Менавіта гэта рыса аб’ядноўвала такія, здавалася б, прынцыпова супрацьлеглыя, скіраваныя на розную публіку з’явы, як музычна-харэаграфічна-паэтычны перформанс “Чатыры вымярэнні сучаснага мастацтва Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі, імпрэза для немаўлят “Музыка твайго сэрца” з гульнямі ды скокамі, акадэмічныя выступленні выбітных салістаў і прыезд легенды сусветнага авангарду — польскага кампазітара-класіка Кшыштафа Пендэрэцкага, які да ўсяго дырыжыраваў адным з твораў сваёй аўтарскай вечарыны. Вядома, музычны складнік кожнага са згаданых канцэртаў меў розную мастацкую вагу: дзесьці менавіта музыка была “падзеяй нумар адзін”, а дзесьці — магла ўспрымацца і гэткім рытма-шумавым фонам. Разгледзім усе варыянты, пачынаючы з музыкі...
у ролі каралеўны
Выступленні маладых салістаў і ў фестывальных праграмах, і проста ў філарманічных канцэртах для нас не навіна. Дый на цяперашнім фестывалі Башмета такіх было некалькі. Сольнае аддзяленне аднаго з іх было аддадзена Ксеніі Сідаравай (Латвія — Іспанія), якая рэкламавалася не іначай, як “гламурная акардэаністка”, прынцэса, каралева акардэона. Маладыя артысты (дый, прызнаемся, і сталыя), здараецца, любяць пакрасавацца на сцэне, дэманструючы, паводле Станіслаўскага, найперш “сябе ў мастацтве”. Ёсць і іншыя — хто цалкам сыходзіць у цень, выводзячы на авансцэну творы, якія выконваюць. У ігры Ксеніі Сідаравай пальма першынства была аддадзена класічнай трыядзе музыка-гармонія-прыгажосць. Бо замест негалоснага спаборніцтва між выканаўцам і творамі акардэаністка сама была ўвасабленнем музыкі.
Гучалі творы П’яцолы — у нечаканых інтэрпрэтацыях. Але, слухаючы іх, хацелася не дыскутаваць наконт дакладнасці трапляння ў кампазітарскую задуму (выканаўцы здольныя напаўняць нотны тэкст новымі сэнсамі), а радавацца сустрэчы з цудоўнай музыкай. Салістка здзіўляла не трывіяльнай віртуознасцю (у сэнсе “хутка ды гучна”), а неверагоднай музычнасцю, кранальнай выразнасцю вельмі доўгіх, амаль “бясконцых” фраз, асаблівай інтэлігентнасцю гуку, у якім адчуваліся аркестравыя фарбы — ажно да абертонаў. Яе акардэон надзіва гарманічна спалучаўся са струннымі, бо яна дасягала на ім такой жа пявучасці, пяшчоты, а калі трэба — трапяткіх трэмала ці, наадварот, гуллівасці, параўнальнай з гучаннем скрыпічнага піцыката. У выкананні Ксеніі была ўся палітра эмацыйных адценняў: ад апавядальнасці да незабыўнай самоты і, як супрацьлегласць, прамяністай радасці — грацыёзнай, бы на высокіх абцасіках, з сонечнымі пырскамі.
Акардэаністка іграла з East-West Chamber Orchestra, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога з’яўляецца лаўрэат міжнародных конкурсаў Расціслаў Крымер (ён жа выступае дырэктарам — мастацкім кіраўніком фестывалю). У калектыве сабраліся выдатныя музыканты, скрозь пераможцы прэстыжных конкурсаў: Аляксей Багрынцаў, Міхаіл Радунскі, Аляксандра Іванова, Віктар Альшэўскі... Салістка знайшла з імі цудоўнае паразуменне: задавала тэмп, паказвала ўступы, натхняла сваім позіркам, вольна перамяшчалася па авансцэне, быццам малюючы прасторавыя траекторыі інструментальнага тэатра. Зусім іншая прастора адкрылася, калі пасля сольных бісоў узнік аркестравы: Расціслаў Крымер прапанаваў публіцы музыку з камп’ютарнай гульні World of Tanks у пералажэнні Валерыя Воранава.
