Год Песняра

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

На працягу года краіна рыхтавалася да 135-годдзя Янкі Купалы. На перадсвяточнай прэс-канферэнцыі былі адзначаны ўсе мінулыя дасягненні, а таксама агучаны план мерапрыемстваў на святочныя дні.

/i/content/pi/cult/646/14335/DSC_0831.jpg

З пачатку года па ўсёй краіне праходзяць розныя імпрэзы, прысвечаныя 135-годдзю беларускага паэта. Так, у Мядзелі завяршылася рэспубліканскае свята паэзіі і харавога мастацтва “Пеўчае поле”, а ў філіяле музея “Акопы” Лагойскага раёна — абласны злёт паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”. У чэрвені адбыўся фестываль “Купала і Колас, вы нас гадавалі”, у рамках якога працавала паэтычная гасцёўня “Красуй, Беларусь” і пляцоўка “Чытаем Купалу і Коласа разам”. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі на працягу месяца працавала выстава “Вобразы мілыя роднага краю” з экспанатамі фонду Дзяржаўнага музея.

Мінскі абласны драматычны тэатр плануе зноў распачаць паказ спектакляў паводле біяграфіі і твораў Янкі Купалы “Карона з кахання” беларускага драматурга Анатоля Дзялендзіка і “На другі Сёмухі” па матывах п’есы Купалы “Прымакі”. Мінскі драматычны тэатр лялек “Батлейка” правядзе паказ спектакля “Яна і я” па аднайменнай паэме пісьменніка.

Да святкавання далучылася і Міністэрства інфармацыі, якое падрыхтавала розныя выданні да юбілейнай даты, а таксама, сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеям Янкі Купалы, перавыданне энцыклапедыі пра паэта.

Не абышлося і без ушанавання Песняра ў іншых краінах, якія ён калісьці наведаў. Раней экспазіцыі адкрываліся ў Францыі, Польшчы, Грузіі, Украіне і Расіі, зараз жа да канца года плануецца адкрыццё выстаў у Сербіі, Малдове, Латвіі, Славеніі і зноў у Грузіі.

На гэтым тыдні святкаванне юбілею пачалося з тэлеэфіру на канале “Беларусь-3”, прысвечанага жыццю і творчасці паэта, а 7 ліпеня з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка Янкі Купалы пачаліся галоўныя мерапрыемствы.

У суботу, 8 ліпеня, у Вязынцы ў 13:00 пачнецца вялікая святочная праграма “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”, дзе прагучаць творы класіка ад сучасных беларускіх паэтаў і музычныя творы на вершы Янкі Купалы ў выкананні Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Таксама да свята далучацца беларускія эстрадныя артысты і народныя калектывы. Падчас гулянняў можна прайсціся па кірмашы рамёстваў і зрабіць памятныя здымкі ў спецыяльнай фотазоне.

/i/content/pi/cult/646/14335/DSC_0976.jpg

9 ліпеня сваіх гасцей са святочнай праграмай сустракаюць Радашковічы, а ў кастрычніку ў Пухавіцкім раёне адбудзецца самае вялікае мерапрыемства — абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”.

Дасюль вядуцца пытанні па ўстаноўцы помнікаў Янку Купалу ў іншых краінах. Дзяржаўны літаратурны музей пісьменніка пры падтрымцы славацкага пасольства збіраецца ўсталяваць чатыры мемарыяльныя дошкі ў розных гарадах Славеніі. Эскіз зроблены беларускім скульптарам Паўлам Вайніцкім. Таксама гатовы праект і для мемарыяла ў Фінляндыі.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"