9 верасня, субота
Распачнецца святкаванне каля абеліска “Мінск — горад-герой”, дзе ў 11.00 адбудзецца ўрачыстае ўскладанне вянкоў да манумента ад кіраўніцтва горада. Асноўным месцам дзеяння ўсіх мерапрыемстваў стане Няміга — калыска нашага горада.
Зона каля Палаца спорту
Там разгорнецца вялікая гандлёвая зона працягам у два кіламетры. Традыцыйна пройдзе фестываль хлеба, дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць свежую выпечку ад вядучых беларускіх хлебазаводаў. Арганізатары запрашаюць пачаставацца вялікім святочным тортам, які будзе зроблены ў выглядзе кветкі з дзевяццю пялёсткамі — адміністратыўнымі раёнамі горада. Важыць салодкі падарунак каля 250 кілаграм.
У 12.00 пачнецца канцэртная праграма з удзелам розных творчых калектываў і зорак беларускай эстрады. У гэты ж час на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў на зялёнай зоне разгорнецца вялікая гістарычная рэканструкцыя “Мінск-старажытны”, якая наглядна раскажа пра гісторыю горада, пачынаючы з яго першай летапіснай згадкі ў XI стагоддзі.
Зялёная зона падзеліцца на некалькі тэматычных платформаў. На галоўнай пляцоўцы распачнуцца сапраўдныя рыцарскія баі, тэатралізаваная масавая бітва, а таксама канцэртная праграма. За “Замкам” можна паўдзельнічаць у розных цікавых віктарынах, прайсці паласу перашкод ці паназіраць за лучнікамі. Сярэднявечныя прадстаўленні, майстар-класы па танцах і многае іншае будзе адбывацца на анімацыйнай платформе. Кірмаш рамеснікаў, кальян Халіфа, манетны двор — усё гэта чакае наведвальнікаў на гандлёвых радах, а ў “Лагеры эпох” арганізатары запрашаюць пазнаёміцца з побытам народаў Старажытнага Рыма, Полацкага княства эпохі вікінгаў, Сярэднявечча, эпохі Напалеона, I і II Сусветных войнаў. А глыбей пазнаёміцца з гісторыяй Мінска можна на навуковай канферэнцыі “Гістарычны цэх”, якая будзе ісці ўвесь дзень.
У 22.00 “J:морс” каля Палаца спорту прадставіць сумесную праграму з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь “Беларускае золата”, у якую ўвайшлі лепшыя песні гурта ў сімфанічнай аранжыроўцы.
Траецкае прадмесце
На плошчы Парыжскай камуны ў 18.00 адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод “Мінчанін года” і святочны канцэрт з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Верхні горад
На плошчы Свабоды ў 12.30 пачнецца цырымонія гашэння паштовага блока пад назвай “950 гадоў з часу першага пісьмовага згадвання Мінска”, для якога спецыяльна вырабілі канверт і памятны штэмпель. Таксама на плошчы увесь дзень будзе працаваць выстава “Горад мой, шаную цябе і люблю”.
Экскурсіі
Усю суботу і нядзелю для мінчукоў і гасцей сталіцы праводзяцца бясплатныя пешыя экскурсіі па старым горадзе па наступных маршрутах: ад Верхняга горада да Кастрычніцкай плошчы, ад Верхняга горада і да Траецкага прадмесця. Пачнуцца пешыя прагулкі каля гарадской ратушы ў 11.00, 15.00 і 17.00. Таксама будзе працаваць і двухпавярховы экскурсійны аўтобус, які пачынае свой шлях ад прыпынку каля ратушы ў 12.00, 14.30 і 17.00.
За межамі цэнтра
Адразу ў некалькіх кропках распачнецца міжнародны фестываль паветраплавання, у якім прымуць удзел каля 40 цеплавых аэрастатаў. Паветраныя шары падымуцца ў неба з пляцовак у аэрапорце Мінск-1, аэрадроме Баравая, каля Нацыянальнай бібліятэкі, у парках “Курасоўшчына” і Дружбы народаў. Увечары гледачоў чакае вельмі прыгожае прадстаўленне: каля дзесяці паветраных шароў пачнуць па чарзе свяціцца пад музыку. Палёты будуць арганізаваныя толькі пры добрых умовах надвор’я.
10 верасня, нядзеля
У наступны дзень свята працягнуць амаль усе фестывалі, выставы і экскурсіі.
На плошчы Свабоды адбудзецца VII гарадскі фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Мастацтва жыць, тварыць мастацтва”, у рамках якога запланавана спецыяльная выстава.
У парку Перамогі ў 14.00 Wargaming прапануюць наведаць “Дзень танкіста”. Там можна будзе сустрэцца з распрацоўшчыкамі вядомай гульні, атрымаць прыемныя падарункі і набыць брэндавыя сувеніры. У парку арганізуюць 45 забаўляльных зон для дзяцей і дарослых, канцэртныя пляцоўкі і фуд-корты.
Таксама ў гэтыя дні кінатэатры горада будуць паказваць дакументальную стужку “Мінск, мая сталіца”.