“Балетнае лета” і “восень-зіма” з Казахстана

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Нарэшце зрушылася: цяперашні IV Міжнародны фестываль “Балетнае лета ў Вялікім” атрымаўся ледзь не цалкам скіраваны ў будучыню.

/i/content/pi/cult/644/14302/e7KdRHxSBPg.jpg

Сцэна з мініяцюры "Наш Эдэм".

Амаль усе фестывальныя спектаклі аказаліся сучаснымі — ХХ і ХХІ стагоддзяў. Выключэнне склалі хіба два паказы запар “Лебядзінага возера” з рознымі складамі нашых і запрошаных салістаў, што, дарэчы, нагадвала своеасаблівы харэаграфічны конкурс — таксама прыкмета сучаснасці. Дый у заключным гала-канцэрце, як ніколі за ўсе форумы, пераважалі сучасныя нумары, а не класічныя варыяцыі і па-дэ-дэ.

Статыстыка больш чым уражвае: на 2 класічныя балеты — 8 сучасных, на 3 нумары ХІХ стагоддзя — 23, пастаўленыя ў ХХ і ХХІ стагоддзях. Так, агульны тон задалі гастролі тэатра “Астана Балет”, дзе ўвесь рэпертуар складаўся выключна з новых найменняў. Але шмат сучасных кампазіцый апынулася і ў гала-канцэрце. І што асабліва ўзрадавала — сярод іх было багата беларускіх.

Праўда, пасля аналізу стылёвага складніка пераможны вокліч давядзецца сцішыць. Большасць нядаўна пастаўленага — гэта спалучэнне неакласікі (з невялічкімі ўкрапваннямі характарнага танца, народнага, побытавага, раннерамантычнай балетнай пантамімы, contemporary dance і іншых) з самай што ні ёсць “класічнай класікай”, без усялякіх дадаткаў. Да такога вяртання харэаграфічнай “класікі” трэба ставіцца па-філасофску. Па-першае, яна нікуды не сыходзіла. Па-другое, даўно ўжо даказаная яе цудоўная магчымасць не толькі спалучацца з самай разнастайнай стылёвай палітрай, але і даваць жыццё ўсё новым адгалінаванням, закранаючы не толькі спорт (асабліва мастацкую гімнастыку, фігурнае катанне), але і, апошнім часам усё часцей, драматычны тэатр.

У мастацтве любая стылістыка — усяго толькі слоўнік. Каб на яго аснове скласці тэкст, ды яшчэ мастацкі, адно “апорных” слоў замала. Патрабуецца не проста аўтар, які звяжа іх у лагічны ланцужок, а менавіта асоба. Бо іначай чытаць усё гэта марудна, нецікава — хаця, здавалася б, там усё слушна, без памылак.

/i/content/pi/cult/644/14302/Diversity 1.jpg

Сцэна са спектакля “Разнастайнасць танца”.

Спектаклі, пастаўленыя мастацкім кіраўніком “Астана Балета” Рыкарда Амарантэ (Бразілія), уражвалі гарманічна складзенымі балетнымі постацямі, выверанасцю рухаў, чараўніцтвам зменлівых геаметрычных ліній, наўмыснымі парушэннямі сінхронаў. Над усім панавала прыгажосць — глядзі ды захапляйся. І ні пра што не думай! Можа, камусьці такога зачаравання і хапала, ды ўсё ж вельмі хацелася яшчэ і чагосьці “ў дадатак”: калі гэта каханне — тонкасці ўзаемаадносін, калі філасофія — гульняў розуму. І ў абодвух выпадках — багацця мастацкіх асацыяцый. Выхаванец брытанскай харэаграфічнай школы, Амарантэ працягвае традыцыі бессюжэтных балетаў Джорджа Баланчына і псіхалагічных драм Кенэта Макмілана. Але ў параўнанні з першым яму не хапае ўласнай мовы, з другім — псіхалагічнай дакладнасці. А абодвума разам — той сімфанічнасці мыслення, якая дазваляе не толькі “прэзентаваць” асобныя нумары, але і звязваць іх разам, развіваючы заяўленую пластыку. Менавіта таму буйная форма рассыпалася ў яго на асобныя мініяцюры, у лепшым выпадку складзеныя ў цыклы. У выніку балет “Каханне. Страта. Страх”, прысвечаны жыццю Эдзіт Піяф, уяўляў сабой нізку з трох дуэтаў. “Разнастайнасць танца”, заяўленая як эвалюцыя харэаграфічнага мастацтва, сталася канцэртнай праграмай у адзіным “класіка-неакласічным” стылі. “Павольны агонь” — яшчэ адным канцэртам неакласікі, але з элементамі танга, боса-новы ды іншых лацінаамерыканскіх намёкаў. “Гая”, як называюць багіню Зямлі (у старажытнагрэчаскай міфалогіі гэта Гея), ператварылася ў шэраг кардэбалетных сцэн з там-сям вылучанымі салістамі. Азначаныя ў лібрэта пяць элементаў — вада, зямля, агонь, паветра, лес — паўставалі хіба на відэапраекцыях, а не ў пластыцы.

