У пошуках героя і мовы

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Рэжысёры-выпускнікі БДАМ прэзентавалі свае дыпломныя стужкі
У апошні чацвер чэрвеня ў кінатэатры “Цэнтральны” адбыўся паказ дыпломных работ выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацкі фільм”. На суд калегам і грамадскасці былі прадстаўлены восем стужак рэжысёрскай майстэрні Рэнаты Грыцковай.

Амаль без вайны

Некаторыя з фільмаў мы бачылі раней. Літаральна год таму ў межах рэспубліканскай акцыі ў адмысловым альманаху “Новы погляд: маладое беларускае кіно” прагучалі карціны Нэлы Васілеўскай і Андрэя Кашперскага. Псіхалагічны саспенс пра складаныя стасункі братоў ва ўмоўнай прасторы дзіцячых успамінаў — стужка “Мой брат”, меладрама пра забытую сустрэчу хлопчыка з татам, які сышоў з сям’і, але аднойчы вярнуўся  — “Кактус” — адразу вывелі аўтараў гэтых работ на пэўныя пазіцыі, заахвочваючы сачыць за творчасцю рэжысёраў. Тэма дзяцінства і сям’і, якая аб’ядноўвала фільмы альманаха, выглядала прывабна і свежа. Кароткаметражка “Гульня са смерцю” Алесі Фіневіч-Сакура працягнула тэматычную лінію, умоўна ўзяўшы намінацыю за лепшага акцёра. Вячаслаў Паўлюць, які сыграў у “Гульнях…” постаць Смерці, трымае ўвагу гледача і “цэментуе” работу пра маленькую дзяўчынку, свет якой не робіць падзел на жывое і мёртвае. Цяпер да гэтых работ далучыліся “Цёмная рака, цяжкія вёслы” Арцёмія Калініна і “Юбілей” Арсеня Ільіных.

/i/content/pi/cult/646/14350/4.jpg

“Цёмная рака, цяжкія вёслы”, зробленая па матывах твора японскага пісьменніка Кэндзабура Оэ, адразу прыцягвае ўвагу навізной матэрыялу. Гісторыя першага кахання хлопчыка да дарослай дзяўчыны, пакутлівасць і хваравітасць пажадлівай плыні апантанага падлетка — смеласць рэжысёра ў рэалізацыі мастацкай задачы варта адзначыць. Ды ўсё ж пошук пачуццёвых абліччаў у аўтара абмяжоўваецца: гісторыя амаль лінейная, хоць вобраз хлопца, які плыве над ракой, не прайшоў незаўважаным. Але ў цэлым карціна толькі набліжаецца да тых самых “цёмных вод” стану, які ў адпаведным узросце адчуваў кожны. І больш вынаходлівы асацыятыўны шэраг, які б здолеў перадаць знямогу і пал падлеткавай жарсці, у рэжысёра не нараджаецца, ствараючы японскай літаратуры прамую меладраматычную ілюстрацыю.

“Юбілей” Арсеня Ільіных — зварот да больш вядомага, скажам так, матыву ў сямейным кіно — самоты бацькоў, калі дзеці вырастаюць і жывуць сваім жыццём. Хто ж прыедзе на юбілей маці? Арсень працуе з вядомымі артыстамі беларускай сцэны: у карціне галоўную ролю іграе народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова, яе сына — Ігар Сігоў, які не мае патрэбы ў прадстаўленні. Гэта важны досвед, аднак стужка не сягае за межы разгорнутага эцюда: гісторыя да канца не распрацавана, мантаж не трымае рытм, а гукавы шэраг не даведзены да ладу.

У цэлым, адсутнасць дынамікі, свядома абранай кінамовы, нагледжанасці, візуальнай вынаходлівасці заўважаецца падчас прагляду студэнцкіх прац. “Дугін” Сяргея Дзмітрэнка па матывах п’есы Аляксея Дударава “Радавыя” — таксама невялікая мініяцюра, калі маладыя акцёры спрабуюць “узяць” ролі франтавікоў. Але “момант ісціны” не наступае — акцёраў выдае постаць, позіркі, выраз твару. Нядрэнна, але і не праўдзіва, не вытрымана. Прыцягальны і прыгожы па выяве “Апошні шанс” Ігара Васільева — выхад на спартыўную псіхалагічную драму з Анатолем Гур’евым і Аляксандрам Яфрэмавым у галоўных ролях. Стужка, у аснове якой рэальная трагедыя — гібель алімпійскага чэмпіёна па конным спорце Сяргея Рагожкіна, — канцэнтруецца на псіхалагічнай падаплёцы трэнерскай працы, яе адказнасці, — цікавая і амаль няходжаная тэрыторыя для беларускага кіно. Карціна мае фінал — і гэта ўдача рэжысёра, але, зноў-такі, дынаміка стужкі, развіццё гісторыі “прасядае”, аддаючы перавагу доўгім планам, паўторам, зацягнутасцям, што ў выніку сказваецца на цэльнасці работы.

