Мяркуецца, што ягоная гісторыя налічвае чатыры тысячагоддзі. Свята Вясны сімвалізуе гармонію чалавека і прыроды, увасабляе душэўны спакой і псіхалагічную ўраўнаважанасць. Для кітайцаў гэта найперш сямейнае свята, але беручы да ўвагі ролю Кітая ў сусветнай супольнасці, яно можа трактавацца і як духоўнае пасланне краіны чалавецтву.
Ёсць звесткі, што летась кітайскае свята Вясны адзначалася ў 140 краінах і рэгіёнах, у чатырох сотняў гарадоў. У Беларусі ў ім бралі ўдзел больш за дзве з паловай тысячы чалавек. Святочныя мерапрыемствы ладзіліся ў нас і сёлета. Арганізатары — Міністэрства культуры КНР, Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь і Міністэрства культуры нашай краіны. Да арганізацыі таксама спрычыніліся Дэпартамент культуры правінцыі Хунань, Кітайскі культурны цэнтр у Мінску і ТАА “Бел Хуавэй Тэхналоджыс”.
1 лютага ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшлі прэс-канферэнцыя і культурны кірмаш. Наступным днём у Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся гала-канцэрт, прысвечаны правінцыі Хунань. А завяршэннем свята стаў флэшмоб у Кітайскім культурным цэнтры. На свяце Вясны перад сталічнай публікай выступілі ансамбль песні і танца “Чароўнасць захаду правінцыі Хунань”, адбыліся фотавыставы “Адзін пояс, адзін шлях”, майстар-класы па жывапісе гохуа, каліграфіі, кітайскай выцінанцы, знаёмства з кітайскімі музычнымі інструментамі, фотасесіі з артыстамі ў традыцыйных кітайскіх строях і іншыя культурныя мерапрыемствы.
Арганізацыйны камітэт свята Вясны ў Беларусі выказаў спадзяванне, што яно стане ўвасабленнем сугучча сэрцаў кітайскага і беларускага народаў і паспрыяе развіццю стратэгічнага партнёрства Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь ва ўсіх галінах. Можна канстатаваць, што так і атрымліваецца.