Рэвельскі Монтэ-Крыста

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Брат аўтара “Пінскай шляхты” — спадчыннік малдаўскага прастола
У адзін цудоўны дзень князь Дзмітрый Канцямір атрымаў ліст за подпісам такога ўплывовага ў той час чалавека, як Пётр Валконскі. Пасля прачытання прызнаны вар’ятам спадчыннік малдаўскага прастолу, не стрымліваючы радасных пачуццяў, кінуўся на шыю да свайго стрыечнага брата Васіля Пасека са словамі “Я атрымліваю тое, што ўжо не чакаў! Прачытай, братка!”. Каб ён ведаў, што аўтарам таго ліста насамрэч быў ніякі не Валконскі, а той самы “братка”!

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 34, 39 — 40.)

Узнагарода за старанні

У лісце сцвярджалася, што Аляксандра І расчулілі няшчасці Дзмітрыя Канцяміра, і імператар “не знаходзіць больш прыстойнай для яго ўзнагароды, акрамя як вяртання яму часткі валоданняў ягоных продкаў. І таму адразу як пераканаецца, што князь мае ўсе ўласцівасці, якімі павінен валодаць гасудар для тварэння шчаслівымі сваіх падданых, імператар мае намер патрабаваць ад султана для яго Малдавію і Валахію, а ў выпадку адмовы мае схільнасць падтрымаць сваё патрабаванне зброяй”.

Да таго часу прэтэндэнт на малдаўскі трон ужо паспеў ладна зняверыцца ў добрай волі расійскіх імператараў. У апошніх на яго вотчыну яўна былі свае планы, і Канцямір у іх ніякім чынам не ўпісваўся. А тут раптам такое!

Дзмітрый з нецярплівасцю чытаў далей: “А потым схіліць манарх Аўстрыйскі двор, каб вярнуў яму ўсе заваёвы, якія зрабіў апошнi ў Малдавіі, каб далучыць да таго частку Падолля. І такім чынам скласці дзяржаву і разам з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі абвясціць яго уладаром гэтага краю, пад назвай герцага Раманійскага. Што за ўсе гэтыя дабрадзействы яго імператарскай высокасці абавязаны ён жонцы і мне: для чаго і заслугоўваем мы ад яго суразмернага нашай адданасці стану. А па заснаванні дабрабыту некаторых са сваякоў сваіх, з якіх многія знаходзяцца ў беднасці, паспяшаецца імператар здзейсніць свой намер, калі знойдзе яго міласэрным і шчодрым, правасудным і велікадушным. Бо толькі той, хто мае гэтыя вартасці, можа насіць карону”.

Тут ужо былі канкрэтныя намёкі. Як мы пісалі ў папярэдняй частцы, сваякі ўпарта — але пакуль безвынікова — схілялі князя Дзмітрыя прызнаць шлюб і бацькоўства, а разам з тым, права жонкі і дзяцей на спадчыну. Васіль запэўніваў усіх у бескарыслівасці сваіх намераў. Аднак суд, перад якім ён неўзабаве апынуўся за падробку згаданага ліста, такія абставіны не ўлічыў, і атрымаў Пасек за сваё махлярства па поўнай.

Павесілі на яго заадно і ці не самае страшнае на той час злачынства. Вось што пісаў на гэты конт сам Васіль: “8 мая 1802 гады атрымаў я вестку, што данёс генерал ад кавалерыі А.В. Абрэскаў яго імператарскай вялікасці аб маім лісце да памяшанага, быццам змяшчае ён абразу імператара, а ў ім няма ні малога следу абразы… Там выяўлены манарх найлепшым манархам у свеце… Гэтае абвінавачванне мяне не здзівіла: Абрэскаў жанаты на роднай сястры жонкі майго дзядзькі і апекуна, якому хацеў дагадзіць!».

Такім чынам, падкопы Пятра Пасека працягваліся — тым болей, сам Васіль даў для гэтага выдатную нагоду, і не адну. Нейкі час ён не разумеў ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі і спадзяваўся, што хутка выйдзе на свабоду. Але рэальнасць апынулася вельмі суровай: “Мне вызначылі адсекчы галаву, а як смяротнае пакаранне не было тады ва ўжыванні і нельга было секчы дваран пугай, то пастанавілі саслаць мяне на катаржныя работы, пазбавіўшы узнагарод, чыноў і дваранскай вартасці!”.

Васіль Пасек адправіўся ў Сібір на больш чым 20 гадоў. Лёс яго сям’і (13 сыноў і 5 дачок) апісаны Герцэнам ў 1-й частцы “Мінулае і думы”. Толькі ў 1824 годзе, за 6 гадоў да смерці, наш герой быў памілаваны і разам з сям’ёй змог пакінуць той суровы край. А ў 1836 году ў Пасекаў атрымалася вярнуць правы на дваранства.

