Засталося завяршыць тонстудыю з найноўшай сістэмай шматканальнага гуку Dolby Atmos, дарабіць падлогу ў адным з павільёнаў, сям-там падфарбаваць, прыбраць, памыць, паставіць мэблю — і, нарэшце, адкрыць галоўны корпус на праспекце Незалежнасці.
“Усе працуюць на тое, каб паспець у тэрмін”, — кажа Ігар Поршнеў, які на гэтым тыдні правёў для журналістаў экскурсію па валоданнях “Беларусьфільма”. Пад (сімвалічным?) дажджом мы прайшліся па яшчэ неакультуранай тэрыторыі, трапілі ў брудную пясочную мешаніну, наслухаліся натуральных для будаўнічых работ шумоў, праз якія не было чуваць экскурсавода, паглядзелі агромістыя павільёны, покрадкам памацалі рукамі багаты беларусьфільмаўскі рэквізіт. Рабочыя працуюць ужо на завяршальным этапе рэканструкцыі. Адзін з іх нават накрычаў на нашу групу: маўляў, няма чаго тут перашкаджаць! Гэта зразумела: да дня X засталося менш за месяц, таму нельга губляць ні хвіліны.
Усё выглядае на тое, што прызначаны тэрмін здачы “Беларусьфільма” ў эксплуатацыю нарэшце будзе апошнім. З 2007-га, калі літоўская фірма “Ханэр” узялася за праект рэканструкцыі кінастудыі ў надзеі атрымаць у карыстанне некалькі беларусьфільмаўскіх гектараў, меркаваная дата завяршэння праекта пераносілася некалькі разоў. Мяняліся і заказчыкі, і фінансавыя крыніцы. У адзін з такіх пераломных момантаў праца “стаяла” каля года. Не атрымлівалася і плаўная рэканструкцыя, калі кінастудыя часова размяшчаецца, скажам, у адной палове корпуса, пакуль у другой адбываецца рамонт. Праз гэта “Беларусьфільм” страціў адну з крыніц заробку — некаторых арандатараў памяшканняў. Ці вернуцца яны, пакуль невядома. Але ўжо сёння ёсць пэўныя планы на гэты конт. Прыкладам, у галоўным корпусе, дзе традыцыйна месцілася сталовая кінастудыі, мае з’явіцца кавярня з невыпадковай назвай “Белыя росы”.
Пацярпеў ад працяглай рэканструкцыі і рэквізіт. Вялікая калекцыя адзення, галаўных убораў і абутку ўтрымлівалася ў неналежных умовах, а перавозіць яе не было куды. Сёння ўсё гэта знаходзіцца ў вытворчым корпусе: ён быў прадугледжаны праектам рэканструкцыі, накіраваным на тое, каб кампактна размясціць цэх апрацоўкі плёнкі, цэх дэкаратыўна-тэхнічных збудаванняў, кацельную — усяго каля трох дзясяткаў розных будынкаў. Дарэчы, да рэканструкцыі збудаванні кінастудыі — у тым ліку, і галоўны корпус, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, — не абнаўляліся з часу ўзвядзення ў 1960-х.
Аптымізацыя вытворчага працэсу, сучаснае абсталяванне павільёнаў, студыі гуказапісу і лічбавай студыі для камп’ютарнай графікі і колеракарэкцыі — усё гэта дае падставы міністру культуры Рэспублікі Беларусь Юрыю Бондару сцвярджаць, што “Беларусьфільм” стане адной з самых сучасных і дасканалых кінафабрык у Еўропе.
І сапраўды, студыя атрымае магчымасць для працы над поўным цыклам кінавытворчасці. Праўда, заспець здымачны працэс ні ў адным з павільёнаў журналістам не ўдалося. Зрэшты, як запэўнівае Ігар Поршнеў, магчымасці “Беларусьфільма” былі запатрабаваны нават падчас рэканструкцыі:
— Нашы павільёны былі задзейнічаны, напрыклад, для здымак серыяла “Вялікі” Валерыя Тадароўскага. Ужо паўгода стаяць і яшчэ столькі ж прастаяць дэкарацыі да серыяла “Вяртанне Мухтара-2”. Работа над ім вядзецца на кінастудыі. Там нават сабака беларускі здымаўся!
Наш экскурсавод кажа, што прыярытэт будзе аддадзены беларускім карцінам, але павільёны прыйдуцца дарэчы і арандатарам з іншых краін. Нядзіўна, што на кінастудыю зачасцілі прадстаўнікі замежных кінавытворцаў.
— Не так даўно нас наведаў расійскі рэжысёр Аляксей Мурадаў, які рыхтуецца да здымак серыяла пра Чарнобыль, — працягвае Ігар Поршнеў. — Яму спадабаліся нашы склады, вялікая колькасць атрыбутыкі таго часу, магчымасці па будаўніцве дэкарацый. Папярэдне мы ўжо дамовіліся, што здымкі пройдуць на “Беларусьфільме”. Былі яшчэ дэлегацыі кінематаграфістаў з Італіі, Індыі, Германіі… Уласна, гэта я да таго, што рэканструкцыя была недарэмнай.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА