Не ва ўсім сур’ёзны сур’ёзны музыкант

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Пра музыканта, кампазітара, аранжыроўшчыка Ігара Палiводу “К” пісала неаднаразова. Згадвала і пра “хобі” артыста — выяўленчае мастацтва, спрабаваць у якім сябе ён пачаў рана.

/i/content/pi/cult/644/14312/25 kultura 13 copy2.jpg

— Ігар быў шматграннай асобай, мог адбыцца і як мастак, і як пісьменнік, але галоўным для яго заставалася музыка, — зазначыла ўдава творцы Вольга Палівода карэспандэнту "К" падчас вечару памяці творцы ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры". — Але калі валодаеш і іншымі талентамі, дык грэх іх не выявіць. Першыя ягоныя малюнкі — дзіцячыя, ведаю тыя, што датуюцца недзе 1969 годам — было яму дзевятнаццаць. Шмат маляваў Ігар і тады, калі служыў у войску. Ды і далей, на працягу жыцця. Апошнія творы — гэта ўжо 1990-я, своеасаблівая хроніка нашай сям’і. Ён дарыў свае работы на 8 Сакавіка, на Новы год. Малюнкі Ігара — гэта ягоны свет. Такім чынам ён выяўляў гумар, іранічнае стаўленне да пэўных з’яў рэчаіснасці. Нават калі тое — перамена роду дзейнасці. Маляванне было для яго і адпачынкам ад асноўнай працы. Не проста ж так бярэ чалавек у рукі аловак! Сярод яго спадчыны ёсць і такія рэчы, што датычаць выключна ягонага інтымнага свету — сям’і і вельмі блізкага асяродку. Я пакуль не гатова паказваць тыя жартаўлівыя малюнкі іншым. Час яшчэ не прыйшоў…

У якасцi мастака Палівода бадай больш вядомы па шаржах на сябе самога ды на калегаў-артыстаў — перш за ўсё па ансамблі “Песняры”. У калектыве гэтым у 1980-я неперыядычна выдаваўся “ўнутраны орган СМУРа (Супольнасці МУзычных Рамеснікаў)” — газета “Ведамасць”. Ініцыятарам стварэння ды галоўным яе рэдактарам і быў Ігар Палiвода. У выданні ў асноўным самі музыканты “Песняроў” у іранічным ключы, у прозе ды вершах, распавядалі пра будні ўласнага калектыву (што не выключала канструктыўную крытыку яго членаў, вытрыманую ў тым жа духу), пра музыку ўвогуле. Адным з ілюстратараў “Ведамасці” выступаў Палiвода.

Барыс Бернштэйн, музыкант ВІА “Песняры” з 1982-га па 1986-ы гады: “Наколькі я ведаю, жывапісам ён сур’ёзна ніколі не займаўся, а бавіўся карыкатурамі, шаржамі. За “песняроўскія” газеты яны амаль не выходзілі”.

Аднак, як высвелілася, гэта далёка не так. Згадвае першая жонка Палiводы Валянціна:

— Маляваў ён нават з дзяцінства. У школе Ігар ды трое яго сяброў задумалі скласці кнігу аб нейкай выдуманай краіне. Яны ў жартаўлівым тоне апісвалі яе жыццё і самі ж ілюстравалі падзеі, што адбывалiся. А вось ужо музыкантам Ігар свае страсці, перажыванні пераносіў у як бы легкадумныя карцінкі, дзе заключалася тое, што яго мучыла, нейкія галоўныя ідэі. Ён так жартаваў з асабістым душэўным станам. Да гэтага свайго захаплення ён ставіўся з іроніяй, сапраўды не занадта сур’ёзна, пасмейваючыся над ім, але, з іншага боку, — дома сыходзіў да сябе ў пакой, нібы хаваючыся ад усіх, нешта пісаў, маляваў. Ён наогул вельмі шмат маляваў...

Але чаму менавіта “вясёлыя карцінкі”? Можа, “ногі” іх яшчэ растуць і з часоў вучобы Палiводы ў кансерваторыі, дзе ён складаў музычныя пародыі, гумарыў у фартэпіянным дуэце з Васілём Раінчыкам над вядомымі творамі ды кампазітарамі?.. З дапамогай такіх малюнкаў Ігар аднойчы прызнаўся ў каханні Валянціне, пакаяўся перад ёй... А вось з тым, што на Палiводу аказаў істотны ўплыў Херлуф Бідструп, дацкi мастак-карыкатурыст, яна не зусім згодная: маўляў, так, сярод іншых, не больш.

/i/content/pi/cult/644/14312/25 kultura 13.jpg

Уладзімір Ткачэнка, таварыш Палiводы, які граў у “Песнярах” у 1978 — 1985 гадах, кажа, што не бачыў, каб Ігар прыходзіў, напрыклад, на рэпетыцыі з блакнотам або папкай, у якой маглі быць малюнкі. Не памятае, каб той нешта накідваў, седзячы ў кутку альбо стоячы за інструментам, неяк інакш на кагосьці паглядаў. “Я здзівіўся, даведаўшыся, што наш клавішнік малюе шаржы з карыкатурамі. Думаю, спачатку і для астатніх музыкантаў “Песняроў” гэта было нечакана, калі ў “Ведамасці” Ігар адкрыўся яшчэ і з другога боку свайго таленту”.

