Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ,
намеснік старшыні Беларускага фонду культуры
У рабоце з’езда прынялі ўдзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей, кіраўнікі міністэрстваў і многіх грамадскіх арганізацый, што было вельмі станоўча ацэнена выступоўцамі. Беларуская дыяспара мае вялікі патэнцыял. Сістэмнае супрацоўніцтва з ёю — вельмі неабходнае для культурнага, сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Гэта каштоўны рэсурс, які павінна скарыстаць беларуская дзяржава. Між тым, пакуль ён выкарыстоўваецца слаба. І ў многіх выступленнях гучала тэма кансалідацыі — і ўнутры дыяспары, і з уладнымі структурамі краіны. Безумоўна, крокі насустрач нам неабходна рабіць адначасова.
Дыяспара перажывае цяпер няпросты час. Адбываецца старэнне, прыток моладзі — невялікі, плюс несупынная асіміляцыя. Дыяспару трэба ратаваць і падтрымліваць. А сёння за межамі Радзімы пражывае ад 3 да 4 мільёнаў беларусаў!
Карысна тое, што на з’ездзе гучалі ўзважаныя прапановы па каардынацыі дзейнасці беларускіх суполак за мяжой, па актывізацыі супрацоўніцтва. На мой погляд, найбольш важна — распрацаваць дзяржаўную стратэгію ўзаемадзеяння. Гаворка пра комплекс прававых, эканамічных, дыпламатычных, адукацыйных, культурных і арганізацыйных высілкаў па захаванні беларускасці, па забеспячэнні сістэмнага ўдзелу дыяспары ў вырашэнні жыццёва важных для Беларусі пытанняў.
Ключавымі складнікамі названай канцэпцыі (і гэта актыўна абмяркоўвалася на з’ездзе) павінны стаць пабудова ўзаемных менавіта даверлівых стасункаў, заахвочванне дыяспары для ўдзелу ва ўнутраным і знешнім жыцці Беларусі, падтрымка землякоў і стварэнне адпаведных інстытуцый (да прыкладу, культурна-інфармацыйнага цэнтра беларусаў замежжа “Беларускі дом” у Мінску), пашырэнне правоў і магчымасцяў беларускай дыяспары для больш эфектыўнага выкарыстання яе рэсурсаў, у тым ліку — інвестыцыйных.
На з’ездзе былі прыняты рэзалюцыя, звароты да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу. А сам форум быў станоўча ацэнены і дэлегатамі, і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў. Вельмі хацелася, каб наступны з’езд праходзіў і ў больш шырокім складзе, і, як гэта было падчас першага мерапрыемства, у Вялікім тэатры оперы і балета ды з удзелам кіраўніцтва дзяржавы. Тое стала б не толькі важным знакам больш уважлівых і зацікаўленых адносін, але і чыннікам актывізацыі дзейнасці ўсіх нашых замежных суполак. Застаецца і шэраг канкрэтных пытанняў, што патрабуюць неадкладнага вырашэння. Маю на ўвазе спрашчэнне візавых працэдур, умоў перасячэння мяжы, удасканаленне заканадаўчых і нарматыўных дакументаў.