Яднанне класікі і джазу — не памылка

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Канцэртам “Класіка і джаз” у сталічнай філармоніі было адсвяткавана 25-годдзе падпісання Дамовы паміж Беларуссю і Польшчай аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. Дзякуючы ўдзелу цудоўных музыкантаў і добра складзенай праграме падзея набыла высокамастацкае гучанне.

/i/content/pi/cult/646/14348/1.jpg

Тон задалі тры часткі з неакласічна-мінімалісцкай сюіты Consort Lessons Аляксандра Літвіноўскага — аднаго з нашых вядучых кампазітараў, добра вядомага ў замежжы. Культ руху ва Уверцюры, крыху сентыментальны характар Менуэта з відавочнай эмацыйнай спасылкай на творы Міхала Клеафаса Агінскага, партнёрства галасоў струнных, эфект перазову паміж імі ў Сімфоніі — усе гэтыя дэталі, добра данесеныя Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі і дырыжорам Алегам Лесуном, набылі яшчэ і сімвалічны сэнс.

Вельмі свежа і неяк асабліва “па-польску” прагучаў Першы фартэпіянны канцэрт Шапэна. Саліраваў Кірыл Кедук, які працягваў адукацыю ў Польшчы і стаў заснавальнікам і мастацкім кіраўніком Міжнароднага музычнага фестывалю TyzenHouse ў родным Гродне. Цэнтрам цыкла, ягонай перлінай ён зрабіў не адну з хуткіх частак — першую ці трэцюю — а лірычную другую. Бы навуковец-даследчык, ён правёў у ёй лінію музычнага развіцця ад класіцызму да імпрэсіянізму — праз няўлоўныя, але заўважна падкрэсленыя ім інтанацыі польскага фольку. Узгадаліся чутыя ў розныя часы джазавыя кампазіцыі польскіх музыкантаў, дзе таксама фольк бывае часта збліжаны з тонкімі імпрэсіянісцкімі павевамі.

У пасажах першай часткі была знойдзена залатая сярэдзіна між дыяментавым россыпам нотаў і іх вакалізацыяй “па-шапэнаўску”, што знітоўвала асобныя пацеркі ў на дзіва стыльныя каралі, не парушаючы ні мяцежнасці, ні тугі. Захапіў вельмі лёгкі, светлы, іскрыста-зіхатлівы і адначасова цёплы гук. У фінале расцвіла грацыёзная, вельмі шляхетная мазурачнасць — без залішняга драматызму. Шапэн паўстаў не гэткім “рэвалюцыянерам-паўстанцам”, а патрыётам, выхаваным на нацыянальных традыцыях, па-новаму ўвасобіўшы іх у сваёй творчасці. У фінале ж піяніст выдаў столькі сонца і маладой энергіі, што ўвогуле праклаў шлях да… Шастаковіча з яго Першым фартэпіянным канцэртам.

Другое аддзяленне пачалося з шасці ўласных кампазіцый польскага піяніста і кампазітара Лешака Можджэра, арганізатара буйных джазавых фестываляў у сябе на радзіме. Мара музыканта, дыскаграфія якога налічвае больш за сто альбомаў, — з’яднаць класіку і джаз у адзінае гарманічнае цэлае. Пра гэта ён шмат гаварыў на прэс-канферэнцыі, што папярэднічала канцэрту: “Акадэмічныя музыканты вельмі баяцца памыліцца, але памылка — неад’емная частка нашага жыцця. Джазавыя музыканты ўцямілі гэта раней за іншых, навучыўшыся карыстацца памылкамі так, каб ператвараць іх у “разыначкі”, вырошчваць на іх аснове адметна-асаблівы індывідуальны стыль. Мы бяром ад “класікаў” прыгажосць гуку, яны ж могуць узяць ад нас уменне карыстацца памылкай”.

Яшчэ больш красамоўна і пераканаўча ўсё гэта прагучала на музычнай мове. У кожнай з кампазіцый госця наш камерны аркестр быццам ткаў-сплятаў аснову — то працяглымі акордамі, то рытмічнай пульсацыяй, блізкай да цікання своеасаблівага метранома, то хуткім, але раўнамерным бегам, раз-пораз уключаючы сучасныя прыёмы гуказдабывання на струнных. Па гэтай тканіне і “вышываў” свае мудрагелістыя ўзоры саліст, ствараючы то медытатыўныя прылівы-адлівы, то бісерныя спляценні дробнай тэхнікі з такім жа дробным сінкапаваннем, а то і абвіваючы скрыпічную мелодыю гукамі “падрыхтаванага” раяля (са зменай тэмбра за кошт “пацерак”, пакладзеных на струны). Кожная такая кампазіцыя не столькі завяршалася, колькі ціха абрывалася, нагадваючы шматкроп’е, рамантычнае пытанне, пранікнёны позірк у нябёсы, жывую недасказаную фразу — ды што заўгодна, акрамя пераможнага клічніка ці ўпэўненай кропкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"