Адной з самых прарыўных работ сёлетняга выпуску можна назваць 30-хвілінную “Брача” Кірыла Ярохіна, якая “па сумяшчальніцтве” з’яўляецца адной з навел кінаальманаха маладых рэжысёраў “Мы”, зробленага на кінастудыі “Беларусьфільм”. Яе годна вылучае сярод іншых выпускных прац драматургія. Аўтар невялікай п’есы, якая лягла ў аснову кіно — вядомы беларускі драматург Дзмітрый Багаслаўскі, прадстаўнік “новай драмы”, творы якога сёння паволі ўваходзяць у рэпертуары айчынных тэатраў.

Ёсць канкрэтны город — Мінск, ёсць яго героі — папулярны рэп-выканаўца Брача і малады невядомы паэт, які збіраецца скончыць жыццё самагубствам. Яны сустракаюцца на мосце ля вакзала, і дзеянне закручваецца. Цікавыя дыялогі, жывыя персанажы. Прастора моста як пераходу падкідвае характарам новыя “карты” — новых асоб, якія драматычна пераломліваюць ход “гульні”. Кірылу Ярохіну, бадай, удаецца больш за ўсіх быць арганічным і праўдзівым — бо асяродак, у якім адбываецца дзеянне, не трэба выдумляць, ён жывы і “працуе”. Удалым мне падаецца і выбар акцёраў на галоўныя ролі: Арцём Міхалевіч і Фёдар Савельеў. Але, зноў-такі, “драму” “разрэджвае” і псуе зацягнутасць расповеду і аднастайнасць кінамовы. У гэтым сэнсе, “Мой брат” Нэлы Васілеўскай, які багаты на амажы да “Люстэрка” Андрэя Таркоўскага, тым не менш, захоплівае асэнсаванасцю ў стварэнні псіхалагічных станаў герояў, вынаходлівасцю аператара Яўгена Вераня, які абірае розныя манеры здымак у адлюстраванні дзеяння. “Брачо”, нягледзячы на тое, што ў яго камандзе — слынны прафесіянал Дзмітрый Рудзь, на жаль, акуратна “трымаецца” драмы і не дае камеры стварыць свой біт.

Разбіць часта неапраўданы акадэмізм кінамовы, стварыўшы ўласны свет, выпускнікам сёлетняга курса збольшага не ўдаецца. Але ёсць выхад у розныя тэматычныя абшары, пошук, зварот да псіхалагічнай саспенс- (“Мой брат”) ды гарадской экшн-драмы (“Брача”). Што будзе далей — вядома, прадказаць цяжка, але хочацца спадзявацца, што выпускнікі майстэрні Рэнаты Грыцковай не апынуцца пакінутымі ў далейшых праектах сам-насам са сваімі ідэямі. Як і іншыя маладыя рэжысёры, што спрабуюць выйсці на новыя сэнсавыя гарызонты і стварыць годную рэпутацыю беларускаму кіно. Што, урэшце, адмысловы конкурс, праграма грантаў менавіта для маладога кіно будуць заснаваныя, і нашы аўтары не пакінуць краіну ў пошуках лепшай долі “дзе-небудзь яшчэ”.

/i/content/pi/cult/646/14350/3.jpg

Нататкі з прагляду работ рэжысёраў тэлебачання

Мастак Алег Арлоў, дырыжор Дзяржаўнага музычнага тэатра Марына Траццякова, абсалютны чэмпіён па паўэрліфтынгу Раман Ерамашвілі, уладальнік панскай сядзібы Фларыянава, былы старшыня калгаса Генрых Траццяк… Вось не поўны пералік тых герояў, якім прысвяцілі свае фільмы і тэлерэпартажы выпускнікі факультэта экранных мастацтваў БДАМ па спецыяльнасці “Тэлебачанне”. З аднаго боку, здаецца, — няблага, з іншага — сюжэты дзіўным чынам захрасаюць у мове мінулага, нібыта тэлефільм сёння ўжо і не здольны вылучыцца з плыні фарматных інтэрв’ю-рэпартажаў.

“Маэстра гуку” Алесі Баршчэўскай — пра адзіную ў Беларусі жанчыну-дырыжора, якая працуе з аркестрам Марыну Траццякову — напачатку дынамічная і яскравая. А далей аўтарка толькі і пакідае сваю гераіню ў рабочай прасторы — за дырыжорскім пультам, паказваючы яе, лічы, адным сярэднім планам. Іншыя іпастасі, безумоўна, цікавай гераіні не трапляюць у фільм. Ды, здаецца, можна і пагадзіцца з фокусам выключна на прафесіі, але ацэнку якасцям Марыны Траццяковай у гэтым ключы чамусьці дае адно настаўнік і муж. А дзе ж музыканты? Калегі? Музыказнаўцы? Ацаніць дасягненні дырыжора Дзяржаўнага музычнага тэатра ў поўнай меры гледачам так і не ўдаецца, бо ў стужцы гучаць меркаванні толькі блізкіх. У выніку атрымаўся не паўнавартасны выразны партрэт гераіні, а хутчэй эскіз.

