Мова + атмасфера + добрае кіно

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Не так даўно адбыўся важны прэцэдэнт. Упершыню за ўсю гісторыю нашага кінапракату прэм’ера замежнага фільма ў Мінску прайшла на беларускай мове. Нідэрландскую стужку “Шторм”, якая паводле свайго сюжэту добра дапасоўваецца да ўгодкаў беларускага кнігадрукавання, адкрыў для сябе — а затым і для публікі — дырэктар студыі агучкі KinaKong, арганізатар праекта “Беларускія ўікэнды” Андрэй КІМ. А агулам за 8 гадоў у фільматэцы “КінаКонга” з’явілася больш за 20 перакладаў фільмаў, сярод якіх і блокбастары “Форэст Гамп”, “Падынгтан”, “Кніга Ілая” і папулярныя ва ўсім свеце мульцікі. Напярядадні чарговай, хай і не такой шумнай прэм’еры — фільма “Жонка наглядчыка заапарка” — я сустрэлася з Андрэем, каб даведацца, як працуюць “Беларускія ўікэнды”, каму патрэбна кіно на роднай мове і калі яно стане для нас звычайнай з’явай.

/i/content/pi/cult/670/14818/pages-14-15-copy-2.jpg— Агучка фільмаў на беларускую — гэта пакліканне, бізнес або даніна модзе?

— Мой улюбёны пісьменнік Клайв Льюіс калісьці казаў, што ён напісаў “Хронікі Нарніі”, паколькі хацеў, каб такая кніга з’явілася. А калі ніхто іншы яе не напісаў, нічога не заставалася, як пісаць самому. Лічу, наша дзейнасць — гэта ў нейкім сэнсе Божае пакліканне. Бо калі гэтага не будзем рабіць мы, дык і ніхто не будзе. Пераклад фільмаў на беларускую мову я ўспрымаю як сваю працу, свой абавязак, які трэба сумленна і аддана выконваць.

— Вы карыстаецеся нейкімі прынцыпамі, калі абіраеце фільм для перакладу?

— Мы мусім вельмі пільна адбіраць кінастужкі, таму што ў нас ёсць магчымасць пераагучыць максімум адну на месяц. Я падзяляю фільмы на тры тыпы: тыя, якія робяць гледача горшым; тыя, якія не робяць з чалавекам нічога і прызначаныя адно для таго, каб глядач патраціў пару гадзін свайго жыцця (гэтыя фільмы-пустышкі, дарэчы, — самая вялікая катэгорыя). І ўрэшце — стужкі, якія робяць чалавека лепшым. Пасля такіх фільмаў ты штосьці пераасэнсоўваеш, змяняеш сваё стаўленне да пэўных рэчаў. Для нас вельмі важна, каб кінастужкі былі не толькі камерцыйна паспяховымі, але і мелі добры прафесійны ўзровень ды стваральную функцыю. Каб карціна адпавядала хрысціянскім каштоўнасцям. Акрамя ўсяго гэтага, стужка павінна нам самім падабацца — іначай як тады працаваць натхнёна?

— Хто ўваходзіць у склад вашай каманды?

— Агулам у каманду ўваходзіць недзе чалавек дваццаць. Пачыналі мы разам з Паўлам Харланчуком, потым далучылася Ганна Хітрык, потым іншыя. З’явілася некалькі крутых перакладчыкаў. Напрыклад, фільм “Шторм” з нідэрландскай мовы пераклала Дар’я Станцэль. Вядома, звычайна мы перакладаем з англійскай. Увогуле, працэсам перакладу кіруе Надзея Кім, яна сочыць за тым, каб усё было зроблена пісьменна і добра гучала. Цяпер каманда пашыраецца павольна, бо ў новых акцёрах пакуль проста няма патрэбы. Аднак нам вельмі складана без дапамогі валанцёраў — скажам, ахвотнікаў раздаваць улёткі з рэкламай паказу.

— Якое стаўленне выклікала ў акцёраў ваша прапанова агучваць фільмы па-беларуску?