Адметнасцю гасцей сталі папраўдзе шыкоўныя, зробленыя з густам ды фантазіяй відэа на задніку, што замянялі сцэнаграфію. Тут былі не толькі прыгожа знятыя краявіды ці іншыя малюнкі, але і, да прыкладу, фантазіі на тэму супрэматызму Казіміра Малевіча (відэаафармленне Вадзіма Дуленкі) — у аднаактовым балеце “Кармэн” на музыку Радзівона Шчадрына — Жоржа Бізэ. Згаданы спектакль ставіўся яшчэ тады, калі трупа была выключна дзявочай. Малады казахскі балетмайстар Мукарам Авахры знайшла выйсце, замяніўшы мужчын манекенамі. Бо іначай — што ж рабіць галоўнай гераіні? Тым больш яе вобраз быў падзелены паміж пяццю салісткамі: маўляў, Кармэн у блакітным (насамрэч колер быў даволі насычаным сінім) — халодная і разважлівая, у ружовым — какетлівая, у чырвоным — палкая, у жоўтым — закаханая, у чорным — трагічная. Паводле дызайнерскіх прадбачанняў Малевіча, колераў (як заўжды ў гэтага мастака, без усялякіх паўтонаў-пераходаў) нават занадта. Паводле ж самога сюжэта — ці не надта просталінейна? Дый адрозніваліся розныя іпастасі гераіні пераважна колерам сукенак, а не ўласна харэаграфіяй. Філасофія таксама аказалася на ўзроўні фарбаў: усе каляровыя строі адцяняліся чорнымі пробліскамі ніжніх спадніц, чорная ж сукенка хутка здымалася, каб пакінуць гераіню ў белым, быццам агаліўшы яе душу.

Але… у прысутнасці манекенаў тая “разнастайнасць” Кармэн страчвала ўсялякі сэнс, пераводзячы аповед у матрыярхальна-фемінісцкае рэчышча. Куды перспектыўней, падаецца, было б вынесці на першы план супрацьстаянне Кармэн і Мікаэлы, якая ў цяперашнім спектаклі, безумоўна, перамагала, бо пры ўсім выглядзе “шэрай мышкі” мела больш адметную пластыку.

Нумары згаданай пастаноўшчыцы Мукарам Авахры (“Азарэнне”, “Скіфскія фрэскі”) вылучаліся і ў праграме “Спадчына Вялікага стэпу”, складзенай з мініяцюр і балетных фрагментаў, як было пазначана ў праграмцы, “з яскрава выяўленым нацыянальным каларытам”. Адной з асаблівасцяў народнага казахскага жаночага танца, як нам падкрэслілі ў некалькіх неафальклорных нумарах, з’яўляецца неверагодная пластыка рук. Раптам падумалася, чаму ж балетмайстры так мала выкарыстоўваюць гэтую рысу ў сваёй неакласіцы? Тым больш выразнасць рук так уласцівая знакамітай пецярбургскай школе, на якую, здавалася б, і арыентуецца “Астана Балет”. Ці, можа, нам проста не паказалі такія пастаноўкі? А між тым менавіта яны маглі б надаць трупе імгненную пазнавальнасць.

Пакуль жа самым стыльным з прывезенага і самым цікавым ва ўсіх адносінах аказаўся аднаактовы балет “Туманы часу”. Запрошаны кітайскі харэограф Ісян Чжан не проста спалучыў розныя элементы вядомых тэхнік, пачынаючы з contemporary, а з’яднаў іх у непадзельны кангламерат. Той жа тэатр ценяў, што ўвайшоў у гісторыю тэатральнага мастацтва як адзін са знакамітых сцэнічных здабыткаў Кітая, мы бачым быццам адначасова з абодвух бакоў напаўпразрыстага экрана, што аддзяляе артыстаў ад гледачоў. А філасофскі пасыл спектакля можа быць прачытаны не толькі па-кітайску, дзе жаночая стыхія, адпаведна лібрэта, “звязана з дзвюма порамі года — восенню і зімой”, але і зусім па-еўрапейску — як лёс і прызначэнне жанчыны. Нараджаючыся з прыроды (тут і гнуткасць галін, і крылы птушак, і загадкавасць касмічнага пылу), у пэўны момант жыцця яна трапляе ў палон “завядзёнкі” — на нейкім спрадвечна-“абрадавым” узроўні. І пры ўсіх віхурах падзей і шматлікасці атачэння застаецца смяротна адзінокай, зноў сыходзячы ў таямнічы космас ночы, быццам распускаючыся ў ім. Спрабуючы знайсці паралелі, узгадала мініяцюры іншых кітайскіх балетмайстраў, заўсёды цікавыя сваёй “філасофскай пластыкай” і “пластычнай філасофіяй”, што даводзілася неаднаразова бачыць на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. І зразумела: тыя мініяцюры былі куды больш насычаныя пластычнымі знаходкамі. Мо таму, што вылучаліся на конкурс?.. А “эксперыментальнае” выкарыстанне люстэрка пад вуглом (гл. фота) наш Дзмітрый Куракулаў з Гродна рабіў куды выныходлівей.

