— Наста, як ты рашылася на такі прыгожы жэст — тату з малюнкам дачкі?
— Я даўно хацела зрабіць татуіроўку, прычым менавіта на руках. Справа была адно ў выбары выявы — каб яна не надакучыла мне ўжо праз год. Тут і аказаўся пад рукой малюнак Серафімы: калі яго ўбачыла, зразумела, што ён будзе заўжды мяне радаваць.
— Ты адна з самых творчых і смелых мам, якіх я ведаю. Сёння твайму сыну Арсенію ўжо 11 гадоў, але, памятаю, як ты на восьмым месяцы цяжарнасці паехала ў Маскву выступаць на рок-фестываль “Крылы”. Тады быў цэлы шквал як абурэнняў, так і захапленняў…
— Думаю, гэта “раздзьмутая” сітуацыя. Калі цяжарнасць праходзіць нармальна, то людзі да апошняга працуюць у офісах, не выклікаючы ні ў кога здзіўлення. І ў маім учынку я таксама не бачу чагосьці звышмернага. Так, выступленне на фэсце асацыюецца з эмацыйным узрушаннем, але я спакойна і добра гэта перанесла. Дарэчы, “Крылы” тады пакінулі адно з найлепшых ўражанняў ад расійскай фестывальнай сцэны.
— Існуе стэрэатып, што мама павінна цалкам прысвяціць сябе дзіцяці. Але твая кар’ера — акурат удалы прыклад таго, як можна спалучаць творчую і мацярынскую ролі, атрымліваючы ад гэтага задавальненне. Не адыходзячы ад калыскі, ты запісвала песні, выпускала альбомы, выступала з канцэртамі...
— Так, памятаю, калі Серафіме было два месяцы, яе мне прыносілі на канцэрт, і я карміла ў перапынку. Яна шмат ездзіла са мной у сліме па ўсіх выступленнях. Проста я разумею, што дзіця мае патрэбу ў шчаслівай маме — гарманічнай і радаснай. Не мой варыянт, калі маці ахвяруе ўсімі сваімі ўнутранымі памкненнямі і жаданнямі. Я імкнуся знаходзіць баланс паміж тым, каб знаходзіцца разам з дзецьмі, і сваёй справай. Але калі ў кагосьці ёсць памкненне сядзець дома з дзіцём — не бачу нічога дрэннага. Кожны мусіць рабіць тое, у чым мае патрэбу. Самае галоўнае — я ніколі не адчувала, што пакідаю дзяцей без увагі, хаця на першыя гады іх жыццяў выпадалі важныя крокі ў прафесіі. Ніколі такога не было, каб я з’язджала кудысьці на тыдзень без малых. Я проста фізічна не здольная дазволіць сабе падобную разлуку. Таму і ўмудралася усё спалучаць. Дый, дзякуй Богу, блізкія мне дапамагалі.
— Мацярынства табе спрыяе ў творчасці?
— Каб не дзеці — нічога не было б увогуле! Такое маё меркаванне і адчуванне. Калі казаць пра акцёрства — проста не ўяўляю, як можна існаваць на сцэне ў пэўных ролях, не маючы досведу маці, не ведаючы, што такое пяшчота, любоў да дзіцяці. Калі разважаць пра музыку, то таксама — гэта глыбокае пераасэнсаванне сябе ў творчасці і творчасці ў сабе, усведамленне пэўных глыбінных тэм, рэагаванне на навакольныя працэсы пад пэўным ракурсам. Дзякуючы таму, што ёсць дзеці, з’яўляецца гіперадказнасць, гіперлюбоў, звышзадача. Дзеці даюць нам сэнс, у якім мы маем патрэбу. Прызнаюся, што менавіта іх прысутнасць у жыцці спыняла мяне перад страшнымі ўчынкамі.
— У Мікалая Гогаля ёсць такая думка, што менавіта духоўныя іспыты, якія прыпадаюць на наша сэрца, акурат і робяць больш вострым наш розум. Дзеці для цябе — гэта іспыт ці інструмент, які робіць нас лепей?
— Усё разам. Бо кожная любоў — гэта іспыт, як і кожнае шчасце. І тая праца, якая прыходзіць разам з мацярынствам у жыццё — пастаянная, кругласутачная, нязменная. Замяніць яе нічым іншым немагчыма. Безумоўна, добрае мацярынства і бацькоўства — гэта калі ў чалавека ёсць сувязь з дзіцём, абвастрае ўспрыманне і адчуванне ад жыцця і свету.
— На адным буйным арт-фестывалі ў Германіі была практыка — журы дзяцей. Яны ацэньвалі сур’ёзнае канцэптуальнае мастацтва ды раздавалі дыпломы знаным аўтарам. Пасля такой прэамбулы хачу цябе запытаць: а твае дзеці — журы для цябе? Крытыкуюць?
— Крытыкі, здаецца, пакуль няма. На маіх пастаноўках у тэатры яны яшчэ не былі: я граю у “дарослых” спектаклях. А ў музыцы нашы густы вельмі падобныя. Калі ж гэта мая музыка… Дарэчы, акурат цяпер працую над альбомам Naka Piano “Гульня ў праўду”. Часта яго праслухоўваю, шукаючы лепшыя варыянты ў паслядоўнасці песень і версіях звядзення. І дзеці, адпаведна, вызначыліся са сваімі ўлюбёнымі трэкамі. Я бачу іх рэакцыю: калі гучыць тая песня, што падабаецца, — яны задаволеныя. А калі тая, што не вельмі, яны пачынаюць нудзіць: “Ай, толькі не стаў гэтую!” Вось такім чынам у нас і працуе крытыка. І я згодная, што непасрэдная рэакцыя дзяцей можа быць карыснай.
— Ці ёсць у вашай сям’і месца, куды вы можаце схавацца, як у дзяцінстве ?
— Цяпер у нас такое месца — дом. Мы нядаўна перабраліся жыць за горад і вельмі тым усцешаныя. Ад’язджаеш на некалькі кіламетраў ад кальцавой, — і аказваешся ў цішыні, на чыстым паветры, дзе іржуць коні і мэкаюць козы… Лепшага месца схавацца ўсёй сям’ёй, мабыць, і няма.
— А ці ёсць у вас, як кажуць, свая “фішка?
— Яна, напэўна, у тым, што мы заўжды разам. І што мой муж для мяне — родная душа, і я не ўспрымаю сябе асобна ад яго. Часам нават не ведаю: гэта “фішка” альбо праклён (смяецца), але мы разам з дзецьмі робім практычна ўсё — і працуем, і адпачываем. Нават цяжка ўявіць, што можа быць па-іншаму. Мы — такія папугайчыкі-неразлучнікі.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА