Паходня спадчыны народнай

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры на пытанні “К” адказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль КАТКАВЕЦ
Ён — усюдыісны ва ўчынках, дзёрзкі ў памкненнях, выніковы ў шчыраваннях і афарыстычны ў выказваннях. Адкуль бярэцца гэтая радасная энергія, нават калі на душы пахмурна? Ад беларускай зямлі, ад яе нястомнага і знаходлівага народа, ад жніўнай песні, вясельнага танца ды ад птушынага вольнага палёту. Усім гэтым сілкуецца любая творчая душа. Але Васіль Сцяпанавіч мае шчаслівую здольнасць пераўтвараць моц роднай зямлі ў цікавыя сацыяльныя клубныя, бібліятэчныя, музейныя і рамесніцкія праекты. Імі ў першую чаргу і славіцца Любаншчына. Нягледзячы на важкі працоўны стаж, Васіль Каткавец, які днямі адзначыў 60-годдзе, не “замуліў вока” і захаваў здольнасць здзіўляць нестандартнымі думкамі ды годна рэалізаванымі марамі.

/i/content/pi/cult/659/14608/9.jpgПадрыхтаваў Яўген РАГІН / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

— Давайце пачнем, Васіль Сцяпанавіч з вашых творчых незадавальненняў. Ці іх няма?

— Не, ёсць заўжды, незадавальненне сваёй бездапаможнасцю ў пэўных абставінах… Я — 35 гадоў у культуры, з іх 22 — працую кіраўніком. Мы здолелі выпрацаваць стабільную канцэпцыю развіцця свайго рэгіёна, у аснове якой два кірункі: традыцыйная культура (яе даследаваў наш зямляк, этнограф Павел Шпілеўскі), высокае мастацтва, (тут ля вытокаў паэт і публіцыст Уладзіслаў Сыракомля). Але ці ёсць на сёння такая канцэпцыя ў рэспубліцы? Кожны ў раёнах імкнецца стварыць сваю мадэль існавання (чытай — аптымізацыі, штатнага раскладу, наладжвання дыскатэк і г.д.), кожны па-свойму бачыць перспектыву. А вір выжывання засмоктвае і замінае правільна размеркаваць сілы, таму кожны з нас чакае рэвізора, як пакарання нябеснага. Нам патрэбна рэальна прывязаная да нашай зямлі і нашага часу дзяржаўная праграма. Галоўны ідэалагічны аспект — нацыянальная культура. Хіба ж каардынацыя яе развіцця — не найпершы дзяржаўны
абавязак? А мы, прадстаўнікі “гібрыдных” аддзелаў, бавім час на бясконцых нарадах і пасяджэннях.

— А калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ і кадравую праблему…

—…незадаволенасць сабой павялічваецца ўдвая. Раней мы адбор прафесіяналаў рабілі, цяпер у клубныя ўстановы і бібліятэкі ў малых населеных пунктах бярэм часам людзей, якія маюць цікавасць да культуры, але не маюць спецыяльнай адукацыі.

— Дык што, прафарыентацыю запусцілі?

— Не, гэтая работа ў нас — пастаянная. Шмат накіроўваем ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы адукацыі. Але на радзіму вяртаюцца адзінкі. Да прыкладу, сёлета выпускніца Універсітэта культуры Вікторыя Царыковіч вярнулася на Любаншчыну, працуе ў аграгарадку Даль і пачала актыўна займацца творчымі праектамі.

— На мясцовых толькі і спадзеў, а для іншагародніх, як правіла, жылля няма. Гэты ўсеагульны хіб таксама ў ліку вашых незадаволенасцяў?

— Усім вядома, што культура — у стане сталага ўзросту. І мы сёння стаўку робім не толькі на дынастыі. У канцэпцыі развіцця раёна прадугледзелі два кірункі нарошчвання кадравага патэнцыялу. Першы — праца школы мастацтваў з музычным, тэатральным, харэаграфічным і мастацкім аддзяленнямі. Стварылі і школу рамёстваў. Карацей, адбіраем таленавітых дзяцей, якія б сталі носьбітамі і прафесійнага і народнага мастацтваў. Не ўсё так проста са школай рамёстваў. Маю на ўвазе і навучальныя праграмы, і кадры… Але гэтыя прафарыентацыйныя захады павінны прынесці плён. Райвыканкам пяць гадоў таму прыняў рашэнне пра тое, каб палову платы за праезд вясковых дзяцей, што вучацца ў ДШМ і школе рамёстваў, узяць на сябе. Рашэнне вельмі своечасовае.