— Па-першае, мы не працуем з тымі акцёрамі, якія негатыўна ставяцца да беларускай мовы (калі такія ёсць). Па-другое, сваім акцёрам мы заўсёды плацім. Хаця многія, упэўнены, былі б згодныя працаваць і бясплатна, паколькі яны падтрымліваюць саму ідэю агучкі фільмаў на беларускую. Гэта Павел Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Уладзімір Глотаў, Алесь Малчанаў, Святлана Цімохіна, Зміцер Саладуха... Думаю, літаральна ўсе ў нашай камандзе працуюць найперш менавіта за ідэю.

— А як увогуле адбываецца працэс агучкі?

— Часам калі мы рыхтуем фільм да перакладу, нам даюць дарожку з гукам без галасоў. Аднак часцей дасылаюць гук без раздзялення, і даводзіцца ўсё чысціць. Праца над фільмам займае прыблізна месяц. Гэтага часу дастаткова, каб зрабіць дубляж, звядзенне, штосьці падкарэктаваць. Пра многае можна парупіцца загадзя — напрыклад, замовіць ліцэнзію, знайсці перакладчыка.

— Абраўшы фільм, вы неяк падбіраеце галасы персанажаў?

— У буйных кампаніях ёсць такое правіла, што адзін чалавек павінен агучваць толькі аднаго героя. У нас такога няма, паколькі працуе абмежаванае кола акцёраў. Усе яны маюць пэўныя тыпажы, таму, калі мы робім пераклад, думаем, каму што падыдзе. Напрыклад, Уладзіміру Глотаву мы даем характарныя ролі, стандартны герой яму не пасуе, а вось злодзеі нядрэнна атрымліваюцца. У Сяргея Жбанкова вельмі малады і добры голас, і зразумела, што мы не можам пераўвасобіць яго ў зласлівага старэчу. Увогуле, непрафесіянал, які прыйдзе ў кінатэатр, наўрад ці зразумее, што розных персанажаў агучвае адзін чалавек, паколькі прафесійны акцёр заўсёды падладжваецца пад пэўнага героя.

— Як паставіліся да вас кінатэатры Мінска, калі вы прыйшлі да іх з прапановай паказаць фільм на беларускай мове?

— Мы працуем з кінатэатрамі ўжо год. Вось “Шторм” паказалі ў шасці. Асабліва добрыя стасункі ў нас з “Масквой”. Мы ніколі не прасілі даць нам лепшы час, заўсёды пачыналі з двух ці трох паказаў. За год у Мінску ў нас былі толькі 3 паказы ў зале на 700 чалавек, і мы мелі такія вынікі, якія не дасягалі многія іншыя стужкі за два тыдні ў 20-ці кінатэатрах. Гэта сведчыць, што беларуская мова сапраўды запатрабаваная, што людзям наш праект цікавы. Яны нават падыходзяць да мяне і кажуць, што не чакалі такі якасны ўзровень агучкі. І цяпер, калі мы прыходзім у рэгіёны і паказваем, якія добрыя лічбы ў нас былі ў Мінску, гэта ўжо неяк нам дапамагае пераканаць пракатчыкаў.

— Тады атрымліваецца, што людзі ходзяць на вашы фільмы дзеля беларускай мовы?/i/content/pi/cult/670/14818/pages-14-15-copy.jpg

— Цікавы нюанс: нашы паказы наведваюць зусім не толькі беларускамоўныя людзі. Наадварот, каля 80 % — рускамоўныя. Ды і сярод астатніх 20 % нямала білінгваў. Гэта сведчыць, што ў нашай краіне багата людзей, якія ў жыцці карыстаюцца рускай мовай, але добра ставяцца да беларускай і падтрымліваюць яе. Таму да нас прыходзяць і дзеля мовы, і дзеля атмасферы. Мы намагаемся рабіць нейкі інтэрактыў, выпрацаваць індывідуальны падыход да кожнага. Напрыклад, на прэм’еры фільма “Шторм” ставілі друкарскі станок і наймалі акцёра, каб кожны ахвотны мог зрабіць адбітак ліста Францыска Скарыны. Да ўсяго, на паказах я заўсёды запрашаю гледачоў падысці да мяне і паразмаўляць, выказаць свае думкі.

