Адседзеліся ў балоце
— Прыемна, вядома, чуць у дачыненні да той працы, якой мы з калегамі займаліся летась, такое вызначэнне, як “унікальныя”, але я б замяніла яго іншым словам — можа, “сенсацыйныя”? — усміхаецца навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Ганна Бяліцкая.
Даследуе Палессе яна ўжо амаль тры дзясяткі гадоў. Летась Ганна Мікалаеўна кіравала экспедыцыямі, якія вялі раскопкі каля вёсак Бярэжцы і Малы Малешаў Жыткавіцкага раёна і Ясковічы Салігорскага раёна. У прафесіі археолага яе цікавіць усё тое, што звязана з зарубінецкай культурай, якая лічыцца прыналежнай да ранняга жалезнага веку. Вывучаючы месцы старажытных паселішчаў Прыпяцкага Палесся, Ганна Мікалаеўна прыйшла да высновы, што часавыя рамкі распаўсюджвання гэтай культуры шырэй.
У класічнай тэорыі яе заканчэнне датуецца II-м стагоддзем — пра гэта сведчыць спыненне “дзейнасці” могільнікаў. Аднак знойдзеныя беларускімі навукоўцамі артэфакты, на думку спадарыні Бяліцкай, кажуць пра тое, што познезарубінецкi перыяд трываў яшчэ доўга, што жыццё ў паселішчах працягвалася, а з нібыта “памерлымі” магільнікамi не ўсё так пэўна. А гэта азначае і тое, што працэс фарміравання раннеславянскай супольнасці не быў перарывістым.
Адны апаненты Ганны Мікалаеўны мяркуюць, што ў нейкі далёка не цудоўны дзень здарылася якаясьці глабальная катастрофа, і адмераны для зарубiнцаў тэрмін на гэтай планеце скончыўся. Іншыя перакананыя: у іх паступовым знікненні вінаваты прыход на тыя землі готаў. Бяліцкая ж лічыць, што карэннае насельніцтва нікуды не падзелася, проста адна археалагічная культура плаўна трансфармавалася ў наступную.
— Пакуль готы хадзілі туды-сюды са сваімі захопніцкімі паходамі ў Чарнамор’е, пакуль дзесьці скакалі гуны на сваіх конях, славяне на Палессі адседзеліся і захаваліся. А потым разам з суродзічамі з іншых рэгіёнаў сталі распаўсюджвацца па ўсёй Еўропе — у ціхім балоце чэрці водзяцца! — смяецца вучоная. — Прырода ў Прыпяцкім Палессі была вельмі багатая, жывёл у лясах і рыб у рэках — процьма. Земляробства, жывёлагадоўля, промыслы, рамёствы — усё там было на высокім узроўні. Мяркуючы па знаходках, якія мы зрабілі, нашы продкі мелі вельмі развітую цывілізацыю!
Сярод знаходак Ганна Бяліцкая вылучае гліняныя хлябцы, кудмень з кіпцюром мядзведзя, косці жывёл, аскепкі керамікі і асабліва бронзавую фібулу з падвязной ножкай, знойдзеную ў Бярэжцах, і абярэг “лунніца”, выяўлены ў Ясковічах. Вынікі разведвальных раскопак у гэтай вёсцы — адкрыццё жытловага комплексу — археолаг як раз і называе сенсацыйнымі, новымі старонкамі ў вывучэнні гісторыі развіцця да- і раннеславянскай супольнасці на беларускіх землях. Адкапаныя там рэчы — у прыватнасці, фрагменты посуду — яна датуе другой паловай II-га стагоддзя і першай — III-га. Сёлета работы ў гэтым месцы ахопяць вялікую плошчу, і храналагічныя лакуны працягнуць запаўняцца. Чакаюць экспедыцыі ў 2018-м і тыя ж Бярэжцы ды Малы Малешаў.
Рыдлёўкі незамяняльныя
На маё пытанне пра тое, як наогул фінансуюцца археалагічныя раскопкі, спадарыня Бяліцкая недвухсэнсоўна ўздыхнула. Няма ахвотных паспрыяць грашыма і сярод прыватнікаў. Нехта, магчыма, і дапамог бы (вунь як многія з іх клянуцца ў любові да мінулага уласнай краіны!), ды ўсё яшчэ, напэўна, чакаюць закон, які ўрэгулюе такi спонсарскі ўдзел. Нядзіўна, што пакуль у сваёй працы вучоная абыходзіцца без найноўшага абсталявання. Зрэшты, нават пры яго наяўнасці рыдлёўкі і шуфлі нішто замяніць не зможа.
— Хачу шчыра падзякаваць за дапамогу ўсім валанцёрам — гэтым закаханым у свой край і яго гісторыю людзям, — кажа Ганна Мікалаеўна. — Каб не яны, ужо і не ведаю, ці змаглі б мы здзейсніць столькі адкрыццяў. Назаву я хаця б траіх: гэта Міхаіл Шруб, які ўзначальвае адну з сялянскіх гаспадарак, ветэрынарны ўрач па адукацыі Вольга Харытановіч і масавік-забаўнік Алена Байкоўская.
Апошнюю спадарыня Бяліцкая ўпарта “сватае” Тураўскаму краязнаўчаму музею: маўляў, яна б сфармавала — у выпадку неабходнасці — экспазіцыю, звязаную з археалогіяй так, як гэта і належыць зрабіць. Ды падкрэслівае, што без такіх энтузіястаў археалагічныя экспедыцыі маглі б апынуцца пад пагрозай правалу.
— Наогул, Беларусі, вядома, патрэбны асобны інстытут археалогіі, — перакананая Ганна Мікалаеўна. — Сорамна, што краіна з вялікай гісторыяй і самабытнай культурай да гэтага часу не мае такой установы.
Капачы пакуль не суцішыліся
Задаў я і іншае праблемнае пытанне: пра “чорных капальнікаў”. Ці паменела іх пасля адпаведных зменаў у заканадаўстве?
— Так, — і Ганна Мікалаеўна зноў уздыхае. — Тым не менш, гэта з’ява ўсё яшчэ звычайная. І, калі археолагі з’язджаюць, на раскопкі тут жа накіроўваюцца тыя, хто хоча чымсьці на іх пажывіцца. Не навялі яшчэ на ўсіх такіх людзей страху.
Узаемадзеяннем з уладамі на месцах вучоная ў цэлым задаволеная: чым могуць, яны дапамагаюць — людзьмі, часам тэхнікай, транспартам. Але ўсё-такі ёй хочацца большай аператыўнасці ў рэагаванні на пэўныя сітуацыі. Каб не здаралася так, як з накапанай ў Бярэжцах печчу, калі чыноўнікі нейкі час “чухалі рэпу” — а навошта ім гэты шматвяковы экспанат, куды яго падзець? Усё ж, артэфакт уладкавалі у той жа Тураўскі музей.
— Я па сваёй натуры, хутчэй, аптымістка — можа, нават залішне безжурботны чалавек, — сустрэчу з карэспандэнтам “К” спадарыня Бяліцкая заканчвае на пазітыўнай ноце. — Так, ёсць цяжкасці, будуць яны і надалей, але іх пераважвае тая праца, якой я прысвяціла сваё жыццё, якой аддаюць свае сілы мае калегі, якой наогул займаецца наш інстытут. Мы вяртаем роднай Беларусі яе мінулае, а той, хто яго не ведае, як цяпер часта кажуць, пазбаўлены будучыні. Цалкам і поўнасцю падпісваюся пад гэтымі словамі. Так што чакайце ад нас новых адкрыццяў, знаходак — не менш сенсацыйных!
Фота аўтара