— Пытанне такое. Выхаванцы ДШМ могуць пры жаданні стаць прафесійнікамі: музыкантамі, танцорамі, артыстамі, мастакамі. А выпускнікі школы рамеснікаў? Няўжо кожны пойдзе працаваць у цэнтры рамёстваў ці ў сельскія клубы? Якая матывацыя ў гэтых дзяцей займацца ткацтвам ці ганчарствам?

— Думаю, кожны школьнік павінен умець рабіць рукамі тое, што ўмелі рабіць іх дзядулі і бабулі. Так, не кожны стане майстрам-метадыстам у раённым цэнтры рамёстваў. Але кожны, я веру, адчуе повязь са спадчынай, зразумее, як важна быць пераемнікам традыцый, закладзеных немаведама калі. На Любаншчыне ёсць народны майстар Міхась Насановіч, як у нас называюць, гаршкалёп. Спецыяліст унікальны. Ён ганчарнае рамяство пераняў у свой час ад Бога, як пераймаюць характар ці хаду, на нейкім генным узроўні. І гэта таксама для нас вельмі важна. Каб жыло і не гінула. Дык вось, сёння майстэрства ад Насановіча пераймаюць навучэнцы нашай школы рамёстваў. Тое ж самае можна сказаць і пра знаную ткачыху Ірыну Яскевіч, і пра многіх-многіх іншых. А іх выхаванцы перададуць справу сваім будучым дзецям. Ды і стаць сапраўдным гаспадаром і гаспадыняй у сям’і дарагога каштуе.

— Вернемся да пытання жылля для маладых спецыялістаў.

— І для Любаншчыны гэтае пытанне вельмі хваравітае. Службовых кватэр сёння няма. Спадзеў ускладаем на дом, што здаецца ў сувязі з будаўніцтвам калійнага камбіната для спецыялістаў сацыяльнай сферы. І мы прапанавалі свае кандыдатуры. Але перавага, як вядома, аддаецца тут урачам ды настаўнікам.

— Чым жа прывабліваеце патэнцыйныя маладыя кадры?

— Трывалай тэхнічнай базай, магчымасцю рэалізавацца і надзвычайным светам аднадумцаў, з якіх складаецца наша кагорта работнікаў культуры. Яшчэ адзін прыклад: Ірына Анціпенка, скончыла культасветвучылішча, завочна — Універсітэт культуры. Прыходзіць да мяне і кажа: “Напрыканцы жніўня паступаю ў магістратуру”. Я здзівіўся: “У цябе ж 26-га вяселле!” А тая ў адказ: “Хіба адно аднаму замінае?” Вось такія ў нас дзяўчаты. Мы калісьці на Аграфэсце запатрабавалі, каб кожны аграгарадок меў свой брэнд. Ірына нечакана прапанавала праект прапаганды зёлак “Сонца і кветак свята”. Знайшла ўнікальную бабулю Зоню Рудзько, тая паказала і расказала. У выніку быў праведзены яшчэ адзін фестываль “Гардовіца” (такая лекавая траўка ў нас расце), нават батанікі з Эстоніі на яго завіталі, гурт даў канцэрт. Бабуль і моладзь паяднала фольк-рокавая стыхія з пахам разнатраўя. Акцыя не была камерцыйнай. Музыкі прыехалі, каб наталіць душу. Так што нам ёсць чым прывабліваць моладзь.

/i/content/pi/cult/659/14608/10.jpg— А цяпер — пра моладзь, якая з’яўляецца спажыўцом культуры. Вы ведаеце, што трэба гэтай, прама скажам, капрызлівай аўдыторыі ва ўмовах паўсюднай глабалізацыі?

— Гэта адзін з праблемных момантаў. Штогод распрацоўваем праекты маладзёжнай скіраванасці. Яны — рознажанравыя. Пра фальклорныя акцыі мы казалі ўжо. Вельмі любяць юнакі і дзяўчаты мерапрыемствы на адкрытым паветры. Выкарыстоўваем і сацыяльныя сеткі. Прайшоў нядаўна конкурс мотаблокаў. Гэта ў райцэнтры. У аграгарадку Сарачы сталі папулярнымі гульні КВЗ. Білеты прадаюцца за дзень. Мясцовы гумар — надзвычайны і вабіць літаральна ўсіх. Потым — конкурсы цырульнікаў, свята закаханых, турыстычныя злёты. Усё гэта — аўтарскія праекты, што рэалізоўваюцца ў раёне.