— А калі ў людзей з’явіцца выбар: ісці на той самы фільм на рускай ці на беларускай мове, куды яны пойдуць?

— У наступным годзе мы паспрабуем запусціць сусветную прэм’еру па-беларуску ў адным ці некалькіх кінатэатрах у той час, калі ў іншых ён будзе ісці па-руску. Тады і паглядзім, што атрымаецца.

— Як вы ставіцеся да ідэі ўвядзення пэўнай квоты фільмаў па-беларуску?

— Я якраз нядаўна размаўляў з буйным расійскім дыстрыб’ютарам, і ён казаў, што нам дазволяць зрабіць дубляж сусветнай прэм’еры на беларускую мову толькі тады, калі з’явіцца заканадаўства, якое будзе абавязваць агучваць фільмы па-беларуску. Атрымліваецца, у нас увогуле няма незалежнасці ў кінаіндустрыі, бо дэ-факта мы залежым ад расійскага рынку. Таму лічу, што было б справядліва зрабіць квоту недзе 50 / 50. Пагатоў, гэта не толькі падахвоціць расійскіх пракатчыкаў, але і створыць новыя працоўныя месцы для акцёраў і ўвогуле тых, хто займаецца дубляжом. Такім чынам і мову можна падтрымаць, і мясцовыя кампаніі.

— Якія стасункі вы маеце з праваўладальнікамі? Ці заўсёды ўдаецца набыць ліцэнзію?

— Большасць фільмаў каштуюць настолькі дорага, што мы не можам сабе дазволіць купляць іх на тыдзень або месяц, хіба на канкрэтныя паказы. Мы працуем не толькі з расійскімі дыстрыб’ютарамі, але і напрасткі з праваўладальнікамі. Канешне, з першымі паразумецца лягчэй. Калі мы да іх звяртаемся з прапановай купіць правы, яны выстаўляюць нармальны кошт, але калі мы звернемся да амерыканцаў, яны проста не зразумеюць нашу спецыфіку і папросяць завоблачную для нас суму. Паспрабуй ім патлумачыць, што беларускія людзі не гатовыя плаціць за білет у кіно 10 ці 20 долараў.

— І вам, напэўна, вельмі пашанцавала з фільмам “Шторм”, які вы неспадзявана знайшлі і зрабілі прэм’еру па ўсёй краіне…

— Для мяне гэта проста цуд Божы! Я заўважыў яго на Берлінскім фестывалі, звярнуўшы ўвагу на плакат, які чымсьці мяне зачапіў. Звязаўся з праваўладальнікамі, паглядзеў сінопсіс... Убачыўшы, што ў стужцы падзеі адбываюцца падчас Рэфармацыі і там у галоўнай ролі кнігадрукары, адразу зразумеў: гэта наша тэма! Мне ўдалося набыць эксклюзіўныя правы на ўсю Беларусь, і па-руску гэты фільм у нас наогул не будзе паказвацца. Гэтая карціна разлічаная на дзяцей і ранніх падлеткаў, хаця трэйлер ствараў уражанне дарослага фільма. Аднак я нядаўна пабачыў пост у Instagram, дзе нейкія тынэйджары напісалі: “Фильм про книгопечатание и реформацию звучит нудно, но на самом деле это ужасно интересно”. Гэта тая стужка, якую настаўнікі могуць паказваць сваім вучням. Упэўнены, што іх паспяховасць адразу палепшыцца.

— Якія фільмы зможа паглядзець беларускі глядач у бліжэйшы час?

— Мы пачалі паказ вельмі добрай кінастужкі “Жонка наглядчыка заапарка”, якая ўжо ішла ў нашых кінатэатрах, але вельмі абмежавана. Фільм пра польскую сям’ю, якая хавала яўрэяў падчас Другой Сусветнай вайны. З 4 па 14 студзеня стартуе паказ “Хронікаў Нарніі”, а таксама адбудзецца прэзентацыя перакладу на беларускую мову аднайменнай кнігі “Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб”.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"