/i/content/pi/cult/644/14302/Tumany_004.jpg

Сцэна са спектакля “Туманы часу”.

На такім фоне заключны гала-канцэрт быў больш чым разнастайным. У класіцы нашы салісткі спраўна круцілі падвойныя фуэтэ, іх партнёры дэманстравалі добрую палётнасць і мышачную моц. “Інтэрмеца” з харэаграфіяй Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова глядзелася першай “выпадковай” сустрэчай Майстра і Маргарыты: тое ж асляпленне каханнем, тая ж прыроджаная музычнасць мыслення з усёй палітрай псіхалагічных адценняў.

Мініяцюры Вольгі Костэль (яна ж выступала і рэжысёрам той вечарыны, “праслаіўшы” яе вершамі) вылучаліся зразумела расказанай у кожнай з іх “гісторыяй”, часта з непрадказальным фіналам, цікавымі тэмамі, яркім эмацыйным пасылам, схільнасцю, што даўно ўласціва еўрапейскаму камернаму тэатру, рабіць удзельнікамі сцэнічнай дзеі таксама музыкантаў-інструменталістаў. У “Малагеньі”, да прыкладу, спаборніцтва двух гарачых “іспанцаў” за дзяўчыну завяршаецца адначасовым пераключэннем увагі абодвух на новую прыгажуню. “Леда і лебедзь” запомнілася не толькі цікавай падтрымкай, але і непрыстойна “мульцяшнымі” чырвонымі пальчаткамі партнёра, знятымі ў фінале: Зеўс, прыняўшы аблічча лебедзя, каб авалодаць Ледай, пазбаўляецца “маскі”. “Наш Эдэм” — адмысловымі чырвонымі спадніцамі, з’яднанымі ў непадзельнае цэлае, як і героі, нягледзячы на іх разыходжанні. “Сумленне” — разнастайнасцю “нападкаў” надта “прыліпучай” партнёркі, якой немагчыма пазбавіцца. Здзівіла і Адажыа з “Кармэн” — праўда, не харэаграфіяй, а найперш непаважліва агрэсіўным стаўленнем герояў адно да аднаго.

Сярод запрошаных салістаў сустрэлася і “былая наша” — папраўдзе бязважкая, “прывідная” ў Адажыа з “Жызэлі” Таццяна Цілігузава, якая ў свой час тры гады вучылася ў мінскім каледжы ў Інэсы Душкевіч, потым патрапіла ў Акадэмію рускага балета імя Агрыпіны Ваганавай, а цяпер танцуе ў Мюнхене. А сярод прывезеных нумароў была “Мелодыя” Антаніна Дворжака ў пастаноўцы Касьяна Галяйзоўскага, які працаваў у Беларусі (яго “Бахчысарайскі фантан” і цяпер у нашым рэпертуары). Цікава, што выконвалі “Мелодыю” артысты з Казахстана (праўда, з іншага тэатра — “Астана Опера”), якія ўразілі таксама фрагментам з “Сабора Парыжскай Божай Маці” ў выдатнай харэаграфіі Ралана Пеці. На гала-канцэрце прэзентавалі дуэт з балета “Ор і Ора” ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай. Гэты спектакль першапачаткова павінен быў адкрываць фестываль, але потым яго замянілі “Лебядзіным возерам”. Таму ўпершыню “Ора і Ору” мы ўбачым 28 і 29 чэрвеня.

А ўчора трупа выехала ў Нясвіж, каб 23—25 чэрвеня ўжо ў восьмы раз зладзіць там штогадовы фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. У праграме — канцэрты “Беларускі класіцызм” у Фарным касцёле, “Каханню ўсе ўзросты скараюцца” ў тэатральнай зале палаца, “Радзівілаўскі баль” ва ўнутраным двары замка і тры спектаклі: балет “Жызэль, альбо Вілісы” і дзве нядаўнія оперныя прэм’еры — “Сельскі гонар” і камерная версія “Viva la Mamma”. Такі вось бурлівы канец сезона!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"