Магчымая рэальнасць: ці дапамогуць перамены?

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Пакуль у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь працуюць над змяненнямі і дапаўненнямі ў закон аб аўтарскім праве і сумежных правах, у кулуарах працягваецца абмеркаванне магчымых трансфармацый артыкулаў, датычных сферы мастацтва. Апошнім часам пад увагу патрапілі тэатральныя кампазітары.

Лёгкасць кампазітарства: аплата празмерная?

Яшчэ ўлетку падчас калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб стане, праблемах і перспектывах развіцця тэатральнай дзейнасці ў краіне была агучана прапанова рабочай групы. Спецыялісты, якія ў яе ўваходзілі, палічылі, што ўказаная ў існым заканадаўстве аб аўтарскіх і сумежных правах лічба аўтарскіх адлічэнняў за выкарыстанне музычных твораў у тэатральных пастаноўках занадта высокая. Паводле іх меркавання, музычныя кампазіцыі ў спектаклі звычайна выкарыстоўваюцца толькі фрагментамі, што не дае падстаў прызначаць аўтару 9 працэнтаў аўтарскіх адлічэнняў, якія юрыдычна замацаваны цяпер.

Узгадалі і тую акалічнасць, што партытура пастаноўкі можа збірацца з музыкі, раней напісанай кампазітарам, таму вялікі працэнт аўтарскіх не зусім адпавядае праведзенай рабоце. Апошнім аргументам для магчымага паніжэння мінімальнай стаўкі да 5 працэнтаў сталася цэнавая палітыка: высокія адлічэнні павялічваюць канчатковы кошт білета, што, зразумела, не грае на руку патэнцыйнаму гледачу. Але ці сапраўды ўсё так адназначна?

Дзеля справядлівасці зазначу, што за гэты час прапанова відавочнага развіцця не атрымала, але пытанні ўсё ж засталіся. Дапусцім, тое зніжэнне мінімальнай стаўкі аўтарскіх адлічэнняў адбудзецца: ці сапраўды тэатральныя касы адчуюць эфект ад такой барацьбы са сквапнымі кампазітарамі? Ці дапаможа гіпатэтычнае рашэнне тэатральнаму механізму працаваць больш зладжана, пакінуўшы пры гэтым музычнае суправаджэнне спектакля на якасным узроўні?

Позірк Феміды

Каб зразумець сутнасць праблемы, звернемся да першакрыніцы. Мінімальныя стаўкі аўтарскіх адлічэнняў адпаведна нашаму заканадаўству ўсталёўваюцца дзяржавай на ўзроўні пастановы Урада. Менш за гэтыя лічбы ўзнагароджанне быць не можа. Як сцвярджае начальнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын, упершыню ў Рэспубліцы Беларусь на заканадаўчым узроўні пра мінімальныя стаўкі загаварылі ў 1997 годзе. Праз чатыры гады ў краіне стаў дзейнічаць новы закон аб аўтарскім праве. “Тады ж была прынята пастанова пра мінімальныя стаўкі аўтарскага ўзнагароджання ў залежнасці ад віду твора. Падкрэслю, што дзейнічае яна выключна ў сітуацыі, калі выплаты ідуць праз НЦІУ”, — тлумачыць спадар Бічурын.

Адпаведна вышэйназванай пастанове, на сёння дзейнічае чатырохступенчатая градацыя мінімальных аўтарскіх ставак для кампазітара. Для спецыяльна створаных музычных твораў, якія будуць выкарыстоўвацца ў спектаклях, яму могуць прызначыць 9 працэнтаў за шматактны твор ці 3,5 — за аднаактны. Калі творца раней напісаў шэраг кампазіцый, а пасля рэжысёр звярнуўся да яго па згоду на выкарыстанне той музыкі ў сваёй пастаноўцы, мінімальны бар’ер для яго зніжаецца да 2 і 1 працэнта адпаведна.

Суразмоўца працягвае: “У маім уяўленні, дадзеная стаўка зарыентавана ў першую чаргу на так званыя буйныя формы. Опера, балет, мюзікл — не любая музыка пад гэта трапляе”. І тут мы падыходзім да галоўнай нестыкоўкі ў дакуменце. Пастанова не размяжоўвае аб’екты прыкладання творчых высілкаў кампазітара. Закон суровы: у адну лінію ставяцца оперы і музычнае афармленне драматычнага спектакля. Таму заслужаныя 9 працэнтаў першага выклікаюць непаразуменне ў драматычных калектывах. Але якім чынам будзе праведзена магчымае зніжэнне ставак: ізноў без уліку спецыфікі розных тэатральных жанраў?

Хітрыкі дзеля… творчай рэалізацыі

Мастацкі кіраўнік Тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі здзіўлены, чаму на заканадаўчым узроўні размеркавана так, што за пастаноўку двухактнага драматычнага спектакля кампазітар мусіць мець 9 працэнтаў аўтарскага адлічэння, а рэжысёр — 2 працэнты. Уладзімір Канстанцінавіч аргументуе: “Як рэжысёр, хачу сказаць пра свой цэх. Рэжысёр — аўтар спектакля, які аб’ядноўвае вакол сваёй задумы мастака, кампазітара, балетмайстра, драматурга. Я за тое, каб усе аўтары атрымлівалі годнае ўзнагароджанне за сваю работу. Цяпер жа на фоне астатняй каманды рэжысёр знаходзіцца ў самым журботным стане. Хаця рэжысёр павінен атрымліваць самыя большыя аўтарскія. Мая градацыя: рэжысёр, аўтар, кампазітар, мастак, балетмайстар. Вось такое размеркаванне павінна быць, а не наадварот. Бо збяры ўсіх разам без рэжысёра — нічога не атрымаецца і не будзе ні ў каго ніякіх аўтарскіх”.

