Хатынь: малітва пра мір

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Сёлета Хатынскай трагедыі споўнілася 75 гадоў. Зразумела, што эпіцэнтрам памятных мерапрыемстваў стаў Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Тут 22 сакавіка адбыўся мітынг-рэквіем “Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы”. Рэжысура была пабудаваная такім чынам, каб госці і ўдзельнікі ў думках прайшлі шлях ад тых трагічных падзей да дня сённяшняга.

/i/content/pi/cult/684/15048/4.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Да Вечнага агню былі ўскладзеныя вянкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных структур, грамадскіх і рэлігійных арганізацый. Быў агучаны зварот Кіраўніка дзяржавы, прагучала Усебеларуская малітва пра мір, якая аб’яднала кіраўнікоў праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іудзейскай канфесій. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел вядомыя творчыя калектывы і выканаўцы.

Асэнсаванню ўрокаў гісторыі служыць Міжнародны сімпозіум “Чалавечнасць у гады бесчалавечнасці — захаванне памяці пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны ў савецкі і постсавецкі час: гістарычны, адукацыйны і сацыяльна-
культурны кантэкст” на базе Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Рау і мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, а таксама Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Хатынь і яе сёстры: трагедыя і памяць”, якую ладзіць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.