джорджыа Пупэла прыехалі актрыса з расійскімі каранямі Паліна Барысава, мастак па сцэнічным асвятленні Мір’ям Бертоль і гукарэжысёр Нікаля Кар’ер.

Дэкарацыі занялі ўсяго шэсць-сем скрыняў і змясціліся ў адным невялічкім грузавіку, а ўжо сёння лялькі і рэквізіт зноў спакуюць, каб пераправіць у Іспанію. Аднак за такой мінімалістычнасцю хаваецца ўражальны мастацкі і асветніцкі маштаб. Пастаноўка малой формы раскрыла глыбыню заганаў прагнага да ўладарства чалавецтва. А сама невялікая кампанія Pupella-Nogues вядомая тым, што арганізавала на поўдні Францыі прызнаны на рэспубліканскім узроўні Цэнтр стварэння, фарміравання і развіцця лялечнага мастацтва — нездарма іх дзейнасць субсідзіруецца тамтэйшым Міністэрствам культуры і камунікацыі, а таксама Саветам рэгіёна Поўдзень-Пірэнеі і Саветам дэпартаменту Верхняя Гарона.

Карэспандэнты “К” аднымі з першых пазнаёміліся з калектывам з Кен-Фансгрыў яшчэ да фестывальнага паказу. Нягледзячы на доўгі пераезд, французы не змаглі не затрымацца ў фае сталічнага тэатра лялек: Джорджыа Пупэла фатаграфаваў экзатычную для еўрапейцаў мазаіку з піянерскім флёрам, а Жаэль Нагес захаплялася памяшканнямі.

— У Францыі свой будынак мае толькі адзін — парыжскі — лялечны калектыў. Астатнія месцяцца на арандаваных невялічкіх пляцоўках, спектаклі граюць часцей за ўсё на сцэнах драматычных тэатраў, — растлумачыла спадарыня Нагес. — Таму нас сапраўды ўражвае ўсходнеславянская традыцыя ўзводзіць будынкі адмыслова для тэатраў лялек.

У размове з рэжысёрам нечакана выйшлі на вострую праблему, што аб’ядноўвае Францыю і Беларусь: тамтэйшыя лялечнікі таксама паўсюдна сутыкаюцца з успрыманнем тэатра лялек як прасторы выключна для дзяцей. Уласна Pupella-Nogues змагаецца з гэтым памылковым поглядам на працягу ўсёй сваёй амаль 35-гадовай гісторыі, прасоўвае тэатр лялек як непасрэдную частку ўдумлівага мастацтва, а не адно забавы для малечы. Пры кампаніі створана школа, якая рыхтуе лялечнікаў для работы з рознымі формамі, жанрамі, кірункамі.

/i/content/pi/cult/692/15201/1.jpgПадрабязней пра кропкі судакранання двух тэатральных сусветаў чытайце ў чэрвеньскіх нумарах “К”. Мы ж засяродзімся непасрэдна на фестывалі, бо наперадзе яшчэ тры дні, якія рыхтуюць шмат мастацкіх адкрыццяў для прыхільнікаў дадзенага віду мастацтва. З 1990-га года, калі былі закладзены традыцыі правядзення форуму, захавалася галоўная канцэпцыя: на роўных прадстаўлены замежны блок і айчынная праграма, у якую ўваходзяць спектаклі кожнага з сямі беларускіх дзяржаўных тэатраў лялек. Сёлета ў Мінску адначасова можна пабачыць усіх топавых беларускіх рэжысёраў: пасля ўчарашняга адкрыцця пастаноўкай Аляксандра Янушкевіча фестываль дорыць гледачу сустрэчу са спектаклямі Аляксея Ляляўскага, Алега Жугжды, Яўгена Карняга, Ігара Казакова, Юрыя Дзівакова.

/i/content/pi/cult/692/15201/4.JPG— Наша краіна можа ганарыцца рэжысёрамі, у прыватнасці, тымі, хто працуе ў тэатры лялек. Усе нам зайздросцяць, бо такой канцэнтрацыі выдатных рэжысёраў-лялечнікаў у адной краіне няма больш нідзе, — запэўніў журналістаў на прэс-канферэнцыі, што папярэднічала фестывалю, яго мастацкі кіраўнік Аляксей Ляляўскі.

Фэст пазбаўлены конкурснай праграмы, але, здаецца, глядач і без гэтага заахвочаны падзеяй, што адбываецца ў сталіцы: білеты на большасць з паказаў даўно раскуплены, на астатнія дзе-нідзе можна выпадкова і засталіся ўваходныя квіткі. Дырэктар фестывалю Яўген Клімакоў задаволены гэтым паказчыкам і падкрэслівае, што так адбылося без задзейнічання неадназначнай практыкі культпаходаў: “Добра, што кожны сам выбірае, куды ісці. Мы бачым у зале людзей, якім сапраўды цікавыя нашы імпрэзы. Толькі пры такой умове з кімсьці можа адбыцца штосьці падобнае да выпадку, які на маёй памяці адбыўся з Расціславам Янкоўскім. Некалі той прабіваўся на выступленне галандскага лялечніка Хэнка Бурвінкля на нашым фестывалі. Пры тым шалёным аншлагу народны артыст змог адшукаць сабе месца толькі на нейкай прыступцы. Са спектакля Расціслаў Іванавіч выйшаў са слязамі на вачах і завяраў, што не шкадуе, што ўвесь час прасядзеў практычна на падлозе, бо менавіта тут зразумеў, што такое мастацтва”.

— Важнасць форуму такога кшталту ў стварэнні адмысловага кантэксту, — лічыць Аляксей Ляляўскі. — Тут ёсць што паглядзець новага. Гледачы перастаюць сачыць, беларускі ці замежны тэатр паказвае спектакль — ён знаёміцца ў сябе дома з іншым культурным ландшафтам. Гэта надзвычай важкае ўкладанне!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"