— Пагадзіцеся, з моладдзю моладзь павінна працаваць.

— Так, але і асобныя сталыя работнікі культуры няблага з гэтым спраўляюцца. Я разумею, пра што вы кажаце. Змест працы і яе матывацыя з цягам часу трансфармаваліся значна, і сталаму работніку клуба вельмі цяжка заставацца нароўні з юнымі наведвальнікамі. У ідэале ў нашых аграгарадках павінны працаваць клубнікамі ды бібліятэкарамі маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй. І мы не можам не імкнуцца да ідэалу. Вось Аляксандр Дзямідчык з Барысава скончыў Маладзечанскую вучэльню і прыехаў выкладаць ва Ірэцкую гарпасялковую музычную школу. Больш за тое, скончыў завочна журналісцкія курсы. Яшчэ не жаніўся, але ўзяў крэдыт на будаўніцтва хаты. Нядаўна высвятляю, што мой Аляксандр, які яшчэ і падрабляе ў райгазеце, паступіў на завочнае аддзяленне педуніверсітэта. Падаецца, навошта яму гэта трэба? Кажа, што трэба, і ўсё! Зрабіў вясковае тэлебачанне. Рыхтуе рэкламныя ролікі па прапагандзе аддзяленняў сваёй школы.

— Ваш выбар стаць работнікам культуры быў свядомы?

— Менавіта так. І ці магло быць інакш?! Я нарадзіўся ў самым, бадай, маляўнічым куточку Палесся, у Тышкавічах на Іванаўшчыне. За савецкім часам у нас не забаранялі Каляды. Мы хадзілі з зоркамі. А якія вяселлі ладзіліся ў Тышкавічах! З караваямі, песнямі ды скокамі. А мясцовая гаворка, а традыцыі яркія. Нездарма тут які ўжо год ладзіцца “Фальклор без межаў”. Таму адразу пасля школы паступіў у Гродзенскае культпрасветвучылішча. Праўда, мяне ў войска забралі. Пасля яго я адразу паступіў ва Універсітэт культуры. Стаў рэжысёрам з чырвоным дыпломам. Прапанавалі працаваць у новенькім палацы культуры ў Сарачах на Любаншчыне. Кватэру далі. Так і апынуліся з жонкай у Любанскім раёне. Тут былі створаны ўзорны тэатр і фэст “Чароўны куфэрак”, які ладзіўся сёлета ў адзінаццаты раз. Пацягнулася моладзь. ДК стаў цэнтрам вясковага творчага жыцця. Палічыў, што мне не стае беларускасці, і паступіў у 1990-х завочна ў педуніверсітэт. На тры гады апынуўся ў неймаверным віры сталічнага грамадскага жыцця… Начальнікам пагадзіўся стаць з трэцяга раза. Усё даводзіў, што творца не можа быць чыноўнікам. Давялося паспрабаваць. І пачаў я з вывучэння мясцовай традыцыйнай культуры. Як паказвае час, не памыліўся. Вельмі дапамог Інстытут праблем беларускай культуры. Пастаянна прыязджалі Васіль Ліцьвінка, Пётр Гуд… З цягам часу я стаў разумець, што начальнік аддзела — гэта найперш кіраўнік з добрым веданнем гісторыі, традыцый і людзей. Адзін з найважнейшых яго абавязкаў — падтрымка талентаў.

— Вернемся да жыццёвай прозы. Як ставіцеся, Васіль Сцяпанавіч, да платных паслуг?

— Літаральна днямі абмяркоўваў гэтае пытанне з дырэктарамі сельскіх устаноў культуры. Штогод дадаецца да плана 10 — 15 працэнтаў, і агульныя сумы становяцца няўздымнымі для выканання, бо вясковае насельніцтва, мякка кажучы, не павялічваецца. Канешне, рвемся з усіх сіл. Паколькі галоўны прыбытак дае цяпер не дыскатэчны марафон, шукаем іншыя формы працы. Два гады таму рэканструявалі гарадскі парк, зрабілі яго ў летні перыяд базавым для нашых сельскіх самадзейных калектываў. Кожны паспеў тут вытупіць. Больш гульнёвых элементаў стала ў дзейнасці вясковых клубаў. Шмат дзе вы можаце пабачыць батуты. Традыцыйная кулінарыя Любаншчыны становіцца больш прывабнай для спажыўца. Узнавілі, да прыкладу, тэхналогію выпечкі партызанскага хлеба (з лебядой, чарніцамі, жалудамі).

