Universum-галерэя ў сэрцы мегаполіса

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Галерэі “Універсітэт культуры” сёлета споўнілася 15 гадоў. Па сённяшнім часе гэта шмат. Як сведчыць наш досвед некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, усё, звязанае з мастацтвам — справа рызыкоўная, клапатлівая і не надта рэнтабельная. У грамады іншыя прыярытэты. Мастацтва, што ні кажы, раскоша, а жыццё вымагае эканоміі і ашчаднасці.

/i/content/pi/cult/665/14723/113.jpgКалі згадаць, колькі за нядаўнія гады ў Мінску з’явілася і знікла галерэй і выставачных цэнтраў, дык сам факт такога доўгага існавання некамерцыйнай культурнай установы — ужо падстава для таго, каб звярнуць на яе ўвагу.

Хоць яна эфектыўна працуе ў фармаце горада, а ў шэрагу выпадкаў задзейнічана ў праекты нацыянальнага маштабу, структурна галерэя належыць Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Гэта ягоная “хатняя” выставачная зала. Галоўная задача галерэі — спрыяць навучальнаму працэсу. Тут выстаўляюць свае творы выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта, праводзяцца абароны дыпломных работ і творчыя справаздачы розных кафедраў, ладзяцца выставы роднасных навучальных устаноў замежжа. Гэта дае магчымасць асэнсаваць і суаднесці наш і чужы досвед, чамусьці павучыцца ў іншых, а калі выставы сумесныя —- дык і сябе замежным калегам паказаць.

Аднак невыпадкова зручнае размяшчэнне галерэі ў цэнтры горада, яе залы, добра прыстасаваныя для экспазіцый камернага характару, упадабалі замежныя прадстаўніцтвы, акрэдытаваныя ў Беларусі. Такім чынам, “Універсітэт культуры” яшчэ і прапагандуе культуру і мастацтва іншых краін. Тут ладзяцца не толькі мастацкія экспазіцыі, але і прэзентацыі выдавецкіх праектаў і іншых культурных ініцыятыў, творчыя і навуковыя сумоўі. Галерэя супрацоўнічае з музеямі, грамадскімі арганізацыямі, навучальнымі ўстановамі, бібліятэкамі, сярод якіх, у прыватнасці —- Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

Цяпер там праходзяць адначасова тры выставы рознага характару, што найлепшым чынам сведчыць пра ўніверсальнасць гэтай экспазіцыйнай прасторы. Сустракае гледача выстава “Польшча — краіна аб’ектаў UNESCO”, прадстаўленая Польскім інстытутам у Мінску. На фота — храмы, замкавая архітэктура, комплексная гарадская забудова часоў Сярэднявечча, музеефікаваныя шахты, узор грамадскай архітэктуры Зала Стагоддзя ва Уроцлаве і канцэнтрацыйны лагер Аушвіц, больш вядомы як Асвенцым. Той, хто быў у Польшчы і бачыў згаданыя помнікі, узновіць у памяці гэтыя мясціны, а іншыя адкрыюць для сябе новыя аспекты культуры суседняй краіны.

Другая выстава — персаналка фотамайстра Юрыя Іванова, прымеркаваная да стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прадстаўленыя здымкі зроблены з 1962 па 1991 гады. Паводле фатаграфічнага аповеду Юрыя Іванова, тады было паўнавартаснае жыццё, хаця штосьці з той рэчаіснасці глядзіцца сёння, скажам так, даволі экзатычна. На фота бачыш дзяржаўных дзеячаў тае пары і сярод іх ужо тады легендарнага Пятра Машэрава, а таксама паспалітых людзей, дзяржаўныя святы, пабачаныя ў нечаканым ракурсе, рэаліі побыту. Кранаюць здымкі Мінска 1960-х гадоў, у якіх сталічны размах спалучаецца з правінцыйнай утульнасцю. Такія фота ўжо маюць каштоўнасць гістарычнага дакумента. Шэраг фатаграфій уяўляюць з сябе пастановачныя кампазіцыі сімвалічнага характару, дзе аўтар выступае як рэжысёр і як стваральнік эфектных мізансцэн.

Ён даў сваёй выставе назву паводле тэксту вядомай песні — “Это было недавно, это было давно”. Але, як сведчыць выстава, яно не “было”, а “ёсць”. На ментальным узроўні — дакладна.

Трэцяя экспазіцыя знаёміць гледачоў з традыцыйным японскім жывапісам у выкананні беларускіх прыхільнікаў культуры Краіны ўзыходзячага сонца. Іх арт-студыя мае назву Hagakure. Раз на тыдзень яны збіраюцца на заняткі пад кіраўніцтвам дасведчанага выкладчыка і спрабуюць дзеля спасціжэння ўнутранай гармоніі глядзець на свет шырока прыжмуранымі вачыма.

Вывучэнне прыёмаў і стылістыкі традыцыйнага японскага мастацтва спрыяе ўменню не марнаваць эмоцыі на дробязі. Уласна кажучы, за гэтай навукай і прыходзяць людзі ў згаданую студыю.

Шэраг прадстаўленых работ выкананы на такім узроўні, што, калі не ведаць нацыянальную прыналежнасць аўтараў, палічыў бы іх аўтэнтычнымі японцамі. А вось рэаліі беларускай прыроды ў стылістыцы японскага жывапісу глядзяцца крыху дзіўнавата — як хоку ці танка ў перакладзе на беларускую мову. Аднак у любым выпадку добра, калі чужая культура становіцца хоць крышачку тваёй.

Такая практыка, калі ў адной экспазіцыйнай прасторы сумяшчаецца некалькі выстаў, для галерэі “Універсітэт культуры” звыклая. Пры гэтым, адносна невялікая плошча скарыстоўваецца надзвычай рацыянальна. Маю звычку абавязкова завітаць у галерею, калі знаходжуся побач і маю час. Няўдалых выстаў не памятаю. Можа, мне проста шчасціць, а мо іх і насамрэч няма ў практыцы галерэі “Універсітэт культуры”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"