Тады работнікі бібліятэк толькі падбіраліся да камп’ютарнай тэхнікі, толькі падступаліся да перадавых інфармацыйных тэхналогій. Пра электронныя кнігі нават і гаворкі не было. А дзесьці побач, літаральна праз сценку, народныя, узорныя і іншыя гучна ды ўпэўнена спявалі, танчылі, дэкламавалі. Бібліятэкары, напалоханыя актыўнасцю калег, яшчэ больш схілялі галаву над каталагізацыяй ды бібліяграфазнаўствам, стараючыся намацаць у міжстэлажнай сцішанай прасторы няўлоўныя флюіды літаратурнага працэсу, вынікі якога так станоўча ўплываюць на чытацкую актыўнасць.
Я тады толькі прыйшоў у “Культуру” і раённую клубна-бібліятэчную “армію” ўмоўна падзяліў для сябе на мушкецёраў караля і гвардзейцаў кардынала. Натуральна, вастрэйшыя шпагі былі ў работнікаў клубных сцэн. Гвардыя ж спецыялістаў кніжных шафаў імкнулася адгарадзіцца ад незразумелага тлуму строгім воклічам: “Цішыня ў бібліятэцы!”
Такі падзел, калі хто памятае, выклікаў у чытачоў “К”, што мелі дачыненне да бібліятэчнай кафедры, рэзкае непрыняцце. Колькасць скаргаў знаходзілася ў прамой залежнасці ад колькасці ўжытага (з двух бакоў) валідолу. Раптоўна сусветнае сеціва, што хоцькі-няхоцькі стала набыткам амаль кожнага, прымусіла пацікавіцца, а як з гэтым усім у суседзяў за мяжой. Дый камп’ютарны бум забраў у палон ладную частку патэнцыйных чытачоў. Бібліятэкары ўзяліся вастрыць зброю, адчуўшы ўрэшце, што цішыня не тая прынада, на якую ловяць спажыўца культуры. Падаецца, так узніклі аддзелы бібліятэчнага маркетынгу.
Сёння ці здзівіш каго тым, што пры кніжніцах дзейнічаюць музейныя пакоі, этнаграфічныя куткі, мастацкія галерэі, ствараюцца тэатры (і не толькі лялек), а на абанеменце нават у сельскіх бібліятэках гучыць музыка (няхай сабе і сцішана). Пакрысе прызвычаіліся мы і да таго, што бібліятэкары выходзяць у народ: ладзяць у парках чытальныя залы, арганізоўваюць рэкламныя акцыі ў грамадскім транспарце, у арганізацыях і на прадпрыемствах. З’явіліся за апошнія гады нават кніжныя фестывалі. Працэс, як падаецца, больш чым заканамерны.
І на маё пытанне, вынесенае ў пачатак гэтага артыкула, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў усё часцей адказваюць: “Штосьці клубнікі апошнім часам шаравата выглядаюць на бібліятэчным фоне!” І я пагаджаюся з такім адказам. Так, у творчых вынаходніцтвах нашы бібліятэкары не адстаюць цяпер ад клубнікаў. Нават сям-там значна апераджаюць, і ім пасуе мушкецёрскі капялюш з ганарлівым пер’ем.
Аднак ёсць тут адно але. Бог няроўна дзеліць нездарма. І справа зусім не ў тым, што ў бібліятэчных работнікаў ёсць прафесійнае свята, а ў клубных — няма (апрача агульнага Дня работнікаў культуры), што бібліятэкары маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, а клубнікі — не. Гаворка пра тое, што мы і па сёння не маем больш-менш аб’ектыўных крытэрыяў для ацэнкі якасці працы работнікаў культуры. Для клубнікаў — асабліва. Поўная зала і дэцыбелы апладысментаў — паказчык, канешне, але досыць суб’ектыўны. Рост колькасці бібліятэчных чытачоў — больш аб’ектыўная велічыня, але пры нашай дэмаграфічнай сітуацыі і яна не адлюстроўвае цалкам дынаміку развіцця бібліятэчнай справы.
Для мяне асабіста крытэрыем ацэнкі застаецца выніковасць творчых праектаў. Вось, да прыкладу, вырашылі клубныя работнікі правесці рыбны фэст. Канцэрт на рачным беразе зладзілі, конкурс рыбакоў арганізавалі, справа не абышлася і без юшкі. Цікава, брэндава, народу — мора. Але чагосьці не стае. А бібліятэкары ўсе свае гадавыя акцыі прысвяцілі, скажам, здароваму ладу жыцця. Адпаведныя кніжныя выставы былі бясконцымі, і ўрачы перад чытачамі старанна выступалі, аднак колькасць аматараў спіртнога ды тытуню ў раёне так і не зменшылася. Абедзве сітуацыі — досыць характэрныя. Першыя — недаацанілі свае сілы. Другія — пераацанілі. Я гэта да чаго? І бібліятэкары, і клубнікі ў большасці раёнаў Беларусі крэатывяць сёння прыкладна аднолькава. Час падумаць, каб знайшла праца водгук у душах.