Жніво, балоневы плашч і “Баброва хатка”

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Інфанізка ад неабыякавых
У летні “рэпертуар” нашых нястомных работнікаў культуры дадалася і традыцыйная жніўная тэма. Каравай без песні што неба без сонейка. У Буда-Кашалёўскім раёне тры камбайнавыя экіпажы перавысілі тысячны збожжавы намалот яшчэ на мінулым тыдні. Павіншаваць іх з перамогай прыехала на хлебную ніву ўсё кіраўніцтва раёна. А адзін з лепшых самадзейных калектываў краю — народны ансамбль “Губічанка” з Губіцкага сельскага дома культуры — выканаў для камбайнераў песню.

/i/content/pi/cult/651/14463/6.jpg

На жніўных маршрутах другі тыдзень працуе аўтаклуб са Століншчыны. Наша сталая аўтарка Галіна Гашчук паведамляе, што з мабільнай установай культуры шчыльна супрацоўнічае народны клуб аматараў песні “Ярок”, якім кіруе Валерый Шуркала. Вось толькі адзін з працоўных дзён самадзейных артыстаў. “Спачатку яны выступілі на машынным двары сельскагаспадарчай арганізацыі “Манькавічы”, — піша аўтар, — потым канцэрты адбыліся на збожжатаках аграгарадкоў Белавуша і Беражное. Затым “Ярок” пабываў у Харомску і Турах”.

А вось інфармацыя з Касцюковіцкага раёна. Намеснік дырэктара мясцовай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Дробышава распавядае, што з карты раёна з-за чарнобыльскай навалы знікла вёска Саматэвічы. А менавіта тут па традыцыі ладзіліся першыя зажынкі, працягам якіх станавіўся святочны кірмаш. Работнікі культуры Раённага цэнтра культуры адрадзілі старадаўні абрад у вёсцы Новыя Саматэвічы. Рэалізавалі праект супрацоўнікі Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу. Падтрымаў акцыю Бялынкавіцкі сельскі савет. Праект “Традыцыі — маладым” ажыццяўляецца ўжо цягам двух гадоў. Наталля Дробышава прыводзіць сведчанні Алены Шорнікавай пра колішнія зажынкавыя кірмашы: “Дзесьці з 1947-га, а потым штогод на Іллю (2 жніўня) да нас прыязджалі гандляры не толькі з Беларусі, але і з Браншчыны, нават з Кіева. Месцы займалі ноччу, а на досвітку пачынаўся гандаль хатняй жывёлай і птушкай, гліняным посудам, гармонямі, вопраткай, цукеркамі… Толькі тут можна было набыць модны балоневы плашч. Людзей — бокам не перакуліць. Заўжды ладзіліся канцэрты, працавала батлейка. Пачыналі ж гэтыя забаўкі толькі тады, калі хлебаробы вярталіся з поля”.

Усе рэкорды ліставання сёння б’юць работнікі культуры Ашмянскага раёна. Нізка інфармацый ад аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. На станцыі Ашмяны мясцовы сельскі клуб правёў свята чыгуначніка. Мерапрыемства прымеркавалі да 150-годдзя Лібава-Роменскай чыгункі і пуску першага электрацягніка па лініі Маладзечна — Вільнюс. На базе адпачынку Вячкойні прайшоў другі музычны фэст пад адкрытым небам “Захад сонца”. Жывая музыка гучала ад гуртоў Backtime з Віцебска і “НагУаль” з Мінска. Асабліва спадабаліся мінчане.

У аграгарадку Кальчуны (Ашмяншчына), як паведаміла студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ Інга Гіз, адбылося “Свята вуліцы маёй”. Такім чынам адзначылі 30-годдзе вуліцы Дэбескай. Справа ў тым, што тры дзясяткі гадоў таму вёска Дэбесі была далучана да Кальчуноў. Чым не нагода для ўсеагульнага свята? У мерапрыемстве браў удзел ансамбль народнай песні “Жытніца” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка. Добрым словам згадалі ці не кожнага жыхара слаўнай вуліцы.