— Усе гэтыя хітрыкі вам падаюцца натуральнымі для дзейнасці ўстаноў культуры?

— Так. Як і праца са спонсарамі. Інакш не выжывем.

— Пра вашу творчаадукацыйную спонсарскую акцыю “Землякі” мы не раз пісалі.

— Мы і слоган прыдумалі адпаведны: “Мая маленькая радзіма — акенца ў вялікі свет”. Праект рэалізоўваецца з 2013 года. Ведаеце, вельмі прыемна ўсведамляць, што мы згуртавалі вакол сябе каля 70 выхадцаў з Любаншчыны: паэт Уладзімір Паўлаў, краязнаўца Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, дырыжор Мікалай Калядка, акцёр Максім Брагінец… Ёсць прадпрымальнікі, навукоўцы, спартсмены. Усе яны — нашы актыўныя спонсары. Дапамагаюць калі не грашыма, дык актыўнай творчай падтрымкай.

— Безумоўна, напрацоўка ўнікальная, бо ў іншых раёнах і двух-трох спонсараў не набярэцца. А ў вас іх — 70… Некалькі слоў пра праект “Каляднае сузор’е”.

— Ён рэалізоўваецца два гады. Збіраюцца калектывы ці не з усіх абласцей Беларусі. Праект самаакупляльны. Не магу тут не сказаць і пра праект “Пятровіца”. Пяцідзённая фальклорная школа ладзіцца на радзіме Пятра Шпілеўскага. З Літвы, Польшчы і Францыі нават прыязджаюць. Школу актыўна падтрымлівае аддзел моладзі райвыканкама.

— У беларускамоўным асяродку — акцыя гучная. Але ўсё роўна ёй не стае рэкламы. Шырокая аўдыторыя павінна ведаць, што прасунутая моладзь ладзіць у вас сапраўдныя нацыянальныя вяселлі, а больш сталыя людзі — танцавальныя вечарыны. Вы падтрымліваеце пастаянныя стасункі з Мінскім абласным метадычным цэнтрам. А няма жадання пакантактаваць з метадыстамі іншых абласцей, бо вам ёсць што сказаць?

— Ды я вельмі лёгкі на ўдзым. Пастаянна шукаю новыя праекты. Ды і Любаншчына месціцца на стыку трох рэгіёнаў: Глушчына Магілёўскай вобласці, Акцябрскі і Жыткавіцкі раёны на Гомельшчыне. На паях робім фэст “Палескі трохкутнік”. Так што інфармацыйнага міжабласнога вакууму не адчуваю. Прычым згаданы фестываль не толькі мастацтву прысвечаны, на ім прысутнічаюць кіраўнікі раёнаў, якія абмяркоўваюць і іншыя пытанні, скажам, эканамічныя. Плён — відавочны… Прачытаў у “К” пра Грушаўку — сабраўся і рушыў на Ляхавічы. Пабываў на тамтэйшым фальклорным фестывалі, пасябраваў з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама Міколам Дабрыянцам.

— Яшчэ адзін ваш знакаміты праект звязаны з мясцовымі літаратарамі.

— Ён называецца “Я словам слаўлю родны край”. Шэсць святаў ужо прайшло. Першае ладзілі ў вёсцы Заельня, дзе нарадзіўся паэт Янка Хатэнка. Калісьці Янка Купала казаў пра гэтага настаўніка: “Ёсць у яго божы дар!” Мы выдалі зборнік вершаў Янкі Хатэнкі. Потым было ўшанаванне 95-гадовага Івана Муравейкі, дэвіз якога “Іду на 100!”, Уладзіміра Паўлава, Міколы Жука. Збіраюцца на гэтыя творчыя акцыі ўсе аматары прыгожага пісьменства Любаншчыны. І мы з радасцю іх падтрымліваем, выдаем іх кнігі, папулярызуем не толькі родную мову, песні, але і наш шчодры на таленты край.

— Шмат кажуць пра тое, што прэстыж работніка культуры знізіўся. Пагаджаецеся?

