Камедыя ў нацыянальным ракурсе

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Да 1 верасня 2018 года ўсе зацікаўленыя драматургі могуць прыняць удзел у Comedy.by — конкурсе на найлепшую п’есу камедыйнага жанру. Арганізатары — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі разам з Цэнтрам беларускай драматургіі.

— З тэмай вызначыліся невыпадкова: пры засіллі, здавалася б, камедыйнага жанру ў рэпертуары тэатраў нашай краіны, уласна беларускіх камедый на самай справе амаль няма, — кажа намеснік старшыні журы, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, рэжысёр, акцёр Аляксандр Марчанка. — Пасля пазітыўных вынікаў папярэдняга конкурсу для драматургаў “Францыск Скарына і сучаснасць” мы адчулі, што неабходна працягваць рух у дадзеным кірунку. Ініцыятыва правесці Comedy.by належыць былому дырэктару РТБД Уладзіміру Карачэўскаму. Яму захацелася, каб сучасныя беларускія драматургі паспрабавалі выдаць на-гара пэўную колькасць яшчэ і камедыйных тэкстаў.

Па словах суразмоўцы, хочацца ўбачыць у працах нешта новае, каб потым са сцэны гучала штосьці пра сённяшні дзень. Конкурс праводзіцца толькі ў адной намінацыі: камедыя для драматычнага тэатра. Прымаюцца арыгінальныя п’есы (не больш за дзве ад аднаго ўдзельніка), напісаныя на беларускай ці рускай мовах у 2016 — 2018 гадах. Паспрабаваць свае сілы могуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі паўналецця. Месца іх пражывання значэння не мае.

Да разгляду не прымаюцца п’есы, пастаўленыя ў прафесійных тэатрах і антрэпрызах, апублікаваныя ў друку і на электронных носьбітах ці тыя, якія прымалі ўдзел у публічных чытках, іншых конкурсах. Журы заверне тэксты па матывах любых літаратурных твораў (выключэнне складаюць п’есы, створаныя аўтарамі па матывах уласных твораў), а таксама напісаныя па сюжэтах народнага фальклору, антычных міфаў і легенд. Не варта дасылаць інсцэніроўкі і пераклады камедый з іншых моў, працы, якія ўтрымліваюць нецэнзурную лексіку, грубыя словы і выразы.

— На конкурсе п’ес пра Францыска Скарыну журы знаёмілася з “ананімнымі” творамі і з-за шыфраў, пароляў і кодаў часта сутыкалася з недарэчнасцямі, — дадае Аляксандр Марчанка. — Таму цяпер суддзі будуць ведаць імёны драматургаў. Мы разлічваем убачыць сярод удзельнікаў не толькі тых, хто сёння ў мэйнстрыме, але і аўтараў, якія пакуль не паспелі праявіць сябе.

Лёс канкурсантаў вызначаць: кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Купалаўскага тэатра Вольга Бабкова, памочнік мастацкага кіраўніка РТБД Вацлаў Валадзько, прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры БДУ Святлана Ганчарова-Грабоўская, галоўны рэжысёр Новага драматычнага тэатра Сяргей Кулікоўскі, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, тэатральны крытык Алена Мальчэўская, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі тэатра імя Максіма Горкага Крысціна Смольская, кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, рэжысёр Таццяна Траяновіч. Старшыня журы — мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў.

Да канца кастрычніка ўрыўкі п’ес з шорт-ліста пакажуць журы конкурсу і тэатральнай грамадскасці ў форме чытак. Пераможцаў назавуць у лістападзе. Іх чакаюць грашовыя прэміі: за трэцяе, другое і першае месцы па дзве, чатыры і шэсць тысяч беларускіх рублёў адпаведна, за гран-пры — восем тысяч.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"