Культурныя дарогі Еўропы

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

19 красавіка споўнілася 25 гадоў удзелу Беларусі ў Еўрапейскай культурнай канвенцыі. На гэтую тэму ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці прайшоў круглы стол, які стаў адной з нагодаў для першага візіту ў нашу краіну Генеральнага дырэктара Савета Еўропы па пытаннях дэмакратыі Сняжаны Самарджыч-Маркавіч.

/i/content/pi/cult/688/15125/5.JPGЯна адзначыла, што Еўрапейская культурная канвенцыя — своеасаблівы мост паміж дзяржавамі, якія ўтвараюць Еўропу. Яе галоўныя тэмы — культура, адукацыя, маладзёжная палітыка і спорт. Дакумент быў прыняты ў 1954-м — усяго на год пазней за Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека. Удзел у ёй нашай краіны дае магчымасць Еўропе больш ведаць пра Беларусь.

Першы праект, які цалкам рэалізаваны ў Беларусі па прапанаванай методыцы — COMUS (урбаністычныя стратэгіі гістарычных гарадоў, арыентаваныя на супольнасць). Ён адбыўся ў межах горада Мсціслава. Як адзначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яцко, сёння ідзе размова пра тое, каб распаўсюдзіць атрыманы вопыт на іншыя гістарычныя гарады.

Прывабны з усіх бакоў для Беларусі і праект “Культурныя дарогі”. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, для яго паспяховага развіцця нам спатрэбілася б больш дэталёвае абмеркаванне і пэўныя рэкамендацыі Савета Еўропы. У сваю чаргу, спадарыня Самарджыч-Маркавіч назвала з гэтага праекта перспектыўныя тэмы для ўдзелу Беларусі  — Напалеонаўскія войны і Магдэбургскае права.

Якім чынам на працягу двух гадоў ішла рэалізацыя ў Мсціславе праекта Савета Еўропы і Еўрапейскага Саюза COMUS, расказала дырэктар фонда “Культурная спадчына і сучаснасць” Ала Сташкевіч. На мэце ставіўся актыўны ўдзел мясцовай супольнасці ў вырашэнні праблем захавання гістарычных набыткаў. А разам з гэтым — і шырокага кола сацыяльных пытанняў, такіх, як з’яўленне новых працоўных месцаў і эканамічнае развіццё рэгіёна. У выніку, створана стратэгія развіцця горада на 25 гадоў.

Сярод іншых пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас круглага стала — станаўленне інстытута культурнай дыпламатыі ў Рэспубліцы Беларусь. У сувязі з гэтым старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што яе патэнцыял сёння выкарыстоўваецца не ў поўную сілу. Да прыкладу, першы замежны культурны цэнтр створаны толькі ў 2007-м годзе ў Польшчы, і сёння вядзецца гутарка пра яго закрыццё. Адпаведна, застануцца дзяржаўныя культурныя цэнтры толькі ў Расіі і Кітаі. Таксама спадар Стружэцкі нагадаў пра неабходнасць большай папулярызацыі выхадцаў з Беларусі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у еўрапейскую і сусветную культуру.

Узнікла і пытанне, як расказваць пра Беларусь у свеце сучаснымі сродкамі. Вопытам работы за апошнія пяць гадоў у гэтым напрамку падзяліўся намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмы. Ён распавёў пра перасоўныя выставы “Беларусь і беларусы” і “Беларусь у Першай Сусветнай вайне”, якія падарожнічаюць па свеце, і экспазіцыю “Беларусь — 30 гадоў пасля Чарнобыля”, якая ў хуткім часе адкрыецца ў Нью-Ёрку.

Пытанні, датычныя сумеснай работы і абмену вопытам паміж рознымі ўстановамі культуры, вырашаліся непасрэдна падчас круглага стала, што яшчэ раз нагадвала пра важнасць такога наўпроставага дыялогу.