Людміла Барысаўна ЯФІМАВА

№ 1 (1336) 06.01.2018 - 12.01.2018 г

3 студзеня 2018 года беларускае музычнае мастацтва панесла вялікую страту — пайшла з жыцця выдатны дзеяч нацыянальнай культуры, народная артыстка Беларусі Людміла Барысаўна ЯФІМАВА.

/i/content/pi/cult/673/14853/efimova+.jpg

Калектыў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь смуткуе з прычыны смерці народнай артысткі Беларусі Людмілы Барысаўны ЯФІМАВАЙ і выказвае глыбокія спачуванні яе родным і блізкім.


3 студзеня 2018 года беларускае музычнае мастацтва панесла
вялікую страту — пайшла з жыцця выдатны дзеяч нацыянальнай культуры, народная артыстка Беларусі Людміла Барысаўна ЯФІМАВА.

Людміла Яфімава была яркім прадстаўніком Ленінградскай (Санкт-Пецярбургскай) школы харавога дырыжыравання. Больш за 20 гадоў працавала выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя Міхаіла Глінкі. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы Людміла Барысаўна ўзначаліла ў 1987 годзе. Менавіта пры яе кіраўніцтве капэла стала сапраўды ўніверсальным харавым калектывам, унікальным па неабмежаванасці рэпертуару і адметнасці гучання.

Людміла Яфімава была нястомным прапагандыстам творчасці беларускіх кампазітараў, першым выканаўцам шматлікіх твораў. Яркі талент, шырокая эрудыцыя, высокі ўзровень мастацкай культуры, адданасць справе сведчаць пра адну з самых выдатных асоб у музычнай культуры Беларусі і за яе межамі, якую мы страцілі.

Калегі Людмілы Барысаўны, супрацоўнікі Белдзяржфілармоніі, музыканты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы смуткуюць з прычыны смерці Людмілы Барысаўны і выказваюць шчырыя спачуванні яе родным і блізкім.

Хай светлае неба возьме і сагрэе яе ўзнёслую душу.

Калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі


Крылы анёлаў-ахоўнікаў

Пайшла з жыцця народная артыстка Беларусі Людміла Яфімава, якая больш за 30 гадоў узначальвала Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Рыгора Шырмы. Летась яна справіла 80-годдзе, апошнім часам цяжка хварэла, але смерць заўжды ўспрымаецца як штосьці заўчаснае: яе хочацца адсунуць на як мага больш працяглы тэрмін.

Кіруючы магутным харавым калектывам, Людміла Барысаўна далёка не заўсёды выходзіла на сцэну. Так было, да прыкладу, пры выкананні буйных вакальна-сімфанічных партытур, калі вялізную масу музыкантаў у час канцэрта ўзначальвае не хормайстар, а кіраўнік аркестра. Ці на замежных оперных фестывалях, калі артысты хору не толькі вывучвалі на памяць вялізныя партытуры, але і прымалі непасрэдны ўдзел у сцэнічнай дзеі. Праца Яфімавай у такіх выпадках заставалася быццам “за дужкамі”, але без папярэдніх рэпетыцый не было б нічога далейшага.

За гады кіраўніцтва капэлай Людміла Яфімава ўзняла калектыў на новы ўзровень, пашырыла яго рэпертуар — папраўдзе бязмежна. У даваенны час, на досвітку свайго існавання, хор на чале з Рыгорам Шырмай “спецыялізаваўся” на апрацоўках беларускіх народных песень. Спачатку — на тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе такі кірунак зусім не вітаўся. Потым — у складзе філармоніі, дзе падобны ўхіл раптам быў расцэнены як праявы нацыяналізму. Таму надалей у рэпертуары з’явіліся шматлікія савецкія масавыя песні, папулярная класіка, кантаты і араторыі беларускіх кампазітараў — пераважна патрыятычнага ці ўсхваляльнага характару. З прыходам Яфімавай узнікла арыентацыя на сусветныя шэдэўры, многія з якіх нам былі невядомымі. Бо сталі закранацца розныя эпохі і жанры, а не адно перыяд рамантызму: сярэднявечча, духоўныя песняспевы, царкоўныя творы, оперная літаратура. Цікава і тое, што ў капэлу Людміла Барысаўна патрапіла нязвыклым чынам — праз запрашэнне знізу: артысты самі звярталіся да ўладаў, каб прызначылі яе. Бо добра ведалі, як выдатна, цягам 20-ці гадоў, яна кіравала створаным ёй самой хорам Мінскага музычнага вучылішча.

Унёсак Яфімавай у нацыянальную культуру вызначаецца і шматлікімі беларускімі творамі, некаторыя з якіх нарадзіліся, можна лічыць, непасрэдна ў калектыве: у капэле доўгі час спявалі кампазітары Аляксандр Будзько, Алег Хадоска, шліфуючы свае харавыя опусы непасрэднай спеўнай практыкай.

Сярод улюбёных сцэнічных строяў Людмілы Барысаўны былі накідкі-палярыны. Калі яна ўзнімала ў іх рукі, у яе быццам узрасталі, распраўляліся крылы — і харавое гучанне ляцела-лунала па ўсёй зале. Цяпер, калі майстра не стала, яны ўспрымаюцца анёламі-ахоўнікамі. Дык хай душа яе застаецца ў той музыцы, якую яна ўзрошчвала з кожнага нотнага тэксту.

Культураўцы