Айчынны “дыснейлэнд” непадалёк ад Гродна

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Пра “Каробчыцы”, дэндрапарк і “капуснікі” на фоне беларускай флоры і фаўны
Сацыяльная адказнасць бізнесу, як вядома, праяўляецца не ў словах і абяцаннях, а ў сапраўдных справах. Гэтую выснову сёння разумеюць і цалкам падзяляюць многія флагманы беларускай вытворчасці. Сярод такіх лідараў стала і надоўга “прапісаўся” Гродзенскі мясакамбінат. Да ўсяго, ён з’яўляецца ўладальнікам унікальнага агратурыстычнага комплексу “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”, які часам нават называюць айчынным “дыснейлэндам”. Цяпер “Каробчыцы” — адзін з самых дагледжаных куткоў Гродзеншчыны, а таксама і бадай самы запатрабаваны тураб’ект. У выхадныя сюды прыязджаюць да 3 тысяч чалавек. Пра гэты, знакаміты на ўсю вобласць ды, бадай, і на ўсю Беларусь сацыяльна-культурны аб’ект, далейшыя перспектывы яго “раскруткі”, сацыяльнае жыццё прадпрыемства і многае іншае “К” пагутарыла з генеральным дырэктарам ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” Анатолем ГРЫШУКОМ.

/i/content/pi/cult/672/14847/9.jpg— Анатоль Георгіевіч, усё ж агратурыстычны комплекс — не асноўная сфера дзейнасці мясакамбіната. Якім чынам паўстала задума стварэння гэтага сацыяльна-культурнага аб’екта?

— Справа ў тым, што я вельмі люблю прыроду, часта вандрую як па Беларусі, так і па замежных краінах у якасці аматара-рыбалова. Нават калісьці хацеў стаць біёлагам і вывучаць навакольнае асяроддзе. Таму, калі паўстала ідэя стварэння такога сацыяльна-культурнага комплексу, дзе, як меркавалася, будзе прадстаўлена беларуская і замежная флора і фаўна, я адразу даў для гэтага праекта “зялёнае святло”. Акрамя таго, не варта забываць, што “Каробчыцы” ў многім — рэкламны праект, які станоўча ўплывае на імідж нашага прадпрыемства.

— Падобнымі сацыяльна-культурнымі пачынамі (хай сабе і ў рэкламных мэтах) могуць пахваліцца сёння далёка не ўсе буйныя айчынныя прадпрыемствы. Тым больш, як я зразумеў, фінансавай аддачы гэты праект не прадугледжваў?

— Гэта сапраўды так. Мы больш арыентаваліся на дзяцей, дакладней, на бацькоўскі і сямейны адпачынак з дзецьмі. Таму і стварылі ў “Каробчыцах” гульнявыя зоны, збудавалі стайню з пародзістымі скакунамі, абсталявалі па ўсім парку вальеры з дзікімі і свойскімі жывёламі. Ёсць у нас і кузня, і дом разьбяра па дрэве, і музей прыроды. Гэта кожнаму прыйдзецца даспадобы, асабліва дзецям ці падлеткам. Прыбытак для нас быў не галоўным у гэтай справе, хаця варта адзначыць, што “Каробчыцы” сёння сябе акупляюць.

— Мне калісьці самому давялося пабываць у “Каробчыцах”. Вельмі быў здзіўлены разнастайнасцю мерапрыемстваў, якія ладзілі мясцовыя супрацоўнікі для дзяцей: ад традыцыйнага Купалля да конкурсу прыгажосці сярод поні. Але, наколькі я ведаю, не забываеце вы і пра патрыятычнае выхаванне: я маю на ўвазе стварэнне ў межах комплексу партызанскага лагера.

— Сапраўды, яшчэ ў 2011 годзе ў нас быў адкрыты аб’ект, які мае патрыятычнае значэнне і называецца гісторыка-культурны комплекс “Гродзенская крэпасць. Партызанскі лагер”. Гэты мемарыял ствараўся пры падтрымцы ветэранаў, а таксама пры супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, як я заўважыў, многія турыстычныя аўтобусы з Літвы, Латвіі, Расіі, перш чым заехаць у “Каробчыцы”, едуць менавіта да гэтага гісторыка-культурнага комплексу. Не так даўно мы ўсталявалі на тэрыторыі мемарыяла каплічку, дзе літаральна кожны можа ўскласці кветкі, запаліць свечку і памаліцца за тых, хто загінуў падчас Другой Сусветнай вайны.

— Пра перспектывы развіцця агратурыстычнага комплексу “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” пагаворым? Ці гэта камерцыйная таямніца?