— Усё ад самога работніка залежыць. З тым, які сіл не шкадуе, і бачна, што робіць ён гэта не дзеля паказухі, людзі і павітаюцца з пашанай, і спыняцца, каб пагутарыць па душах. І прэстыж, зароблены ў народа, ад велічыні акладу культработніка не залежыць. Вы ж ведаеце, што ў вёсках клубнікі ды бібліятэкары і старастамі працуюць, і дэпутатамі мясцовых саветаў з’яўляюцца.

— Вы мелі дачыненне да цікавага праекта “Таўкачыкі”, які ўмацоўваў повязі сталіцы і рэгіёнаў. Аўтэнтычныя выканаўцы выступалі тады на лепшых мінскіх пляцоўках.

— Так, саліст гурта “Юр’я” Юрась Выдронак упершыню зладзіў гэтае фольк-мадэрн-шоу менавіта на Любаншчыне. Мы потым выступалі нават у канцэртнай зале “Мінск” ды ў Купалаўскім тэатры. Тады і нарадзілася ідэя спалучыць маладзёжны энтузіязм з аўтэнтычнасцю бабуль. Іх аўдыторыя вітала стоячы.

— Нават замежжа вашых бабуль добра ведае, а Беларусь — недастаткова. Не піярыцеся як след ці тэлеканал “Беларусь 3” працуе неяк не так?

— Згодны. Мы неяк гутарылі з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Валерыем Гейхманам. Прыйшлі да высновы: чаму ніхто не запрашае ветэранаў ад культуры, каб запытацца ў іх: “Вы працавалі апошнія гады ў новым фармаце, штосьці станоўчае назапасілі? Як думаеце рухацца наперад?” Дарэчы, гэта прапанова не толькі для тэлебачання, але і для Міністэрства
культуры.

— І для нашай газеты таксама. Наступнае пытанне. У чым вам бачыцца эканамічная, юрыдычная свабода вашага аддзела?

— Пасля атрымання юрыдычнай свабоды ў структурах аддзелаў з’явіліся сектары, іншыя падраздзяленні, нават свае аддзелы. Шмат нестыковак было. Быццам, вызначыліся. Але, на маю думку, самастойнасці не атрымалі і цэнтралізаваная клубная сістэма, і іншыя структуры, бо мы звязаны цэнтралізаванай бухгалтэрыяй і недасканалай нарматыўна-прававой базай. Гэтае першае. Другое вось у чым. Свабода павінна быць у творчасці. А яе развіццю, паўтаруся, замінаюць шматлікія нарады і пасяджэнні. Дык ці не варта нам вярнуцца да ранейшай практыкі, калі аддзел меў магчымасць мабільна ды гнутка выпрацоўваць і стратэгію і тактыку сваёй дзейнасці? Трэба яшчэ раз адказаць на пытанні: “Што такое рэгіянальная культурная палітыка?”, “Што павінна ляжаць у яе аснове?” Толькі адзін прыклад. Сёння паказчыкі нашага музея правярае дзяржкантроль. У раёне — 30 тысяч жыхароў, палова  з іх павінны наведаць установу. Таму і ладзім мы камерцыйныя выставы. Натуральна, патрабаванні выканаем. А вось, глядзіце, другі паказчык. У маі правялі тры этапы раённай краязнаўчай алімпіяды для дзяцей “Памяць страчаных назваў”. Было столькі цікавых творчых праектаў, якія яскрава адлюстравалі інтэлектуальны патэнцыял школьнікаў! Дык на якіх шалях узважыць ды параўнаць два гэтыя паказчыкі? Першы — патрэбны, бо камерцыйны, а другі — проста так, для душы? Вельмі хачу, каб нашы праграмныя дакументы не проста спускаліся б зверху, а ўлічвалі б, так бы мовіць, нізавыя тэндэнцыі. Тэорыя без узгаднення з практыкай так і застаецца тэорыяй.

— Ці здольныя мы сёння пазбавіцца савецкасці?

— Савецкая ментальнасць патрошкі знікае. Ці гатовы мы да нейкіх карэнных змен? Падаецца, не, хоць і ёсць да гэтага імкненне. І мы не адгароджаныя ад свету, бо пастаянна наведваем Літву, Польшчу, Украіну і бачым, што там робіцца. У Шаўляй на дзіцячы тэатральны фестываль “Белая варона” прывезлі беларускую пастаноўку. І нас успрымаюць як нацыю з векавой гісторыяй і традыцыяй… Яшчэ раз паўтару: старое пакінем, трэба хутчэй вызначацца, якім будзе новае.

