Аўдыя & Відэа

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Майскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявак Аляксей ГРОС (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/642/14292/24 kultura 9.jpgАЎДЫЯ

Праект “VAL”, міні-альбом “У маім пакоі”

А.: Перад намі сапраўды круты, нават эксклюзіўны прадукт, новае дыханне для Беларусі. Гэтакі індзі-поп, хаус, які вельмі прыемна слухаецца. Класная вакалістка. Артысты дасведчаныя, што разбіраюцца ў сучаснай сусветнай песеннай культуры, ведаюць яе. Аднёс бы гэты рэліз да вышэйшай лігі айчыннай папулярнай музыкі.

B.: “VAL” — гэта калабарацыя поп-спявачкі Валерыі Грыбусавай (салісткі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі) і музыканта Уладзіслава Пашкевіча. Рускамоўныя танцавальныя электронныя трэкі рознага тэмпарытму. Калі нашым клубам парэкамендуюць ганяць на сваіх танцпляцах семдзесят пяць працэнтаў айчыннага “дэнса”, то шанц у прадстаўленых на міні-альбоме дарожак нацешыць ногі наведвальнікаў такіх устаноў ёсць. А з гэтай жа ўсё яшчэ моднай на постсавецкай музычнай прасторы манерай спяваць так, быццам родная мова для выканаўцы з’яўляецца замежнай, трэба, мабыць, змірыцца. Але асабіста я ўвесь глыбокі сэнс такога вакалiравання спасцігнуць як не мог, так і не магу.

Гурт “Blacked”, альбом “Alienation”

A.: Калі выказаць маё стаўленне да дадзенай работы адным словам, то гэта будзе слова “жах”. Голас, меладычныя лініі, гармоніі, аранжыроўкі, якасць запісу, звядзенне… І “бонусам” — раздражняльная, невыносная, суіцыдальна-дэпрэсіўная музыка. З пункту гледжання хоць нейкага прафесіяналізму ацэньваць гэты альбом проста не ўяўляецца магчымым. Якога слухача ён можа зацікавіць? Не ведаю. Напэўна, толькі саміх музыкантаў.

B.: Нешта такое малазразумелае гэтым разам нам Віцебск прапанаваў. Індзі-рок, увесь з сябе такі... таямнічы-таямнічы, як маладзенькі-маладзенькі пастушок на лужку. І бычок. Бык. Вось і ўдзельнікі гурта — як усе зграбаюць на тым лужку сена, гэтак жа згрэблi ў рэліз містэрыі, зразумелыя ім і, магчыма, колу дасведчаных. Я ў яго не ўваходжу, а таму ў альбом гэты, ужо прабачце за слэнг, не “ўрэзаўся”. Жадаю вам у гэтым атрымаць поспех.

Гурт “CherryVata”, альбом “Daybreak”

A.: Адразу не спадабаўся голас спявачкі, што дысануе з самой музыкай альбома (дарэчы, не занадта гарманічнай). З такім англійскім вымаўленнем на еўрапейскі рынак падавацца бессэнсоўна. І толькі калі загучаў беларускамоўны трэк, усё ўстала на свае месцы. Ёсць цікавыя аранжыровачныя хады, нейкія іншыя ідэі, але па вялікім рахунку — не мая гэта музыка.

B.: А вось гэта, што называецца, адчуйце розніцу, гэта для “начнікоў” вельмі нават спатрэбіцца без усялякіх квот, пратэкцыянізму і іншага “лабізму”. Метамарфозы пераследуюць дадзены праект цягам усяго яго свядомага (калі каманда была ў “топе”) і несвядомага (у перыяды пераарыентацыі калектыва з аднаго стылю на некалькі іншы, змен складаў і творчага прастою) жыццё. У чарговы раз ансамбль вынырнуў на паверхню ўжо з ледзь улоўным эйсід-джазам, у “Daybreak” вядзе баль электроншчына, запраўленая фанкам і рок-структурамі. “Смачненька”, сябры, вельмі “смачненька”.

ВІДЭА

Гурт “Rahis”, кліп на песню “Паміж сонцам і хмарамі”

А.: Калі ставіцца да гэтага відэа як да “хатняга”, то прэтэнзій у мяне да яго няма. Калі ж ён прэтэндуе на тое, каб быць прылічаным да візуальнага мастацтва нейкага ўзроўню, то крытыкаваць там можна многае. Песня, між іншым, мне таксама не спадабалася. Ніякая яна, як і кліп.

B.: Ролік больш нагадвае хатняе вiдэа, у якім музыканты гурта выконваюць у хатніх умовах песню, у перапынках сесіі з густам папіваюць каву на беразе Мінскага мора і любуюцца яго вясновай лянотай. Як праспяваў бы з гэтай нагоды Алег Скрыпка з украінскага калектыву “Воплi Вiдаплясава”: “Лета, прыйдзі!” І яно такі прыйшло, з чым вас і віншую! Прыміранасцю і жаданнем самага лепшага дыхае і сама кампазіцыя — спакойная, роўная, меладычная, прыемна праспяваная і аскетычна аранжыраваная. Тое, што трэба на прыродзе і ў коле блізкіх людзей.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"