Чый бог — золата?

Пры гэтым, усе старанні Васіля Пасека, якія скончыліся для яго катаргай, не былі ацэненыя і нашай галоўнай гераіняй — будучай жонкай Ігната Марцінкевіча Соф’яй Канцямір, якая ўбачыла ў ягоных клопатах карыслівы разлік ды падтрымлівала захады супраць яго з боку Пятра Пасека. І тут нам не абысціся без вялікай цытаты самога Васіля, дзякуючы якой мы маем магчымасць крыху бліжэй пазнаёміцца з будучай нявесткай Яна Марцінкевіча: “Нават дачка кн. Канцяміра кажа пра мяне, што жонка бацькі яе абяцала мне 50.000 рублёў, і што з прагнасці да грошай прымусіў я падманам бацьку яе пагадзіцца прызнаць Хрушчову за сваю жонку і схіліў яго падпісаць распараджэнне на карысць яе! У першы раз спазнаў я яе злосць у Рэвелі, і ад пляменніцы маёй не чакаў такога ўчынку! Я бачу цяпер, што і яе бог — золата (…) Пры праездзе праз Пецярбург да бацькі яна скардзілася мне на дзядзьку і апекуна майго, а ў прыездзе з Рэвеля ў Пецярбург ужо хваліла яго, таму што ён улагодзіў яе падарункамі! Няшчасная Соф’я! Дзядзька і апякун мой заахвоціў цябе для таго ісці супроць мяне, каб мець больш сродкаў цябе і мяне прыгнятаць. Тваёй маладосці ўласцівая легкадумнасць! Табе дарую! Не менш таго жадаў бы я мець вочную стаўку з пляменніцай маёю, з жонкаю няшчаснага майго брата і дзядзькам і апекуном маім, але ў вачах Дзяржаўнага Савета!”.

Разам з тым, Соф’я кажа Пасеку пра сваё дрэннае здароўе, на папраўку якога ўжо нават і не спадзяецца. Тое, што ў запісе аб шлюбе з Ігнатам Марцінкевічам яна названа дачкой князя Канцяміра, сведчыць: у выніку князь Дзмітрый усё ж прызнаў яе сваім дзіцём. А вось княгіня лічыла і Соф’ю, і Антыёха несапраўднымі дзецьмі Канцяміра.

Урэшце, яна таксама як быццам дамаглася свайго. 31 снежня 1801 года Сінод услед за ўказам за асабістым подпісам імператара Аляксандра загадаў: “Робячы ласку на прашэнне дачкі брыгадзіра Хрушчова, у якім тлумачыць, што хоць у 1787 годзе ў Харкаве брала яна шлюб па добрай волі з палкоўнікам князем Канцямірам, але як шлюб гэты здзейснены быў у суботу Сырнага тыдня, то па ўказе 1 сакавіка таго ж года былі яны разведзеныя. У павагу ўзаемнай згоды як ад яе, так і ад князя Канцяміра на працяг шлюбнага сужыцця выказаную, усяміласціва загадваем: заключаны імі шлюб пацвердзіць і дазволіць уступіць ім ва ўсе правы шлюбу на падставе правілаў Святой царквы”.

Але калі быў прызначаны дзень пацвярджэння шлюбу, Канцямір спачатку сказаўся хворым, потым вырашыў падумаць яшчэ. А пасля роздуму раптам заявіў, што “ён пацвердзіць шлюб ужо і зусім не жадае”. Розныя ўплывовыя людзі шматкроць угаворвалі яго выканаць высокі ўказ, але Канцямір ўпарта адмаўляўся.

У лютым 1803 года гэтае пытанне было ўзнята яшчэ раз — і зноў безвынікова. У адказ Канцямір напісаў тлумачэнне, дзе сцявярджаў, што ніколі не даваў згоды на працяг шлюбу з Хрушчовай, акрамя як будучы падманутым яе саўдзельнікам Васілём Пасекам. Да таго часу Дзмітрый ужо канчаткова зняверыўся ў добрых намерах брата.