І яшчэ дзве навіны з Ашмяншчыны. Загадчыца сельскага клуба-бібліятэкі вёскі Сямернікі Вольга Сінькевіч напісала пра дзень калектыўнага адпачынку. Быў канцэрт. У конкурсе дзіцячых малюнкаў “Мая вёска” перамагла Дзіяна Касцюкевіч. Аграгарадок Каменны Лог наладзіў свята “Баброва хатка”. І тут нагода для мерапрыемства — незвычайная: побач з вёскай жыве вялікая бабрыная сям’я. Яна і стала галоўным героем урачыстасці. Удзельнікі выправіліся ў вандроўку па слядах звяроў, дапамаглі ім у рамонце ды будаўніцтве хаткі.

Завяршае інфармацыйную нізку метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Галіна Палубінская. Яна распавяла, што ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка днямі з’явіўся музейны краязнаўчы пакой. Аб’ект створаны ў перыяд рэалізацыі праекта “Культура кіравання тэрыторый”, прафінансаванага Еўрасаюзам у рамках міжнароднай гуманітарнай дапамогі. У пакоі сабраны экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю мясцовай вёскі. Шмат матэрыялаў пра ваеннага і дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, аўтара кнігі пра коней “Гіпіка”. Менавіта ў маёнтку Дарагастайскага знаходзілася адна са старэйшых на Беларусі друкарняў.

/i/content/pi/cult/651/14463/7.jpg

Піша настаўнік Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталля Латышава. Адзінаццаць навучэнцаў фартэпіяннага аддзялення, а таксама харэаграфічныя калектывы Online, “Калейдаскоп” і “Фіксікі” прынялі ўдзел у першым адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “Карагод Сяброў” (Горкі). Фартэпіянныя дуэты і ансамбль Online сталі лаўрэатамі.

Кожнае лета супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі стараюцца здзівіць сваіх чытачоў. Сёлета, да прыкладу, установа разам з Маладзёжным цэнтрам культуры і мясцовым краязнаўчым музеем адкрыла дзіцячую пляцоўку. Яна працуе кожны чацвер. Пра гэта напісала метадыст райбібліятэкі Наталля Казарэз.

6 жніўня споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Барыса Мікуліча. Пра гэта нагадала Святлана Калюта — загадчык Бабруйскай гарадской бібліятэкі № 4, якая носіць імя згаданага творцы. “Барыс Міхайлавіч быў рэпрэсаваны і не дажыў да поўнай рэабілітацыі, — піша аўтар. — Пайшоў з жыцця ў 1954 годзе. Але засталася багатая творчая спадчына. Бібліятэка мяркуе выдаць кнігі земляка”. Вопыт работы па ўвекавечванні памяці Барыса Мікуліча ацэнены падчас Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. У намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” Бабруйская гарадская бібліятэка атрымала дыплом другой ступені.

Некалькі інфармацый ад Андрэя Струнчанкі. Выстава “У віхуры танца” працуе ў Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі і прысвечана 55-годдзю прысваення наймення “народны” танцавальнаму ансамблю “Колас”, што дзейнічаў на базе Віцебскага раённага дома культуры. Тут прэзентуюцца фотаздымкі, газетныя артыкулы, сцэнічныя касцюмы танцораў, іх узнагароды. За час існавання калектыў пад кіраўніцтвам Канстанціна Партнога даў звыш двух тысяч канцэртаў, у тым ліку ў Малдавіі, Украіне, Польшчы, Расіі. Супрацоўнікі Мазалаўскага СДК правялі экскурсію па аграгарадку для дзяцей аздараўленчага летніка на базе Мазалаўскай сярэдняй школы. А Народны жаночы клуб “Залаты ўзрост” Мазалаўскага сельскага дома культуры паўдзельнічаў ва ўшанаванні хлебаробаў, што працуюць на палетках сельскагаспадарчага прадпрыемства “Мазалавагаз”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"