Музыка з усімі яе прасторава-стэрэафанічнымі эфектамі панавала на аўтарскім канцэрце кампазітара Кшыштафа Пендэрэцкага “Сучасная класіка. Вечар прэм’ер”. Асабліва гэта тычылася яго Сёмай сімфоніі-араторыі “Сем брамаў Іерусаліма” на тэксты са Старога Запавету. Пашыраны склад Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра (за кошт студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі), некалькі харавых калектываў (капэла імя Рыгора Шырмы, Дзяржаўны камерны хор), пяцёра польскіх салістаў, чытальнік з асаблівай музычна-распеўнай манерай і двое дырыжораў (галоўным быў, вядома, Пендэрэцкі) стварылі гукавую карціну гісторыі сусвету. Музыканты знаходзіліся не толькі на сцэне, але і ў глядзельнай зале (гэтай групоўкай дырыжыраваў Мацей Творэк), сола трамбона гучала з балкона асвятляльнікаў. Слухачы, асабліва ў партэры, адчувалі сябе ў эпіцэнтры падзей, у сярэдзіне магутнага гукавага віру. А скіраваныя на іх доўгія трубы вялізнага тубафона (новага інструмента, сканструяванага пры ўдзеле кампазітара) асацыяваліся з пушкамі артылерыйскай устаноўкі.
У першым аддзяленні гэтага звышаншлагавага канцэрта гучаў Фартэпіянны канцэрт майстра — “Уваскрэсенне”. Высокі духоўны сэнс твора выяўляўся не толькі праз харальныя гучанні, звонавасць, пераход ад трывожна-трагічных да ўрачыста-ўзнёслых настрояў. Гэта быў зрэз усёй эпохі вачыма вялікага мастака-філосафа і гуманіста, позірк у сучаснасць і будучыню чалавека і чалавецтва (першая рэдакцыя твора ўзнікла ў 2001 — 2002-м, як водгук на тэракт 11 верасня ў Амерыцы другая — у 2007-м). А прасторава-часавае ўзаемадзеянне піяніста (саліраваў усё той жа Крымер) з аркестрам, багатым на каларытныя сола духавых і разнастайных ударных, нагадвала суадносіны грома з маланкай.
Іншая роля адводзілася музыцы ў сенсацыйных праектах фестывалю. Тут яна выступала...
у ролі Папялушкі
Бэбі-канцэрт у зале “Верхні горад” нагадваў класічную трохчасткавую форму — амаль з дакладнай рэпрызай. У крайніх частках са сцэны гучала музыка Моцарта, садзейнічаючы, па словах Расціслава Крымера-вядучага, разумоваму развіццю прысутных. Сярэдзіна ж імпрэзы была аддадзена гульнявым заняткам, што праводзіла спецыяльна запрошаны выкладчык праграм ранняга развіцця Алена Голубева. Дзятву запрасілі на раскладзены перад сцэнай дыванок — і маляты дружна трэслі паграмушкамі-маракасамі, рухаліся з шалікамі, кідаліся падушкамі, глядзелі на мяккія цацкі, што з’яўляліся з-за імправізаванай шырмы, пускалі мыльныя бурбалкі і скакалі пад раскінутым бацькамі палотнішчам-шатром. Усё гэта — пад разнастайныя фанаграмы: ад “Канкана” Афенбаха да “Танца маленькіх качанятаў”. Аркестранты пры гэтым не сыходзілі са сцэны, і дзеці паступова так разгуляліся, што пачалі лётаць між пультамі, не спыніўшыся і тады, калі струннікі зноў зайгралі моцартаўскія шэдэўры.
Знаёмства з інструментамі адбывалася ў індывідуальным парадку: некаторыя дзеці больш старэйшага ўзросту самі падыходзілі да музыкантаў, задавалі ім пытанні. Гледачы ж падзяліліся на дзве часткі. Квіткі каштавалі нятанна, на дзіця патрабаваўся асобны, але для заможных маладых маці ў дэкрэтным адпачынку гэта быў прыемны выхад у свет, магчымасць завесці карысныя кантакты. Ды ўсё ж узроставая пазнака 0+ павінна была мець верхняе абмежаванне. Бо тыя, хто выклаў немалыя грошы дзеля першага знаёмства свайго дзіця з жывой музыкай, былі расчараваныя: дзецям пасля трох гадкоў тут было не надта цікава. Яны імкнуліся заняць сябе самі: дзяўчынка побач са мной супакоіла бабулю, што скарыстае атрыманыя ў падарунак памперс ды іншыя прылады для гульні ў лялькі. А музыку паслухае ў камп’ютары.
