Урачыстыя мерапрыемствы Дзён культуры пачаліся з цырымоніі адкрыцця і гала-канцэрта ў Грузінскім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Шота Руставэлі, які наведалі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, першы віцэ-прэм’ер — міністр эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі Дзмітрый Кумсішвілі, віцэ-прэм’ер — міністр замежных спраў Грузіі Міхаіл Джанелідзэ, міністр культуры і аховы помнікаў Грузіі Міхаіл Гіяргадзэ, грузінскія парламентарыі і прадстаўнікі мэрыі Тбілісі і акрэдытаванага ў Грузіі дыпламатычнага корпуса.
У праграме гала-канцэрта выступілі: Беларускі дзяржаўны акадэмічны Заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, зорка эстрады Алёна Ланская, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў, пераможца фіналу нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2017” Хелена Мерааі.
Сваю выставу “Беларусь і беларусы” ў фае тэатра імя Шота Руставелі прадставіў і Нацыянальны гістарычны музей. У тбіліскім грузінскім Доме кіно былі паказаны фільмы ад беларускіх рэжысёраў: “Белыя росы” Ігара Дабралюбава, “Анастасія Слуцкая” Юрыя Ялхова, “Дзікае паляванне караля Стаха” Валерыя Рубінчыка, “Цеплыня” і “Драўляны горад” Віктара Аслюка, “Салодкае развітанне Веры” Аляксандры Бутар і іншыя.
Сярод удзельнікаў Дзён культуры быў і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, які прывёз у Тбілісі экспазіцыю “Грузія, дружная з сонцам краіна”. Па словах загадчыка аддзела культуры і адукацыйнай работы ўстановы Вольгі Пархімовіч, Янка Купала наведваў гэтую краіну ў 1930 — 1940-я гады, і творы, напісаныя ім у гэты час, склалі вядомы “грузінскі цыкл” вершаў. Таму для музея гонар прадстаўляць у Грузіі сваю выставу, якую адкрывалі музычнай прэм’ерай песні на твор Янкі Купалы “Генацвале” ў выкананні Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Свой верш класік прысвяціў лекару санаторыя ў горадзе Цхалтуба Эліко Метэхелі, з якой у яго былі вельмі цёплыя адносіны.