Хавайся ў бульбу!

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Рэцэпт стварэння брэнда. Выпісаць кожнаму
Міжволі нам давялося параўноўваць ініцыятыўнасць работнікаў культуры двух суседніх раёнаў Віцебшчыны. Так атрымалася. Скіраваліся на Расоншчыну, але натрапілілі на вёску Дзёрнавічы, што аказалася апошняй на нашым маршруце па верхнядзвінскай зямлі. А потым увесь час супастаўлялі, прыкідвалі і разважалі: чаму і чым другія (клубнікі ды бібліятэкары Расонскага раёна) адрозніваюцца ад першых (работнікаў культуры Верхнядзвіншчыны і не толькі).

Мы спярша і не думалі, што пасля Асвеі ды Сенькава нас чымсьці здзівіць вёска Дзёрнавічы. Але памыліліся. Загадчыцу клуба-бібліятэкі Вольгу Маеву мы пабачылі ў той момант, калі яна вілкамі даставала з печы саганец з варанай бульбай. І справа не ў тым, што сапраўднымі тут былі толькі вілкі ды сама кіраўніца. Да слова, рэарганізацыя ўстановы адбылася летась. У клубе-бібліятэцы Вольга Маева цяпер адна. Але не бяда — упраўляецца.

/i/content/pi/cult/646/14352/2.jpg

Сто першы спосаб

У сваім бліскучым эсэ “Зямля пад белымі крыламі” Уладзімір Караткевіч напісаў, што беларусы ведаюць сто спосабаў гатавання бульбы. Сто першы прыдумала Вольга Уладзіміраўна. Праўда, у адпаведнасці з ім гатуецца не страва, а — брэнд.

Брэнд Дзёрнавічаў — бульбачка. Тут нават і прыдумваць нічога не трэба было. Мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя займаецца вырошчваннем элітных гатункаў “другога беларускага хлеба”, таму ініцыятыва ладзіць у вёсцы свята бульбы ўзнікла сама сабою. Значна дапамог сельсавет. Вользе Маевай трэба было хіба прыдумаць сцэнарый ды ўвасобіць яго ў жыццё. Толькі сапраўдны работнік культуры ведае насамрэч, колькі клопату хаваецца за гэтым “хіба”. У 2012 годзе свята зладзілі сваімі сіламі. Праз год яно праходзіла ўжо на раённым узроўні. Былі прыгатаваны ці не ўсе сто бульбяных страў. На дэгустацыю сабраліся лепшыя самадзейныя калектывы Верхнядзвіншчыны. Потым усім светам выбіралі самыя незвычайныя клубні ды мастацкія кампазіцыі з гародніны. Натуральна, свята ладзілася на пачатку восені, калі ўборка ўжо завершана. А пляцоўкамі для мерапрыемства сталі не толькі клубная сцэна і дыскатэчная зала, але і маляўнічы лапік ля ўстановы, засаджаны дрэвамі. Былі і госці з Расоншчыны. Асабістым дасягненнем загадчыца ўстановы лічыць і тое, што ўсе забаўляльныя праграмы ладзілі самі дзеці.

На носе — чарговае свята бульбы. Натуральна, будзе штосьці новае. Што канкрэтна, кіраўніца не кажа, частуе нас гарбатай, паказвае рэчы, зробленыя разам з падлеткамі. А мы разважаем пра помнік бульбе, для якога даўно наспеў час. Во будзе неспадзяванка, калі той “манумент” з’явіцца ў Дзёрнавічах ужо сёлета! Спонсары-бульбаводы павінны дапамагчы.

Згадаем і клубны музей. Не, ён прысвечаны не бульбе. Але падзівіцца ёсць чым. Тут і мясцовыя традыцыйныя строі, і дываны з посцілкамі, і нават вышыты нейкім школьнікам гадоў 40 таму партрэт Леніна ды рукачынная, прыгожа аформленая мясцовымі майстрамі ікона. Здавалася б, звычайны краязнаўчы куток. Магчыма і так, але мае ён тут, у Дзёрнавічах, сваю душу, а таму прывабны не толькі для сваіх, але і для турыстаў.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Калісьці “бульбяны” помнік збіраліся паставіць у Мінску. Штосьці не зраслося, і поле крэатыву не дало ўзыходу. Але я не пра гэта. Калі мы ўжо кажам пра неабходнасць рэгіянальных брэндаў, дык павінны быць лагічнымі ў дзеяннях да канца. Між тым у Лёзне і па сёння няма помніка суніцам, а ў Дварцы Лунінецкага раёна — клубніцам. Дык што, “гурковы” брэнд пацверджаны адпаведнай скульптурай толькі ў Шклове? Час мяняць сітуацыю карэнным чынам! Так, на мой погляд, жыць весялей.