Размаўляючы з кампазітарамі, якія працуюць на драматычным полі, адчула, што і яны не ў захапленні ад існай сістэмы лічбаў. У прыватнасці, Дзмітрый Фрыга лічыць, што сённяшнія мінімальныя стаўкі зусім не суадносяцца са спецыфікай тэатра: “Для оперы і балета 9 працэнтаў — адэкватная цана, а вось для драматычнага тэатра — гэта выдаткі і банкруцтва. У драме суаднясенне працэнтаў, якія атрымліваюць кампазітар і рэжысёр, павінна быць іншым. Спадзяюся, што людзі, якія працуюць з заканадаўчымі прапановамі, будуць больш кампетэнтнымі”.

Кампазітару не зусім зразумелым падаецца прынцып цэнаўтварэння з аглядкай на таймкоды. Часам у пэўнай сцэне выкарыстоўваецца толькі фрагмент кампазіцыі, але ўсё ж такі яна пішацца творцам цалкам. “Нават, калі музыка першапачаткова не была створана адмыслова для тэатра, я рэжу яе падчас працы над музычнай партытурай спектакля пад канкрэтныя сцэны, па неабходнасці драблю на лейтматывы, пакідаючы тэмы, якія вядзе флейта, фартэпіяна і гэтак далей, сітуатыўна дапрацоўваю. Прабачце за аналогію, але так можна пайсці ў рэстаран, заказаць стравы, а потым патрабаваць меншы чэк, бо катлету я не еў, а з пяці бульбін асіліў толькі дзве”, — узрушаны суразмоўца.

Але вернемся да асноўнай тэмы. З-за фатальных для драмтэатра 9 працэнтаў апошнім даводзіцца часта ісці на хітрыкі. Спадар Фрыга ўзгадваў, як не раз і не два рэжысёры, замаўляючы напісаць для новай пастаноўкі адмысловую музыку, прасілі пазначыць у дагаворы, быццам кампазіцыі былі прыдуманы раней. Ім няёмка, але, маўляў, тэатр фізічна не можа заплаціць 9 працэнтаў, 2 — больш рэальна. Суразмоўца ўпэўнены, калі працэнт мінімальнай стаўкі знізяць, то ўсім, хто звязаны з драматычнымі тэатрамі, працаваць будзе больш камфортна. Але падкрэслівае, што на заканадаўчым узроўні неабходна развесці працэнтныя стаўкі адносна тэатральных жанраў: “Калі тое не будзе зроблена, магчымая зніжка аўтаматычна закране творцаў, якія займаюцца музычным тэатрам. Аўтары опер, балетаў, мюзіклаў проста апынуцца ў сітуацыі жабракоў з працягнутай рукой. Гэта ізноў будзе ненатуральна, непрафесійна і непрыгожа”.

Медыцынскі прынцып у юрыдычным аспекце

Аўтар твораў сімфанічнай і харавой музыкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алег Хадоска таксама прапануе параўнаць аб’ём працы таго, хто рыхтуе музычнае афармленне драматычнай пастаноўкі, і яго калегі, які піша оперу ці балет. Кампазітар нагадвае: “Той жа мюзікл можа гучаць няспынна дзве гадзіны. Тэатры разумеюць маштаб, таму ніколі нават гаворкі не заходзіла пра незадаволенасць памерам аўтарскіх адлічэнняў для кампазітара. У прыватнасці, са сталічным музычным тэатрам у мяне заўсёды было паразуменне”. Канешне, у дакуменце пазначаны мінімальны памер стаўкі, і пры жаданні кампазітар можа не пагадзіцца з ёю і прапанаваць павысіць працэнт. Але спадар Хадоска прапануе паглядзець на рэчы рэальна: калі памер стаўкі афіцыйна паменшыцца, ніхто з тэатраў іншыя лічбы разглядаць не будзе.

Аляксею Бічурыну, як чалавеку, які заўсёды на баку аўтараў, падаецца не зусім карэктным змяншаць тыя лічбы, якія дапамагаюць творцам мець сродкі для існавання. На яго думку, дакараць кампазітараў высокім коштам квіткоў не зусім лагічна, а часам і параўнальна з тым, як воз паставіць перад канём. Аўтарскія адлічэнні — гэта працэнт ад кошту білета, частка таго, за што быў прададзены спектакль, а не канкрэтная сума, якую неабходна заплаціць. “Ці гэта камень сутыкнення? Сабекошт будуецца на іншым: камунальных выдатках тэатра, аплаты штата ўстановы, адміністрацыі…” — працягвае суразмоўца. Драматычным жа тэатрам, што апынуліся ў палоне завышаных лічбаў, у НЦІУ раяць заключаць з кампазітарам прамы дагавор без іх пасярэдніцтва — тады можна будзе абсалютна законна прымяніць любую ўзгодненую паміж бакамі стаўку.

Дык што з усім гэтым рабіць? Верагодна, галоўнае — памятаць пра прынцып “Не нашкодзь”. Перш, чым брацца за краевугольныя паняцці, не лішнім будзе паслухаць усіх, каго тыя змены наўпрост датычацца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"