Пад зна­кам Ска­ры­ны

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

14 — 15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”. Арганізатарамі маштабнага форуму выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і галоўная кніжніца краіны.

/i/content/pi/cult/656/14549/2 S.jpg

Як адзначыў падчас свайго выступлення дырэктар Нацыянальная бібліятэкі Раман Матульскі, для ўдзелу ў рабоце кангрэса зарэгістравалася каля 600 удзельнікаў з 24 краін свету. Менавіта вучоныя, па яго словах, могуць зрабіць нямала для яднання народаў, у першую чаргу еўрапейскіх, якія маюць агульную культурную прастору. Тым больш, што 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання з’яўляецца знамянальным юбілеем і шырока адзначаецца сусветнай супольнасцю, а Міжнародны кангрэс, зладжаны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, поўнасцю адпавядае мэтам і ідэям UNESCO і праходзіць пад патранатам гэтай уплывовай арганізацыі.

Удзел у адкрыцці форуму прыняў і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. Ён у сваім выступленні адзначыў, што бягучы год аб’яўлены ў краіне Годам навукі не выпадкова, паколькі кніга на працягу ўсяго свайго існавання з’яўляецца галоўнай крыніцай ведаў і рухаючай сілай у развіцці грамадства. Пасля Максім Рыжанкоў зачытаў віншаванне ад Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам міжнароднага кангрэса.

Прывітальныя словы прагучалі таксама ад намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыяны Шчоткінай, дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгора Рапоты, міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, першага намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргея Чыжыка, генеральнага дырэктара Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі Галіны Райковай, намесніка старшыні Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Іны Юрык.

Сярод іншых прадстаўнічых асоб выступіў на адкрыцці форуму і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Кіраўнік ведамства павіншаваў усіх прысутных з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання і 95-годдзем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама адрасаваў словы падзякі айчынным бібліятэкарам з нагоды іх прафесійнага свята, што адзначаецца 15 верасня.

— Дзякуй вам за вашу высакародную справу, якой многія прысвяцілі ўсё жыццё, — сказаў Барыс Святлоў. — Упэўнены, што з такімі адданымі сваёй справе супрацоўнікамі бібліятэчная сфера краіны не перастане радаваць нас новымі цікавымі мерапрыемствамі, нечаканымі адкрыццямі, яркімі акцыямі і проста добрай, душэўнай кнігай, якая заўжды дапаможа, дасць добрую параду і стане лепшым сябрам для чытача.

Таксама міністр культуры дадаў, што асоба першадрукара мае выключнае значэнне для беларускай гісторыі і культуры.

— Дзейнасць Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў на многія стагоддзі наперад задала вектар развіцця беларускай культуры, прадвызначыла асаблівы шлях і ў духоўнай, і ў навуковай сферы, пакінула багатую спадчыну, якая сёння з’яўляецца не толькі вялізным нацыянальным скарбам і гонарам, але і прадметам для руплівага вывучэння, крыніцай новых адкрыццяў для шматлікіх даследчыкаў, — падкрэсліў Барыс Святлоў.

Ён звярнуў увагу, што ў год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў краіне і за яе межамі праводзіцца шэраг мастацкіх, навуковых, адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў. Але сярод усіх культурных акцый своеасаблівае месца займае міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, зладжаны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Свае віншаванні ўдзельнікам кангрэсу адрасавалі таксама генеральны дырэктар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) Ірына Бокава і прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (ІФЛА) Глорыя Перэс-Салмерон.

Па завяршэнні цырымоніі адкрыцця форуму адбылося пленарнае пасяджэнне, галоўнымі тэмамі якога сталі роля Беларусі ў фарміраванні і захаванні кніжнай спадчыны Еўропы, а таксама спадчына Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў.

Пазней прайшлі выступленні ў секцыях, праца “круглых сталоў”, а таксама XX Агульнага сходу Некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі”. На кангрэсе адбылася і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXV Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, пра які “К” неаднаразова пісала.

У фае Нацыянальнай бібліятэкі адкрыўся міжнародны выставачны праект “Францыск Скарына і яго эпоха”, які будзе доўжыцца да канца года. Мэта праекта, як адзначыў Раман Матульскі, — максімальна поўна прадставіць выданні беларускага першадрукара ў адзіным комплексе з еўрапейскімі першадрукамі.

Учора на кангрэсе была працягнута праца ў секцыях, а таксама прайшоў выязны міжнародны круглы стол “Дакументальная спадчына ў Цэнтральна-Еўрапейскім рэгіёне: шляхі захавання, вывучэння і папулярызацыі”. Мерапрыемства адбылося ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”. Пасля для ўдзельнікаў зладзілі экскурсію па музейных залах былога ўладання Радзівілаў.

Фо­та аўта­ра

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"