На вуліцы — цікавей

Мяжу Расонскага раёна, карацей, мінулі з прыўзнятым настроем. І ў вёсцы Сакалішча заўважылі адметны пейзаж, акурат ля сельскай бібліятэкі: высокі бераг над ручаём, на травяністым узвышшы — столік, лаўкі, акуратныя парэнчы. Зграбная чытальная зала пад адкрытым небам! Але ніводнага чытача. Бібліятэкар Ірына Папкоўская неяк няўпэўнена зазначыла, што кірунак дзейнасці ўстановы — экалагічны, у адпаведным гуртку — паўдзясятка школьнікаў, што сярод чытачоў 23 дзіцяці, 86 дарослых. Аказваецца, за столікам над ручаінай якраз і ладзяцца экалагічныя заняткі. І дзе тыя мальцы гойсаюць? На наша пытанне, чым гурток будзе заўтра займацца, бібліятэкар пэўны час гартала адпаведны журнал і адказала — “Конкурсам работ з прыродных матэрыялаў”. Тым часам у бібліятэку прыйшла і першая чытачка — дзяўчынка, не звяртаючы ўвагі на прышлых журналістаў, утрапёна падбірала сабе чытво на канікулы.

За бібліятэкай мы ўбачылі скульптуры і скульптуркі. І цягнулася гэтая драўляная “выстава” дзясяткі метраў уздоўж шашы. Мы нават у бібліятэку вярнуліся (хоць на вуліцы было цікавей), каб высветліць, хто аўтар. Даведаліся: разьбяра па дрэве завуць Аляксандр Маліноўскі. Ён — рабочы-качагар, абкошваў на той час няўдобіцы. Майстар! Мы падумалі: вось хто зрабіў бы помнік бульбе… Засмуціла толькі тая акалічнасць, што на Віцебшчыне выпісваюць “К” далёка не ўсе. З гэтай прычыны ці ж даведаюцца ў Верхнядзвінску пра тое, што цікавага робіцца на Расоншчыне? Але не будзем пра сумнае.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Тэма помнікаў у час нашага чарговага аўтатура ўзнікала неаднаразова. І ў сувязі са славутымі людзьмі, што выйшлі з гэтых мясцін, і з-за знакавых падзей, і з-за тых жа самых брэндаў кшталту бульбы. Думаецца, не варта замахвацца на вялікае, асабліва, калі той помнік плануюць усталяваць у вёсачцы. Варта падумаць, найперш, як стварыць адпаведную атмасферу. А пасля правесці пленэр, скажам, тых жа разбяроў ці майстроў па камені. Тым больш, мясцовых творцаў тут, як мы пераканаліся, багата. Тады і турыста можна чакаць.

“План мы выконваем…”

Адзін з нас у Клясціцах ужо калісьці быў. Справа ў тым, што жыве тут цудоўная жанчына Ала Харэня, якая ў свой час ушчыльную занялася аграсядзібным бізнесам (большую палову раёна займаюць лясы ды азёры, таму стаўка тут робіцца на развіццё турызму). Цікавая вёска і тым, што ў 1812 годзе, калі французскае войска ірвалася да Пецярбурга, адбылася тут вялікая бітва. А за сённяшнім СДК знаходзіўся падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысцкі канцэнтрацыйны лагер для грамадзянскага насельніцтва. Цяпер тут — мемарыял. Калісьці музей у Расонах ладзіў сюды рэгулярныя экскурсіі. А цяпер?

