Кантрольны стрэл у галаву ілюзій

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Развітвацца з ілюзіямі заўсёды складана і горка. Але трэба. На мінулым тыдні ў многіх з’явіўся новы шанец пазбавіцца прынамсі адной. Наконт таго, што культуры не патрэбная дзяржаўная падтрымка — бо, маўляў, добры мастацкі прадукт заўсёды будзе і запатрабаваным, і прыбытковым, а той жа краўдфандынг можа лёгка і эфектыўна замяніць звыклыя схемы фінансавання. А такія думкі рэгулярна праслізваюць у сацсетках і асобных публікацыях СМІ.

Збор сродкаў на кніжную серыю “Амерыканка” адбываўся паводле ўсіх правілаў ваеннай справы. Цікавы і актуальны праект (выданне перакладаў на беларускую сучасных класікаў амерыканскай прозы), добрая прэзентацыя, якая ўключае і тэкставыя “прэв’ю”, і ўжо гатовыя вокладкі, піяр… Піяр быў такі, што, здавалася б, матываваць ён мог нават мёртвага. Несупынная і вынаходлівая арт-падрыхтоўка ў сацсетках, выказванні ў падтрымку ад вядомых дзеячаў культуры, адмысловыя бясплатныя імпрэзы і кінапаказы…

Сума, якую пастанавілі сабраць завадатары праекта, многіх здзівіла. 30 тысяч рублёў — гэта яўна болей, чым каштуе друк чатырох не надта вялікіх кніжак. Але варта ўлічваць таксама аўтарскія правы, працу перакладчыкаў ды іншыя нематэрыяльныя выдаткі, кампенсаваць якія грашыма ў нас здавён не прынята. І жаданне пакласці гэтаму канец можна толькі вітаць.

Відавочна, ініцыятыва магла б стаць эталонам — кутнім камянём альбо першай ластаўкай новых эканамічных адносінаў у культуры. Увасабленнем ідэальнай мадэлі, калі зацікаўленыя людзі наўпрост — а не толькі праз пасрэдніцтва падатковай сістэмы — фінансуюць патрэбны ім праект.

Магла б, але не стала. “Амерыканка” з трэскам правалілася. Краўдфандынг-кампанія здолела прыцягнуць усяго чвэрць ад патрэбнай сумы. І вінаваціць хоць у чымсьці завадатараў у гэтым разе не выпадае: яны і праўда зрабілі ўсё, што маглі.

Вытлумачыць правал можна самымі рознымі фактарамі — ад нізкай плацежаздольнасці мэтавай групы і да вялікай канкурэнцыі (балазе, краўдфандынгавыя платформы літаральна заваленыя самымі рознымі літаратурнымі праектамі адзін карысней за другі). А можна і наогул нічога не тлумачыць, моўчкі змірыўшыся з сумнай, але відавочнай ісцінай: камерцыйны поспех далёка не заўсёды тоесны мастацкай вартасці.

І, між іншым, сацыяльнай значнасці. Да сумнай навіны пра “Амерыканку” днямі дадаўся кантрольны стрэл у галаву. Як выявілася, на выратаванне езуіцкага касцёла ў Мсціславе (а яго і сапраўды трэба неадкладна ратаваць) за месяц не было ахвяравана ні капейчыны! Затое на дзейнасць моднай футбольнай каманды людзі скідваюцца вельмі ахвотна.

Зразумела, я лічу краўдфандынг цудоўнай і карыснай з’явай. Але пры гэтым яе ні ў якім разе не выпадае разглядаць як універсальную панацэю ад усіх праблем. Бо асноўны цяжар фінансавання культуры так ці іначай будзе класціся менавіта на дзяржаўныя плечы. Менавіта гэтак, дарэчы, і адбываецца ў самых капіталістычных краінах — дзе ад мастацтва не патрабуюць эканамічнай аддачы.

Тут можна правесці паралелі, скажам, са сферай аховы парадку. Ёсць сур’ёзныя дзяржаўныя структуры, а ёсць энтузіясты — напрыклад, народныя дружыннікі. Без сумневу, апошнія выконваюць пэўную сваю функцыю, але ніхто нават не спадзяецца, быццам яны здатныя замяніць першых.

Што ж застаецца рабіць у дадзенай сітуацыі? У прынцыпе, усё тое самае, што рабілася раней, толькі ўжо без ілюзій. Вось і каардынатарка “Амерыканкі” Марыя Мартысевіч замест таго, каб упасці ў дэпрэсію, перафарматавала свой праект, зменшыла апетыты ды распачала новую краўдфандынг-кампанію, спадзеючыся рэалізаваць сваю задуму не адразу, а часткамі.

Урэшце, як сцвярджае сацыялка, што даўно ўжо намуляла ўсім вочы, “Культура — гэта нашы падаткі”. І грамадства — праз сваё агучанае ўслых меркаванне — можа ўплываць на размеркаванне апошніх. Але пакуль замест зладжанай і рэалістычнай пазіцыі адносна механізмаў і крытэрыяў фінансавання культурных праектаў будзе назірацца броўнаўскі рух ідэалістычных думак, мараў і, шчыра кажучы, проста трызненняў, прагрэс тут наўрад ці магчымы.