— Ніякіх таямніц! Планы ў нас сапраўды вялікія: па-першае, зрабіць буйны дэндрапарк, дзе будуць прадстаўлены кветкі і дрэвы з усёй Беларусі, па-другое, ладзіць у “Каробчыцах” рок-фестывалі і даваць пляцоўку для розных музычных гуртоў і народных ансамбляў, па-трэцяе, збудаваць альтанку ў выглядзе старадаўняга замка. А яшчэ мы абавязкова працягнем традыцыю правядзення на тэрыторыі агракомплексу міжнародных пленэраў рэзчыкаў па дрэве. Тым больш, што такія драўляныя скульптуры, выкананыя самабытнымі майстрамі па матывах дзіцячых казак, вельмі падабаюцца як дзецям, так і дарослым. Кажу гэта ўпэўнена, бо калі бываў у “Каробчыцах”, не раз бачыў захопленыя дзіцячыя вочы і шчырыя ўсмешкі. Асабліва падчас святкавання Дня прадпрыемства, калі ў комплекс адначасова прыязджаюць 1200 — 1500 нашых супрацоўнікаў з дзецьмі.

/i/content/pi/cult/672/14847/10.jpg— Але ж сацыяльнае жыццё камбіната гэтай важнай падзеяй яўна не абмяжоўваецца...

— Адзначаем на прадпрыемстве сіламі нашых супрацоўнікаў усе тэматычныя святы. Асаблівая ўвага — Новаму году. Напярэдадні я і Дзед Мароз са Снягуркай ходзім па вытворчых цэхах, раздаём падарункі, віншуем усіх і жадаем самага найлепшага. Таксама можам папрасіць каго-небудзь прачытаць дзіцячы вершык на памяць, а кагосьці — патанцаваць. Гэтую ідэю — хадзіць з Дзедам Марозам па цэхах — падгледзеў на адным польскім мясакамбінаце падчас камандзіроўкі. І адразу вырашыў, што абавязкова вазьму на ўзбраенне такі карысны вопыт святкавання Новага года. Цяпер магу сказаць, што ідэя “прыжылася” і нават пайшла “на ўра”.

— Можа, удалося што-небудзь яшчэ падгледзець у сацыяльнай сферы замежжа? Або творча пераасэнсаваць?

— Спашлюся на наш, ужо айчынны вопыт. Напрыклад, я вельмі ганаруся нашымі юнымі артыстамі, якія займаюцца ў студыі танца “Ассорти”, створанай пры інтэрнаце прадпрыемства. Дзеці тут — сапраўдныя таленты. Яны пастаянна бяруць удзел у розных імпрэзах, якія праводзяцца на нашым камбінаце, выклікаючы шчырае захапленне ўсіх супрацоўнікаў. Ды і на абласных і міжнародных конкурсах не раз выступалі, былі нават на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Прычым кожны раз вярталіся з дыпломамі і ўзнагародамі. Вось і зусім нядаўна прыехалі з перамогай з абласнога тура ХІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які прайшоў у Лідзе. Цяпер будзем рыхтавацца да рэспубліканскага тура конкурсу ў Гродне. Спадзяюся на перамогу і тут, бо, як кажуць, родныя сцены заўсёды дапамагаюць.

— А ўвогуле, ці шмат ладзіцца культурных мерапрыемстваў сіламі супрацоўнікаў? Ёсць нейкія лічбы, факты, прыклады?

— За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: гэта і ўшанаванне лепшых, і канцэрты ды “капуснікі”, конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, творчыя выставы… Вось далёка не ўвесь пералік мерапрыемстваў і акцый, якія арганізуюцца саматужна нашымі супрацоўнікамі, але, як я лічу, на вельмі высокім узроўні. Зазначу, што сёння некаторыя культурныя імпрэзы выйшлі далёка за межы нашага прадпрыемства. Так, мы ладзім дабрачынныя святы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей. У “Каробчыцы” прыязджаюць тысячы дзетак з дзіцячых дамоў, інтэрнатаў, шматдзетных сем’яў Гродзенскай вобласці. Прычым ладзім мы іх на рэгулярнай аснове. Прайшла такая акцыя і сёлета.

— А ці задзейнічана пры правядзенні культурных мерапрыемстваў моладзь? У якасці валанцёраў, удзельнікаў конкурсаў ці арганізатараў?

— Безумоўна! На мой погляд, укладанне сіл ва ўмацаванне маладой сям’і і ў пераемнасць пакаленняў — самае надзейнае і неабходнае. Таму пры інтэрнаце ў нас працуюць шэраг спартыўных гурткоў, створаны ўмовы для заняткаў спортам. Маладых супрацоўнікаў мы ўрачыста прымаем у склад калектыву, ладзім да Дня сям’і “Парад дзіцячых вазкоў”, свята “Тата, мама, я — дружная сям’я” і многія іншыя. А яшчэ шэраг супрацоўнікаў прадпрыемства, якія ўваходзяць у грамадскае аб’яднанне Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, сёлета пазмагаліся ў конкурсе за званне “Найлепшы маладзёвы працоўны калектыў года” і занялі ганаровае трэцяе месца ў фінале гарадскога конкурсу “Мы — разам”.

— Што б вы, Анатоль Георгіевіч, пажадалі чытачам газеты “Культура” ў Новым годзе?

— Жадаю ўсім усяго самага найлепшага, а асабліва сяброўства, узаемадапамогі, здароўя і аптымізму ў Новым, 2018-м годзе. Хай збываюцца ўсе вашы мары! А яшчэ — прыязджайце ў “Каробчыцы”. Паверце — вы пра тое не пашкадуеце!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"