Голас да Віцебска давядзе

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

На конкурс маладых выканаўцаў “Віцебск-2018” у Варшаве выбралі прадстаўніка Польшчы
Адборачныя конкурсы сярод ахвотных выйсці на сцэну віцебскага амфітэатра праходзяць не толькі ў нас, але і ў многіх краінах Еўропы. Нацыянальны “міні-базар” не так даўно адбыўся і ў Варшаве. Прадстаўніцай Польшчы на “Славянскім базары ў Віцебску — 2018” стане чароўная Сыльвія Зэлек.

/i/content/pi/cult/683/15035/8.JPGСыльвію ў Польшчы ведаюць многія маладыя. Як сведчыць старонка дзяўчыны ў фэйсбуку, яна займаецца “музычным афармленнем” вяселляў. Прыгожая назва для прыгожага занятку — спяваць на самых важных у жыцці людзей урачыстасцях. Людзі, якія пачынаюць сямейнае жыццё, лічаць за вялікую ўдачу пачуць на сваім свяце голас Сыльвіі.

Мне ж пашчасціла пачуць Сыльвію на сцэне варшаўскага тэатра Capitol, дзе яе канкурэнтамі былі сямёра выдатных спевакоў і спявачак: Іга Казацка (ІІ месца), Кая Мянавана (ІІІ месца), Аляксандра Дырна, Аляксандра Дэгурска, Якуб Ляхоўскі, Юльян Лясіньскі, Марцін Агроднік.

Прызнаюся, каб я быў у журы, то стаяў бы перад цяжкім выбарам. І таму няма дзіва, што адборачная камісія раілася доўга. Узначальваў яе, дарэчы, беларус з Гродна — музыкант Уладзімір Лябецкі, вядомы і ў Беларусі, і ў Польшчы як папулярызатар спадчыны кампазітара ХІХ стагоддзя, ураджэнца Юрацішак Гедыміна Радкевіча. Сёлета гукі мелодый Радкевіча ў выкананні Лябецкага слухала публіка ў музеі ў Вілянове — былой рэзідэнцыі караля Яна Сабескага і роду Патоцкіх.

А пакуль журы раілася, публіку забаўляў фальклорны ансамбль з Беластока “Калінка” — па-сапраўднаму беларускі! Артысты паходзяць з той часткі Польшчы, дзе карэннае насельніцтва яшчэ трохі размаўляе на беларускай мове. І родную мову артысты выдатна выкарыстоўваюць на сцэне, дэманструючы яе багацце і пявучасць. Нават песня “Трактарыстка” — здавалася б, дарэчная толькі на полі — у іх выкананні гучала як сапраўдны хіт, варты шырокай трансляцыі на радыёхвалях.

Трэба адзначыць, што ў Польшчы шмат груп, якія спяваюць па-беларуску. Але ў Беларусі яны амаль невядомыя.

Думаецца, “Славянскі базар у Віцебску” мог бы стаць выдатнай пляцоўкай для прэзентацыі творчасці суайчыннікаў з-за межаў Беларусі. Такі вопыт ужо ёсць, бо ў “базарныя” дні ў Віцебску праводзіліся фестывалі беларусаў замежжа.

/i/content/pi/cult/683/15035/9.JPGНа сёлетнім варшаўскім адборы трэба было выканаць польскую і любую славянскую песню. Прыемна было пачуць кампазіцыю Dziwny jest ten swiat, якую першым агучыў на ўвесь свет ураджэнец Беларусі Чэслаў Неман. Аднак рэшта песень гучала або па-польску (што натуральна) або па-руску. Што ні кажы, але гэта таксама вытлумачальна, улічваючы магутны патэнцыял і ўплыў рускамоўнай эстрады.

Аднак “Славянскі базар у Віцебску” павінен стаць пляцоўкай, з якой беларускамоўная песня магла б пашырацца ад Казахстана да Кубы — ва ўсіх тых краях, адкуль маладыя спевакі з’язджаюцца на віцебскі конкурс. Выканаць песню на роднай мове і па-беларуску — ці не варта паставіць перад патэнцыяльнымі канкурсантамі менавіта такую задачу? Мне здаецца, яна пад’ёмная.

Калі вы думаеце, што палякі, якія спявалі сёлета па-руску або па-чэшску, ведаюць гэтыя мовы, то вы памыляецеся. Гэта здольныя майстры сцэны, якія могуць завучыць любы тэкст. Як Ульяна Каладзейчак, якая вяла цырымонію варшаўскага адбору ў тэатры Capitol. Летась і пазалетась менавіта яна прадстаўляла Польшчу ў Віцебску. Ульяна на сцэне — Ульяша, а ў пашпарце — Уршуля (як знакамітая Францішка Уршуля Радзівіл з Нясвіжа). Кажа, што яе сэрца польскае, а душа руская: тата паляк, а мама родам з Сібіры.

Папярэднюю і сёлетнюю прадстаўніц Польшчы ў Віцебску аб’ядноўвае любоў да творчасці Ганны Герман. Зрэшты, хто ў Беларусі і — шырэй — у краінах былога Савецкага Саюза не любіць гэтай цудоўнай спявачкі?

Сёлетні адбор сярод польскіх спевакоў падтрымлівалі Культурны цэнтр Беларусі пры Пасольстве Беларусі ў Польшчы, расійскія і польскія арганізацыі.

За Сыльвію Зэлек будзем, як кажуць у Польшчы, trzymac kciuki — трымаць кулакі. І хочацца спадзявацца, што яна ў свой рэпертуар пасля наведвання Віцебска дадасць і беларускую нотку.

Віктар КОРБУТ
Варшава