Конкурсы на “раз, два, тры”

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Мікалай ТЭКЕЛІЕЎ — доктар эстэтыкі, нязменны кіраўнік творчай дэлегацыі Балгарыі на “Славянскім базары ў Віцебску”: Фестывальна-конкурсны рух развіваецца сёння вельмі імкліва. У адной толькі Балгарыі ёсць ажно 73 конкурсы маладых выканаўцаў. Некаторыя маюць гісторыю ў некалькі дзесяцігоддзяў, некаторыя зусім маладыя. Але, вядома, форумы ды спаборніцтвы бываюць самымі рознымі паводле арганізацыі, умоў, мастацкага ўзроўню — нарэшце, паводле сваіх функцый. Як жа разабрацца ў такім віры? З дапамогай апытальніка.

/i/content/pi/cult/649/14417/26.jpgІніцыятарам правядзення такіх сацыялагічных апытанняў выступіла фэйсбук-група “Конкурс маладых выканаўцаў”. Атрымаўся вельмі разгорнуты спіс пытанняў — больш за 90. Там было прадугледжана ўсё: наколькі добра спаборніцтва арганізавана, хто ў журы, ці ёсць там спецыялісты і якія, як асвятляецца конкурс у мас-медыя, многія іншыя дэталі. З гэтым апытальнікам мы звярнуліся не ў сацыялагічныя агенцтвы, а да саміх карыстальнікаў — тых, хто ездзіць на конкурсы і фестывалі, хто непасрэдна займаецца падрыхтоўкай дзяцей да іх. Гэта бацькі, педагогі, музычныя крытыкі, журналісты, іншыя ўдзельнікі.

У выніку падзялілі конкурсы на некалькі катэгорый паводле тых задач, якія ставяць перад сабой іх арганізатары. Да прыкладу, конкурсы камерцыйныя, турыстычныя. Тыя, што праводзяцца пры дзяржаўнай падтрымцы, тыя, што яе не маюць, — прыватныя. Вядома, бывае і шмат самых разнастайных мікстаў. Але галоўнае не гэта. Так, конкурс можа быць вельмі дарагім (той жа ўступны ўзнос для ўдзелу ў ім складае, напрыклад, некалькі сотняў еўра). Можа з’яўляцца турыстычным — разлічаным, у першую чаргу, на яшчэ большы прыток гасцей у той ці іншы курортны горад. Сапраўды, што дрэннага ў тым, калі гэта будзе дзецям, як кажуць, “у кайф”? Прыехаў, выступіў — а разам з тым і адпачыў: паплаваў у моры, паваляўся на пляжы. Бываюць і конкурсы, на якіх адзначаюць абсалютна ўсіх: безліч першых месцаў, розных прызоў, намінацый. Такія формы заахвочвання таксама патрэбныя, але наўрад ці яны падыдуць тым, хто імкнецца прафесійна ўдасканальвацца, рыхтавацца да сур’ёзных дарослых спаборніцтваў.

Па выніках адказаў, што рабіліся праз інтэрнэт, сфарміраваўся рэйтынг конкурсаў — з першага па 73-і. Тыя, што ўвайшлі ў першую дзясятку, — гэта элітныя. Сярод іх былі і нацыянальныя, і міжнародныя. Адзін камерцыйны, адзін — турыстычны. Але большасць, як аказалася, — дзяржаўныя.

Я ўвогуле выступаю за тое, каб камерцыйныя і турыстычныя конкурсы неяк адасобіліся ад звычайных. Хай у іх будзе нейкае сваё аб’яднанне, дый называць іх трэба іначай — скажам, дзіцячы лагер-фестываль. Дзецям там вельмі добра, камфортна, весела! Яны знаходзяць сабе сяброў, адпачываюць, гуляюць — і паралельна спяваюць, займаюцца любімай справай, атрымліваюць граматы за ўдзел, за добрыя выступленні. Але наўрад ці такія святы штосьці даюць для прафесійнага росту ўдзельнікаў — больш для сацыялізацыі дзяцей, павышэння самаацэнкі кожнага з іх. І гэта таксама трэба! Але бацькі і педагогі павінны ведаць, куды яны вязуць сваіх выхаванцаў, на што могуць разлічваць, што атрымаюць. Бо калі гэта ўласна вакальны конкурс, дык там патрэбны і адпаведны рэпертуар, і добра пастаўлены голас, і артыстызм, уменне рухацца на сцэне, танцавальная пластыка і шмат чаго іншага.

Тая цалкам народная класіфікацыя, што атрымалася, зусім не сведчыць, што 73-і паводле рэйтынгу конкурс нічога не варты. Але гэта яшчэ і напамін яго арганізатарам. Тыя павінны задумацца, як так здарылася, што іх мерапрыемства апынулася на апошнім месцы. Можа, пра яго папросту ніхто не ведае? Таму і адзначае: не быў, не ведаю. Значыць, такому конкурсу трэба заняцца рэкламай, “раскруткай”.

Думаю, наш вопыт мог бы спатрэбіцца і Беларусі, і таму ж “Славянскаму базару ў Віцебску”. Прычым не адно на ўзроўні дзяцей і бацькоў. Ваш форум, як вядома, працягвае пашыраць сфарміраваную вакол сябе Сусветную асацыяцыю фестываляў (WAF). І вельмі зацікаўлены не ў колькасці, а менавіта ў якасці, мастацкасці тых фестываляў і конкурсаў, што хацелі б стаць чальцамі. Дзякуючы складзенай намі класіфікацыі, калі нейкі фестываль з Балгарыі падасць заяўку аб уваходжанні ў Асацыяцыю, прадстаўнікам “Славянскага базару…” не абавязкова адразу туды ехаць, каб пераканацца ў належным узроўні. Дастаткова зірнуць на вынікі ратацыі — і адразу зразумела, ці годны прэтэндэнт такога членства.

Яшчэ адна мая прапанова тычыцца непасрэдна членства ў WAF. На маю думку, гэта могуць быць не толькі ўласна фестывалі, але “тэарэтыкі” фестывальнага руху — як даследчыкі, так і практыкі, якія задумваюцца пра далейшае яго развіццё. Персанальнае членства здатнае садзейнічаць большаму асэнсаванню, абагульненню таго, што адбываецца ў Віцебску.