Фларыянава і сям’я вядомага рупліўца, былога старшыні мясцовага калгаса Генрыха Траццяка, які, набыўшы за дзве пенсіі панскую сядзібу Бохвіцаў, адраджае не толькі помнік даўніны, але жыццё вёскі. Пазнаёміцца з гэтым цікавым чалавекам дае магчымасць Вераніка Глінская ў сваёй стужцы “140 гадоў самоты”. Інтэрв’ю з гаспадаром на фоне коміну ў сядзібе, расповед гаспадыні, жонкі Генрыха Міхайлавіча пра іх знаёмства, сямейныя фота, трошкі паўсядзённасці нашага героя… І, бадай, усё. Мы бачым гісторыю праз словы герояў, фотаздымкі — апасродкавана, а само жыццё рупліўцаў не трапляе ў сюжэт. А так хацелася б убачыць, як Герой Сацыялістычнай працы, што размяняў ужо дзявяты дзясятак, уласнаручна зацыроўвае дах палаца. Ды ўрэшце і лёс самой сядзібы — хто ў ёй жыў, чым яна выбітная — чаму не распавесці, дадаючы аб’ёму гісторыі? Вераніка Глінская знайшла цікавыя і натхняльныя постаці, важную тэму, захапляльную фактуру, але яе партрэт не сягнуў далей за сімпатычны тэлесюжэт.

Фільм “На мяжы” Аляксея Жыгалковіча пра постаць беларускага мастака Алега Арлова — гэта ўвогуле мова тэлерэпартажаў 1990-х.
Цёмнае святло, інтэрв’ю ідзе нібы па шаблоне. Алег Арлоў, чый жывапіс у фільме падаецца як следства… клінічнай смерці героя, ужо адразу знаходзіцца ва ўтульнай спавядальнай прасторы, дзе яму толькі і застаецца крочыць вядомымі сцежкамі-адказамі. Ніводнай спробы трошкі справакаваць мастака, даць герою іншы імпульс, змясціць у кантэкст сучаснасці, дзе суседнічаюць розныя погляды, мастацкія дыскурсы, аўтарам так і не прадпрымаецца.

У такі ж цёмны пакой змяшчае свайго героя і Рыгор Азаронак — аўтар “Салдата Хрыста”. Дзіўны мантаж, дрэнны гук, зноў прадказальныя хады… Герой адразу падаецца гледачу як знаная фігура — хаця, напэўна, для многіх імя пісьменніка і таямніцазнаўцы Юрыя Вараб’еўскага не такое і вядомае. Мова сюжэтаў 1990-х, калі ў рэжысёраў былі абмежаваныя магчымасці, але яны з энтузіязмам задзейнічалі музычны шэраг і хроніку, ахвотна выкарыстоўваецца аўтарам — замест тых магчымасцяў, якія даюць сучасныя медыя.

Адчуванне таго, што мы жывём у 2017 годзе, і сучаснае тэлебачанне ўжо ведае фільмы Леаніда Парфёнава, Уладзіміра Познера, Джэрэмі Кларксана, Беара Грылса, узнікае, мабыць, толькі падчас прагляду карціны Канстанціна Ігрушы “Раман Ерамашвілі. Жым лежачы па-беларуску” ды атмасфернай стужкі Ягора Бякава “Паспець пачуць цішыню”. У першым выпадку — прафесійна зроблены сюжэт з годным рытмам, якасным гукавым шэрагам, канкрэтнай гісторыяй пра рэкардсмена-паўэрліфтэра Рамана Ерамашвілі дае ўяўленне пра сучасную Беларусь. Імя спартсмена больш вядомае ў адпаведных колах, але аўтар адразу імкнецца прадставіць абраную постаць шырокаму гледачу, уводзячы апошняга ў тэму. Гэта сучасная тэлевізійная мова, дзе ёсць разуменне пасылу, тэмпу, візуальнай культуры, раскрыцця героя і ў справе і ў жыцці.

У гэтым сэнсе стужка Ягора Бякава пра чалавека, які вырашыўся з’ехаць у вёску, мае тыя ж прыкметы. Рытм карціны — павольны і роўны — дае магчымасць убачыць і адчуць тое, дзеля чаго герой пакінуў горад. Прыгожыя краявіды. Асэнсаваныя і нетаропкія дзеянні. Урэшце, цішыня. Свет новага вяскоўца ствараецца не адно праз яго прамовы, але і праз атачэнне, паўсядзённыя справы. Ягор Бякаў не пазбегнуў выкарыстання некаторых штампаў, але ён стварыў антураж, у якім персанаж фільма паўстае арганічна і ясна.

Хто ёсць сучасны герой для тэлебачання? Як фармат тых каналаў, што ёсць у беларускай і постсавецкай прасторы, вызначае творчую лінію маладых рэжысёраў? Вось пытанні, якія нараджаюцца пасля прагляду работ выпускнікоў рэжысёрскай майстэрні Паўла Іванова. Што глядзець? Каго шукаць? Пакуль не зразумела.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"