Праблема як мага больш ранняга далучэння дзяцей да мастацтва застаецца адной з найбольш актуальных. У замежжы цягам суцэльнага стагоддзя распрацоўваліся самі розныя методыкі — на вышэйшым прафесійным узроўні. У нас жа ўсё гэта толькі пачынаецца. Тым больш важна каардынаваць свае дзеянні з тым, што ўжо напрацавана. Міжволі ўзгадаўся сталічны фестываль “Казачны джэм”, што мае трохгадовую гісторыю, але засяроджаны найперш на тэатры. Сёлета адной з яго “разыначак” быў польскі спектакль “Лабірынт”, прызначаны для дзяцей да года. Да ўсяго, там быў і музычны інтэрактыў з “паўзунчыкамі”. А ўвогуле ў час “Джэма” было столькі цікавага, што заяўляць пасля гэтага пра першапраходніцтва ў гэтай галіне неяк некарэктна. Тым больш, што тая ж Віцебская філармонія даўно ладзіць праекты з адпаведнай музыкай для “дзяцей у жывоціку”. Разнастайныя філарманічныя абанементы існуюць для старэйшых дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Пэўна, было б мэтазгодна рэкламаваць і іх, а не адно праславутыя цэнтры ранняга развіцця.
Шматлікі культурны бамонд сабраўся на праекце “Чатыры вымярэнні сучаснага мастацтва Беларусі”. Штосьці падобнае ў адным з еўрапейскіх музеяў здзяйсняў малады беларускі кампазітар Валерый Воранаў: напісаў музыку, размясціўшы музыкантаў па дзевяці розных залах аднаго паверха. Знаходзячыся ў цэнтральнай з іх, замежныя наведвальнікі маглі напоўніцу адчуць стэрэафанічны эфект музычнага гучання з усіх чатырох бакоў. А прайшоўшыся па розных музейных пакоях, убачыць пластычныя інсталяцыі, ажыццёўленыя дарослымі і дзецьмі.
У нас усё было на парадак складаней. Кампазітараў — пяцёра, залы ў Нацынальным мастацкім музеі — на двух паверхах, гледачоў — суцэльныя натоўпы, што дружна рухаліся за маўклівым вядучым з карціннай рамай у руках. А сярод удзельнікаў — яшчэ артысты-чытальнікі і немалыя па колькасным складзе тэатральна-харэаграфічныя калектывы. Ахапіць усё разам ні вокам, ні вухам было практычна немагчыма. Музыка ператваралася ў фон да вершаваных радкоў. Карціны на сценах — у фон да “ажыўленых карцін”: у зале выставы Марка Шагала рухаліся прыдуманыя мастаком вобразы, на фоне гравюр Напалеона Орды пад музыку авангарду ішлі ў паланэзе некалькі пар Дзяржансамбля танца краіны. Больш пашацавала хрэстаматыйна вядомаму палатну Валянціна Волкава “3 ліпеня 1944-га”. Бо яно і само маштабнае, і студэнты БДУКіМ, стаўшы на ўзвышанне і паўтараючы позы намаляваных персанажаў, на нашых вачах “складалі” яго з асобных эцюдаў.
Менавіта ўдзельнікі перформансаў успрымаліся галоўнымі героямі імпрэзы. Кампазітары ж і музыканты нават выйшлі на фінальны паклон усе разам. Ідэнтыфікаваць, дзе, якія і чые творы гучалі, таксама было немагчыма. Але музей атрымаў шыкоўны піяр. Хтосьці з публікі, трэба спадзявацца, усур’ёз зацікавіўся сучасным мастацтвам і яго сінтэзам. Ну, а музыцы — проста наканавана ператварыцца з Папялушкі ў каралеўну. Ці жыццё не казачны сюжэт?