Не ўсе “песняры” ведалі і пра тое, што іх таварыш напісаў фантастычны раман, прычым у трох тамах! І выпусціў іх у выглядзе самага сапраўднага самвыдату! У архіве музыканта захоўваюцца і схемы казачных гравiлётаў з аэробусамi да яго!..

Ткачэнка задаецца пытаннем, як Палiвода знаходзіў час на многае і многае? І мяркуе, што, можа, асабліва ён і не затлумляўся гэтым відам мастацтва і выкарыстоўваў хобі больш утылітарна: такім чынам распрацоўваў пальцы, павышаючы тым самым тэхніку iгры на клавішных (калі гэта адбівалася на ёй...). “Малюнкі яго падабаліся, але нейкіх глабальных абмеркаванняў па іх у ансамблі не ўзнікала. Пазналі кагосьці, пасмяяліся, і ўсё. Успрымаліся яны менавіта ў кантэксце газет”.

Пагаджаецца з ім і Валерый
Дайнэка, які працаваў у “Песнярах” з 1977-га па 1992-гі: “Гэта быў адзін з талентаў Ігара, але ставіўся ён да яго, наколькі я памятаю, досыць крытычна. І казаў пра яго так, што, маўляў, я такі ж мастак, як і паэт. Хоць парадыйныя вершы ў яго, дарэчы, былі вельмі нядрэнныя”.

Музыказнаўца, музычны рэдактар і рэжысёр Вольга Брылон адзначае, што як мастак-карыкатурыст, мастак-шаржыст Ігар Ігаравіч валодаў вельмі яркім стылем, лёгка пазнавальным почыркам. Яго зоркае вока прыкмячала нейкія тонкія нюансы, якія характарызавалі яго партнёраў па ансамблі і як музыкантаў, і як звычайных людзей, у выніку чаго і нараджаліся жарты-замалёўкі. “Яны ніколькі не крыўдзілі канкрэтнага чалавека, чарвяточыны ён не вышукваў, работы яго былі вельмі добрымі, цёплымі. І, вядома, смешнымі!”

Далучаюцца да меркавання Брылон і сёстры Ігара, Кацярына ды Вольга, пацвярджаючы, што малюнкі ў Ігара былі толькі ў жартаўлівым стылі, але яркімі, выразнымі, дакладнымі прапарцыйна ды прасторава. Яны часцей за ўсё з’яўляліся экспромтам, ён вельмі лёгка іх рабіў, без выпраўленняў і якіх-небудзь накідаў, нібы гуляючыся. А карыкатуры маляваў яшчэ са школы, адразу ручкай, беспамылкова, вельмі падобна.

/i/content/pi/cult/644/14312/25 kultura 13 copy.jpg

Вольга Чарняк (Палiвода): “Ён паказваў мне разнастайныя варыянты-кампазіцыі, у асноўным на тэму кнігі, якую пісаў ды ілюстраваў са школьных гадоў і практычна ўсё жыццё. Раман пад назвай “Радасць” узрушыў! Я памятаю, як мы сядзелі ў кухні з вялікімі кубкамі гарбаты, сядзелі дапазна (бацькі ўжо спалі), Ігар чытаў мне ўрыўкі з яго і мы смяяліся да слёз! Гэта было выдатна, дасціпна, жыва!” Вольга аднойчы прапанавала брату паказаць кнігу каму-небудзь яшчэ, але той адказаў, што ён так адпачывае, што гэта зразумела і цікава толькі яму ды ёй, словам, не сур’ёзна. “Вось так Ігар ставіўся да ўсяго, што ствараў, — сціпла. Але і сёння думаю, што нічога больш таленавітага, яркага і выразнага не бачыла. Перыядычна брала ў яго гэтыя надрукаваныя на машынцы, сваімі рукамі пераплеценыя кнігі (некалькі тамоў з ілюстрацыямі) і перачытвала, атрымлівала асалоду. Сапраўды — радасць!..”

...Сын Ігара Палiводы, Уладзімір, калісьці таксама выдатна маляваў, пісаў абразы... Яго бацька, выдатны кампазітар, мастак, што хаваў сур’ёзнае ў несур’ёзным, памёр напрыканцы лютага 1996 года, яму было 45 гадоў...

Меркаванне мастацтвазнаўцы
Пётры Васілеўскага

— Бывае, чалавек, што рэалізуе сябе ў адным відзе мастацтва, спрабуе нешта зрабіць і ў іншым. Перад намі такі выпадак. Талент Паліводы бачны і ў гэтых малюнках: ён мог бы паспяхова ілюстраваць кнігі пэўнага характару, быць карыкатурыстам. Адчуваецца, што ён схільны да нейкіх канонаў, выкарыстоўваючы адны і тыя ж метады пераносу на паперу свайго бачання чалавека, малюючы пры гэтым розных людзей: героі яго шаржаў вельмі падобныя адзін да аднаго, часцяком можна толькі здагадвацца, хто насамрэч намаляваны. Што ж да дзівосных лятальных апаратаў, напэўна, у кожнага мужчыны ёсць цікавасць да тэхнікі, а музычныя інструменты — тэхнічна дастаткова складаныя аб’екты. Фантазіі ў гэтых эскізах не так шмат. Тым не менш, і яны цікавыя.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"