23 лістапада 1803 года на сходзе Дзяржаўнага Савета слухалі справу пра нежаданне Канцяміра зноў ажаніцца з Хрушчовай. У выніку, прыйшлі да высновы, што не маюць права прымусіць чалавека гвалтоўна ўзяць шлюб. На прашэнне няздзейсненай жонкі дазволіць ёй насіць прозвішча Канцямір і атрымаць сёмую частку з яго маёмасці 3 ліпеня 1804 года імператар адказаў згодай толькі на першую частку, вызначыўшы, што Хрушчова не мае ніякага права на маёмасць князя, аднак “у павагу яе няшчаснага становішча”, прызначыць ёй пажыццёвае ўтрыманне з прыбыткаў мужа па 1500 рублёў у год. Гэтым жа ўказам імператар замацаваў за дзецьмі Канцяміра, якія ва ўказе называюцца “выхаванец” і “выхаванка”, прыярытэт у атрыманні яго спадчыны. Адбылося тое за паўгода да вянчання з Марцінкевічам. Аднак на лёс і фінансавы стан яго роду ніяк не паўплывала.

У барацьбе за спадчыну

Толькі ў 1809 году Канцяміру было дазволена пасяліцца ў Харкаве, дзе знаходзіліся яго маёнткі. 6 лютага 1820 году ён звярнуўся ў Камітэт Міністраў з прашэннем дазволіць яму — пры адсутнасці нашчадкаў — перадаць слаўнае прозвішча Канцямір праўнучатаму пляменніку, пажу Двара яго імператарскай вялікасці графу Мікалаю Булгары. Аднак так і не дачакаўся адказу — 17 чэрвеня 1820 года князь Дзмітрый памёр у Кіеве.

Пытанне аб яго духоўнай спадчыне — перадачы прозвішча Канцямір па жаночай лініі — было вырашана станоўча. Можна ўпэўнена меркаваць, што каб у шлюбе Ігната і Сафіі Марцінкевічаў былі дзеці — тым больш, хлопчыкі — то ў іх былі б усе шанцы атрымаць ад дзеда гучнае імя, а разам з ім і ілюзорныя надзеі на “спадчыну грэчаскіх імператараў”. Ну, або, як мінімум, малдаўскага трона. Але, хутчэй за ўсё, Соф’я і сапраўды пражыла зусім мала і нарадзіць не паспела.

Пачалася доўгая гісторыя барацьбы за матэрыяльную спадчыну Канцяміра, у якой ніхто з Марцінкевічаў не браў удзел — па згаданай вышэй прычыне. Праблема заключалася ў тым, што князь Дзмітрый шматкроць рабіў распараджэнні аб сваёй маёмасці, прапаноўваючы яе частку нават Васілю Пасеку — да таго, як той трапіўся на махлярстве. У адным з першых варыянтаў тэстаменту, напісаным у Маскве ў 1811 годзе, князь не згадвае нікога ні з дзяцей, ні з выхаванцаў (значыць, і Соф’я, і Антыёх да таго моманту ўжо былі мёртвыя), і ўсю маёмасць адпісвае ўнуку сястры Кампініяну. Аднак ў 1819 годзе ён перапісаў завяшчанне, потым — яшчэ раз… Уся гэтая блытаніна з тэстаментамі прывяла да таго, што пытанне спадчыны вырашылася яшчэ ў 1836 годзе. Аднак для нашай гісторыі гэта ўжо амаль не мае значэння, бо ні пра якія кантакты Марцінкевічаў з Канцямірам і яго спадкаемцамі пасля смерці Соф’і пакуль невядома.

У 1804 годзе Ігнат Марцінкевіч стаў мужам дзяўчыны, якая з’яўлялася далёкім, але прамым нашчадкам Чынгісхана і дачкой апошняга законнага прэтэндэнта на пасад Малдавіі. Прычым гэта быў той час, калі Еўропу чакалі вельмі сур’ёзныя ваенныя ўзрушэнні. Калі б Расія згадала пра дамову паміж Пятром I і Канцямірамі, пасля перамогі над Напалеонам цалкам магла б з’явіцца незалежная Малдова на чале з князем Дзмітрыем. А пасля яго смерці — так, я не жартую! — галоўным прэтэндэнтам на трон станавіўся брат нашага класіка.

Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу. У 1820, калі князя Канцяміра хавалі ў сямейным маўзалеі ў вёсцы Рагань, Ігнат Марцінкевіч ужо гадаваў сваіх сыноў ад другога шлюбу з Лізаветай Юр’еўнай — з не менш гучнага роду князёў Валконскіх.

А наастачу — пра яшчэ адну роднасную (праўда, не крэўную) сувязь. Узыходзіць яна да другой жонкі князя Канстанціна Антыёхавіча Канцяміра Наталлі Галавіной. Яе ўнучатым пляменнікам быў ніхто іншы як сам… Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. І сваяцтва галоўнага паэта Расіі з пачынальнікам новай беларускай літаратуры не выглядае такім ужо далёкім: Пушкін — праўнучаты пляменнік другой жонкі дзеда нявесткі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча!

Зміцер ДРОЗД,
гісторык-архівіст

/i/content/pi/cult/660/14635/pages 14-15 copy 2.jpg