Дырэктар Дома культуры Любоў Прыбарэц і мастацкі кіраўнік установы Святлана Траццякава заўважылі, што экскурсій на мемарыяле апошнім часам яны не бачылі. Мы сабе пазначылі ў нататніках: разабрацца з гэтым пытаннем у Расонах. Размова з клубнымі работнікамі не дадала аптымізму, бо так і не пачулі мы фактаў пра цікавыя праекты і брэндавыя знаходкі. Кабеты зазначылі ці не з крыўдай, што план па аказанні платных паслуг яны выконваюць, а што яшчэ трэба. І не хацелі мы пра сумнае, але…

Адзін з яскравых успамінаў нашых колішніх аўтаваяжаў — пра СДК вёскі Жарабковічы ў Ляхавіцкім раёне. Прыехалі туды таксама летам, і таксама (як і ў Клясціцы) напрыканцы светлавога дня. Мы нават пытанне пра выкананне памянёнага вышэй плана не задавалі, бо пабачылі іншае, галоўнае і шматзначнае: працу СДК, які быў перапоўнены і малечай, і падлеткамі, і моладдзю. На Расоншчыне гэтым днём нам такога бачыць не давялося…

Словам, хавайся ў пошуках крэатыву ў дзёрнавіцкую бульбу ці ў жарабковіцкіую феерычнасць. Ці (інакш кажучы) шукай свой брэнд, аналізуючы чужы досвед! Іншага выйсця проста няма.

“Лазневы” імідж установы

Каб знайсці бібліятэку, скарысталіся падказкамі мясцовых жыхароў. Ды ўсё не маглі даўмецца, як кніжная скарбніца можа быць у адным будынку… з лазняй. Прынамсі, шыльда сцвярджала менавіта пра гэта. Зразумець, што мы прыйшлі па адрасе, дапамагла дзяўчынка, якая несла ў руках немалы стос кніг.

У фае заўважылі рукачыннае дрэва, на імправізаваных пялёстках якога красаваліся пажаданні чытачоў / чытачам. Згадалася дрэва добрых спраў у Ашмянскім раёне. У Клясціцах яно таксама “вырасла” невыпадкова.

Бібліятэкар Ульяна Скрыпцова распавяла, што асноўныя кірункі дзейнасці ўстановы — патрыятычны і духоўна-асветніцкі. І па адным і па другім ёсць што сказаць: вёска багатая на гістарычную памяць — тамтэйшая зямля памятае і баі вайны 1812 года і трагедыі Вялікай Айчыннай. Раней мясцовыя ўстановы культуры ўдзельнічалі ў тэатралізаваных прадстаўленнях, прымеркаваных да Дня Перамогі. Толькі сёлета тая традыцыя чамусьці абарвалася...

Цяпер профіль бібліятэкі скіраваны, у першую чаргу, да духоўнай асветы. Тут адбываецца багата мерапрыемстваў сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой. Пры бібліятэцы працуе нядзельная школа. Адбываюцца “Урокі дабрыні”. А раз на месяц мясцовых пенсіянераў чакае асветніцкая сустрэча-дыскусія. Апошняя была прысвечана Вялікадню: старажылы расказвалі, як яны сустракалі гэта свята ў даўнейшыя часы, калі яно было пад забаронай, а моладзь — пра сучасныя тэндэнцыі святкавання. Да таго ж, раз на квартал для пенсіянераў арганізаваны дзень імянінніка / юбіляра.

Мясцовыя жыхары, прыйшоўшы ў бібліятэку, могуць не толькі ўзяць кнігі ды паўдзельнічаць у асветніцкіх мерапрыемствах. Пад адным дахам размешчаны і філіял раённага дома рамёстваў. Праўда, працуе ў ім толькі адзін чалавек — займаецца вышыўкай ручнікоў, а таксама ікон і карцін. А пра плён такой працы сведчыць багата аздобленая выставачная прастора.

(Не)лірычнае агульнае заканчэнне

Зразумела, не кожнаму клубу ці сельскай бібліятэцы пад сілу стварыць адметны брэнд. Але кожны нават у вёсцы можа зрабіць сваю працу цікавай і для сябе і для мясцовай грамады. Пераконваліся ў гэтым неаднаразова і падчас гэтага аўтатура. На жаль, часам даводзілася пераконвацца і ў адваротным, калі брэндавасць проста гублялася разам з цікавасцю да самога брэнда.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"