— Яшчэ адно пытанне пра самавыжыванне (рэнтабельнасць) устаноў культуры. Вось у вёсцы Камуна вашага раёна пры СДК працуе крама. За гэтым будучыня?

— Побач з карчмой танцавальная зала. Не ўсім трэба танцы. Можна проста заплаціць рубель ці два, каб папіць гарбаты, паразмаўляць. Калі мы хочам мяняцца, трэба штосьці канкрэтнае рабіць. Ведаю, там-сям пры аддзелах дзейнічаюць гатэльчыкі. За гэтым таксама будучыня. Мы ў доме народных традыцый, што ў вёсцы Обчын, таксама збіраемся стварыць гасцявыя пакоі, бо, я казаў, побач будуецца калійнае прадпрыемства. Вельмі марудна да гэтага падступаемся, усімі сіламі шукаем сродкі. А брэндам вёскі з’яўляецца фальклорны гурт “Павалякі”, які “спецыялізуецца” на адраджэнні абрадавых дзей. Гэты калектыў і стане рэкламным “тварам” будучага гатэлю.

— З пункту гледжання заканадаўства наколькі складана заняцца гасцінічным бізнесам?

— Даволі складана. Але ж мы прывыклі да платных паслуг. Варта прывыкаць і да больш важкіх форм, набываць новы досвед у суседзяў.

— Беларуская вёска застанецца?

— Застанецца. Мяркуюць, што будучыня — толькі за аграгарадкамі. Я думаю, што застанецца і патрыярхальная вёска. Прынамсі, мы туды вернемся. Хаця б для таго, каб паслухаць цішыню. Яшчэ адзін варыянт — аграсядзібны, турыстычны. І мы ўжо імкнемся ў гэтым кірунку працаваць. У адной з вёсак хату адвялі пад пякарню, збіраемся зрабіць інтэрактыўны музей хлеба. Ёсць каля 15 сотак зямлі. Як раней. Святар блаславіць — заарэм, прабарануем, пасеем. А ў хаце на экране можна будзе паглядзець і кінастужку пра хлебаробскі клопат.

— Узаемаадносіны паміж аддзеламі і раённымі ўладамі… Якімі яны павінны быць?

— Калі ўлады разумеюць ролю культурнай палітыкі, калі жадаюць, каб культура стала часткай эканомікі раёна, там і рух заўважны, і паразуменне заўжды выніковае. Пасля адраджэння гарадскога парка пачалі будаўніцтва новай залы РДК. Выдаткаваны даволі вялікія грошы для сучаснага светлавога і музычнага абсталявання, новых крэслаў і відэаэкрана. Ёсць паразуменне і са старшынямі сельвыканкамаў, сельгаспрадпрыемстваў. Пры іх падтрымцы ў дзвюх вясковых установах культуры мяняюцца падлогі.

— Па якіх крытэрыях вы ацэньваеце якасць дзейнасці ў сферы культуры?

— Грашовы даход — не галоўнае. Больш важная справа — тыя праекты, якія яны прыдумалі і рэалізоўваюць. Наступны крытэрый — паўнацэнны ахоп самых розных узроставых груп насельніцтва.

— А ёсць такія вясковыя ўстановы, адкуль прапановы, ініцыятывы цяжка дачакацца?

— Ёсць. Трэба прымушаць, рэкамендаваць, прапаноўваць.

— Што пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?

— Пажадаў бы аптымізму. Упэўненасці ў тым, што культура — не забаўка, а стрыжань усяго, паходня, што асвятляе наш шлях наперад. Хачу сёння згадаць тых кіраўнікоў раённай культуры, якія заўжды былі для мяне творчым арыенцірам. Гэта Марыя Паляк з Глыбокага, Уладзімір Шэляговіч і Валянціна Барадзінчык з Іванава, Валерый Гейхман з Ельска, Святлана Беразоўская з Акцябрскага, Уладзімір Самсонаў з Ліды, Васіль Заруба са Століна, Яўген Сушко з Пухавічаў, Ірына Раманчук і Васіль Налівайка з Асіповічаў... Асобных ужо няма з намі. Але дзякуючы ім назапашаны велізарны зарад творчай энергіі, які падштурхоўвае да справы іншых. І няхай будзе так!

Пытанні задавалі Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Вераніка МОЛАКАВА,
Яўген РАГІН, Ілья СВІРЫН.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"